Падзеі 2021 года

Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна Падзеі 2021 года

75-гадовы юбілей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя Андрэя Макаёнка быў адзначаны 15 верасня 2021 года ў Дзень бібліятэк Рэспублікі Беларусь. Як гэта адбывалася глядзіце тут. 

Як праходзіў Год народнага адзінства глядзіце тут. 

У межах праекта «Беларуская чытанка» гучныя чытанні на роднай мове праходзяць у бібліятэках і адукацыйных установах. Кожны чацвер дашкольнікі і вучні малодшых класаў знаёмяцца з творамі беларускіх аўтараў, а таксама замежнай перакладной літаратурай.

28 студзеня ў бібліятэцы № 2 для сяброў клуба «3 Д: для дома, душы і вольнага часу» прайшла літаратурная гасцёўня «Радкі, народжаныя пачуццём» з удзелам паэтэсы, члена Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Вікторыі Смолкі. Яна распавяла аб творчых планах, аб любімых выкладчыках і чаму асаблівае месца ў яе дзейнасці займае паэтычная спадчына Максіма Багдановіча. Прадставіла два зборнікі «Зоркаму сэрцу» і «Анёл-ахоўнік», прачытала лірычныя вершы, падаравала прысутным паштоўкі са сваімі творамі.

20 лютага ў спецыяльнай бібліятэцы для інвалідаў па зроку адбылася анлайн-гульня «У садружнасці моў і народаў» сярод каманд інтэлектуалаў – «Разумнікі», у склад якой уваходзяць сябры бібліятэчнага клуба «Эрудыт», і «Суразмоўца» Цвярской абласной спецыяльнай бібліятэкі для сляпых імя М.І. Суворава. Каманды падрыхтавалі па 20 пытанняў для сваіх апанентаў. З невялікай перавагай перамогу атрымала каманда «Суразмоўца». 

З 20 лютага па 31 сакавіка ў дзіцячай бібліятэцы № 6 дзейнічала выстава работ вучняў Арт-студыі Кацярыны Забелінай «Зімовая казка». Юныя аўтары адлюстравалі краснагрудых снегіроў, снежныя гурбы і іншыя зімовыя сюжэты. Усяго экспанавалася 28 карцін. 

8 красавіка ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка адбылася прэзентацыя кнігі Марыны Шапялевіч і Беніаміна Ерузаліма «Я сэрцам сонца п’ю нектар. Лейб Найдус». Выданне прысвечана творчасці яўрэйскага паэта, перакладчыка, крытыка, які жыў у Гродне. Вершы Найдуса, напісаныя, у асноўным, на ідыш – бібліяграфічная рэдкасць, даступныя чытачу ў перакладах. Некаторыя з іх увайшлі ў новае выданне. Аснову кнігі склалі ўспаміны пляменніцы паэта Алены Найдус. Кніга на трох мовах – беларускай, рускай, польскай – выйшла ў свет у Гродзенскім выдавецтве «ЮрСаПрынт». Аўтары-складальнікі Марына Шапялевіч і Беніямін Ерузалім пазнаёмілі прысутных з біяграфіяй і творчасцю Лейба Найдуса, распавялі пра гісторыю стварэння кнігі. Успамінамі пра Алену Найдус падзялілася дачка пісьменніка Аляксея Нічыпаравіча Карпюка Валянціна Карпюк. Пераклады вершаў Найдуса чыталі паэт, празаік, літаратуразнаўца Ала Петрушкевіч, паэт і перакладчык Анатоль Брусевіч, гісторык і культуролаг Андрэй Ціхаміраў. Вершы і песні на словы Лейба Найдуса ў перакладзе Паўла Салаўёва і Ісраэла Някрасава выконвалі барды Таццяна і Павел Салаўёвы. Пра творчасць паэта таксама распавялі кіраўнік яўрэйскай ініцыятывы «Шомер-Інтэрнэшнл» Яўген Калодзін і галоўны рэдактар выдавецтва «ЮрСаПрынт» Аляксандр Рыжы.

13 красавіка ў аддзеле абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка адбылася сустрэча з пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой (г. Мінск). Аўтарка пазнаёміла вучняў 5  «А» класа сярэдняй школы № 6 і 4 «Б» класа сярэдняй школы № 12 са сваімі кнігамі. Самым нечаканым сюрпрызам для дзяцей стала знаёмства з іншапланецянінам Вухуцікам, героем кніг «Вухуцік. Васільвася» і «Палёт на Вухуцію». Ён пасябраваў з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, прысвяціў ім вершы, навучыў касмічнаму прывітанню. Яшчэ казачніца прадставіла дзецям новую кнігу-перакрутку «Жахліўчык пра трох сяброў і прывід з хутара», у якой чытачы даведаюцца дзве страшныя гісторыі. Адна з іх адбылася з кампаніяй дзяўчынак, а другая – з групай хлапчукоў. Напрыканцы сустрэчы школьнікі набылі кнігі пісьменніцы, на якіх Кацярына Станіславаўна пакінула добрыя пажаданні з аўтографам.

6 мая гарадскія бібліятэкі бралі ўдзел у міжнароднай акцыі «Чытаем дзецям пра вайну». Ва ўстановах кожную гадзіну з 11.00 да 14.00 гучалі творы пра Вялікую Айчынную вайну для чытачоў ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў. Дзеці і падлеткі праслухалі апавяданні «Яны бралі Берлін» А. Міцяева, «Маленькі салдат» А. Платонава, «Трэці адз’ютант» К. Сіманава, «Дзеці блакады» М. Сухачова, «Бронзай падняўся ў неба» С. Аляксеева і іншУ кожнай бібліятэцы хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў.

9 мая каля Кургана Славы, у месцы агульнагарадскога святкавання Дня Перамогі бібліятэкары арганізавалі кніжна-ілюстрацыйную выставу «У сэрцах і кнігах – памяць пра вайну». Жыхары і госці горада змаглі пазнаёміцца з мастацкай, дакументальнай, мемуарнай літаратурай пра гераізм людзей у час Вялікай Айчыннай вайны і матэрыяламі выставачнага праекта «Вызваліцелі Гродзеншчыны». Побач дзейнічала тэматычная фотазона.

14 мая супрацоўнікі бібліятэкі № 3 бралі ўдзел у рэспубліканскім семінары-фестывалі «Сучасная бібліятэка ў адукацыйнай прасторы ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі: камунікатыўныя рэсурсы, тэхналогіі, праекты». Бібліятэкары прадставілі выставу кніг і лялек з музейнага пакоя «Лялечны дом» «Ажыўшыя героі любімых кніг». Загадчык бібліятэкі № 3 Сотнікава І.В. пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з экспазіцыяй, распавяла пра дзейнасць  бібліятэчнага клуба «Гродзенская лялька», пра формы работы з дзецьмі па прыцягненні да чытання праз творчасць.

25 мая адбылася акцыя «Тралейбус-чытальня» – па вуліцах Гродна праехаў тралейбус, пасажыры якога пазнаёміліся з гісторыяй роднага горада. У гістарычнае падарожжа запрасілі вучняў пачатковых класаў гродзенскіх школ, зрабіўшы гадзінную праграму даступнай і насычанай. Бібліятэкары распавялі аб родным горадзе, яго славутасцях, правялі віктарыну «Гісторыя Гродна – твая гісторыя». Акрамя пазнавальнай праграмы ў тралейбусе, экскурсію правялі і ў цэнтры горада: пабывалі на плошчы Савецкай і вуліцы Замкавай, каля пажарнай каланчы і памятнага знака на месцы Фары Вітаўта. 

4 чэрвеня ў чацвёрты раз у Гродне прайшла бібліяноч. Сёлета гасцей сустракала гарадская бібліятэка № 10. Галоўным героем імпрэзы стаў раман «Вялікі Гэтсбі», у якім адзін з самых вядомых празаікаў ЗША XX стагоддзя Ф.С. Фіцджэральд абвясціў свету аб пачатку «стагоддзя джаза». У бібліятэку ў гэты вечар прыйшлі сем’ямі, для дзяцей былі арганізаваны асобныя актыўнасці. Распачынаючы вечарыну вядучыя распавялі аб рамане і яго экранізацыях. Гасцей чакалі выступы саксафаніста К. Рыбалкі, клавішніцы Г. Задарожнай, вакалісткі В. Дзівеевай, прэзентацыя выставы літаратуры «Водгукі стагоддзя джаза». Калекцыю адзення «Подых мінулага» дызайнера А. Вітко прадставілі супрацоўнікі гарадскіх бібліятэк. У межах праекта «Жывая кніга» адбыліся гучныя чытанні твора С. Холе «Неба Ганны» і квэст «Таямніцы кніг». Наведвальнікам бібліяночы быў прапанаваны кінасеанс чорна-белага фільма з Ч. Чапліным «Агні вялікага горада». Падчас забаўляльнай праграммы «Нямое кіно» гулялі ў «Мафію» і «Фанты». Для жанчын былі арганізаваны майстар-класы па стварэнні вобраза ў стылі 1920-х, яны вучыліся рабіць вуалеткі, прычоскі і макіяж. На працягу вечара працавалі тэматычныя фотазоны. Скончыўся вечар дыскатэкай у стылі 20–30-х гг. XX ст.

 3 ліпеня  ў парку імя Ж.Э. Жылібера супрацоўнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна арганізавалі выставу «Міфалогія беларусаў у кнігах і ляльках». Бібліятэкары прапанавалі гараджанам паваражыць на літаратурных цытатах, паўдзельнічаць у майстар-класе і стварыць ляльку-талісман. Паэтэса Таццяна Сучкова дарыла гасцям горада свае кнігі з аўтографам. Самым маленькім гродзенцам прапанавалі размаляваць герояў літаратурных твораў.

3 ліпеня загадчык бібліятэкі № 5 правяла аглядную экскурсію на электробусе «Гродна – самы лепшы горад на зямлі», удзельнікі якой пабывалі ў Старым і Новым замках, на былым рынку (сучаснай плошчы Савецкай).

19 жніўня ў бібліятэцы № 10 адбыўся бардаўскі канцэрт «Подых лета». Удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання «Клуб арганізаваных бардаў», які дзейнічае пры дзяржаўнай установе «Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры», напоўнілі чытальную залу бібліятэкі атмасферай душэўнасці і цеплыні. Барды Таццяна і Павел Салаўёвы, Вольга і Ігар Падчыненкавы, Таццяна Шубзда, Аксана Кейко, Нэлі Пятрухіна, Ігар Мішэнеў і Ігар Адасік падарылі ўсім прысутным шум прыбоя, смак вінаграднай лазы і водар яблыкаў.

24-25 жніўня ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка дзейнічала выстава гладыёлусаў «Рознакаляровы карнавал». Сваю ўнікальную калекцыю прадставіла Ала Квяткоўская, член клуба аматараў раслін «Флора». Пасля двухгадовага перапынку ў прыхільнікаў кветак з’явілася магчымасць убачыць больш за 100 гатункаў гладыёлусаў з групы махрыстых, мініяцюрных і гафрыраваных. 

25 жніўня гарадскія бібліятэкі бралі ўдзел у міжнароднай акцыі «Кніжка на далоньцы». Акцыя, закліканая пазнаёміць маленькіх чытачоў са светам сучаснай дзіцячай літаратуры, дапамагчы педагогам, выхавальнікам і бацькам зарыентавацца ў свеце добрых дзіцячых кніг, была ініцыявана ў 2012 годзе Цэнтралізаванай сістэмай дзіцячых бібліятэк гарадской акругі г. Самары (РФ). На працягу дня да акцыі далучыліся маленькія гродзенцы. Для іх бібліятэкары падрыхтавалі гучныя чытанні кніг, з якімі і наведалі дашкольныя ўстановы.

11 і 12 верасня калектыў аддзела абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка прадставіў сваю прафесію на сямейным фестывалі «Адзінарогфэст». У ТРК TRINITI дзяцей чакалі інтэрактывы ад прадстаўнікоў 70 прафесій. Бібліятэчная пляцоўка была ярка аформлена і прыцягвала ўвагу наведвальнікаў гандлёвага цэнтра. Спрыяла гэтаму і выстава «Прафесію падкажа кніга». Супрацоўнікі бібліятэкі вучылі дзяцей азам сваёй працы – ад рэгістрацыі карыстальніка да расстаноўкі кніжнага фонду па галінах ведаў. Дашкольнікам прапанавалі зрабіць сваімі рукамі кніжную закладку, размаляваць ці намаляваць свайго любімага літаратурнага героя. Героі кніг С. Нурдквіста карова Мама Му і крумкач Кракс дапамагалі лепш зразумець, чым займаецца бібліятэкар на сваім працоўным месцы. За два дні ў рэжыме нон-стоп бібліятэкары пазнаёмілі са сваёй прафесіяй 150 юных «калег», зрабілі сумеснымі намаганнямі столькі ж закладак, адрамантавалі некалькі дзясяткаў кніг і часопісаў. Фестываль дапамог набыць новы вопыт у правядзенні майстар-класаў і заявіць аб сабе напярэдадні прафесійнага свята – Дня бібліятэк Рэспублікі Беларусь.

14 верасня, напярэдадні Дня горада, па вуліцах Гродна праехаў тралейбус-чытальня, пасажырамі якога сталі выхаванцы дзіцячага сада № 25. Дашкольнікі адправіліся ў краязнаўчае падарожжа, арганізаванае бібліятэкай № 7 па маршруце: Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне – Дом Мураўёвых – кінатэатр «Космас» – медыцынскі ўніверсітэт – Фарты – абутковая фабрыка «Нёман» – вул. Гарнавых – Савецкая плошча – Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне. Дзяцей пазнаёмілі з гісторыяй Гродна і яго славутасцямі – Фарным касцёлам, Старым і Новым замкамі, Каложскай царквой.

13 аўтобусаў і 4 універсальныя машыны для ўборкі горада 16 верасня папоўнілі парк камунальных прадпрыемстваў Гродна. Пасля ўрачыстасці перадачы транспарту аўтобусы адправіліся па маршрутах. На адным з іх загадчык бібліятэкі №5 Ганна Шарэнда правяла экскурсію па горадзе для навучэнцаў 10 «А» класа гімназіі №10. Экскурсанты пазнаёміліся з галоўнай харальнай сінагогай горада, Старым і Новым замкамі, былым рынкам (сучасная плошча Савецкая).

7 кастрычніка карыстальнікі спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку здзейснілі экскурсію па горадзе, якую правяла для іх загадчык бібліятэкі № 5 Ганна Шарэнда. Інклюзіўная экскурсія па Замкавай вуліцы пачалася ад памятнага знака на месцы ўзарванай Фары Вітаўта. Аповед экскурсавода дапамог уявіць веліч і трагедыю культавага будынка, які пабыў і каталіцкім, і праваслаўным храмам.  Маршрут прадоўжыўся на Замкавай вуліцы ля мемарыяльнай дошкі на месцы ўваходу ў гродзенскае гета. ля жылога дома Ганна раздала спецыі і папрасіла па паху здагадацца, што магло быць за дзвярыма гэтага дома. Наступны пункт прагулкі – дворык музея гісторыі рэлігіі, дзе ў шэраг стаяць каменныя скульптуры розных эпох. Завяршэнне экскурсіі адюылося паміж Новым і Старым замкам каля драўлянай скульптуры князя Вітаўта.

З 15 па 21 лістапада бібліятэкары бралі ўдзел у міжнародным праекце «Тыдзень літаратуры краін Паўночнай Еўропы-2021». Супрацоўнікі філіяла № 2 пазнаёмілі гродзенцаў з аўтарамі і кнігамі ў  відэароліку «Філолагі рэкамендуюць: скандынаўская літаратура канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў» і пачыталі ўрывак з рамана С. Салмінен «Катрына». Бібліятэкары філіяла № 8 распавялі пра пісьменнікаў скандынаўскіх краін, пра творы і літаратурных герояў А. Ліндгрэн. У філіяле № 10 чыталі ўрывак з філасофскай кнігі Т. Янсан «У канцы лістапада». Падчас інтэрактыўнага чытання дзеці агучвалі дождж на музычных інструментах, спявалі песню пра дом, танцавалі, стварылі папяровага Мумі-троля. У аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка прачыталі ўрывак з кнігі фінскай журналісткі і пісьменніцы К. Эрландсан «Лавец жэмчугу». Сустрэча працягнулася варажбой на кветках фіялкі, якія згадваюцца ў творы. Удзел у праекце дазволіў чытачам бліжэй пазнаёміцца са скандынаўскімі аўтарамі і стылем нардычнай літаратуры.

З 1 па 7 снежня бібліятэкары ўдзельнічалі ва Усерасійскім фестывалі «Эстафета дабрыні-2021», прымеркаваным да Міжнароднага дня інвалідаў. У аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка сярод вучняў дапаможнай школы № 1 правялі конкурс талентаў «Пазнаёмцеся, гэта Я!». Пластылінавая лепка, спартыўныя дасягненні, алмазная вышыўка, складанне вершаў – нямногае з таго, чым парадавалі хлопчыкі і дзяўчынкі. Цырымонія ўзнагароджання даставіла невымоўныя эмоцыі ўсім прысутным. Супрацоўнікі бібліятэкі № 5 для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў дзяржаўнай установы «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Гродна» арганізавалі інтэрактыўную экскурсію «У госці да францысканцаў». З помнікам ранняга барока Касцёлам Маці Божай Анёльскай і кляштарам францысканцаў маладых людзей пазнаёміў памочнік настаяцеля храма брат Павел. У касцёле экскурсанты ўбачылі самы стары арган у Беларусі, галоўны двух’ярусны алтар, прысвечаны Маці Божай Анёльскай, алтар Святога Антонія Падуанскага, эмблему францысканцаў і малюнак святога Максіміліяна Кольбэ.

19 снежня ў аддзеле абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка адбыўся кніжны фрымаркет «Кніга за кнігу». Бібліятэкары ў чарговы раз сустрэлі аматараў кніг і калякніжных актыўнасцей. Праект «Жывая кніга» і Вольга Хробак прапанавалі дзецям інтэрактыўнае чытанне па матывах балета П.І. Чайкоўскага «Шчаўкунок» і казкі Э.Т.А. Гофмана «Шчаўкунок і мышыны кароль». Актрысы лялечнага тэатра «Кнопкі» прадставілі пастаноўку па кнізе Ю. Вісландэр і С. Нурдквіста «Мама Му, Крумкач і Каляды». Падчас майстар-класа ўдзельнікі стварылі навагоднія цацкі з папяровых шклянак. У межах фрымаркета прайшоў дабрачынны кірмаш у падтрымку падапечных сацыяльна-дабрачыннай установы «Цэнтр ПАРА».

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Дополнительная информация