Падзеі 2023 года

Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна Падзеі 2023 года

18 студзеня ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка адбыўся творчы вечар паэтэсы Наталлі Васільеўны Чаклінай-Гарбачовай. Паэтэса расказала пра свой жыццёвы і творчы шлях, прадэманстравала фота і відэа з асабістага архіва. Падчас сустрэчы гучалі вершы і песні на яе словы. Напрыканцы бібліятэкары прапанавалі агляд выставы літаратуры «І мільгаюць гарады і краіны».

 2 лютага ў аддзеле абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка арганізавалі сустрэчу з кіраўніком інфармацыйнага цэнтра японскай культуры Масако Тацумі. Яна правяла прэзентацыю кнігі Сакаэ Цубоі «Дванаццаць пар вачэй». Масако-сан расказала пра раман і яго аўтара, паказала ўрыўкі з экранізацый кнігі, падарыла некалькі асобнікаў гродзенскім бібліятэкам. Напрыканцы правяла займальны майстар-клас па арыгамі, удзельнікі стварылі ракавінку з паперы, на якой Масако-сан напісала імя кожнага японскімі іерогліфамі.

14 лютага ў гарадскіх бібліятэках адзначылі Міжнародны дзень дарэння кніг. Карыстальнікаў чакалі літаратурныя гульні і віктарыны, гучныя чытанні, майстар-класы па вырабе кніжных закладак, сустрэча з дзіцячай пісьменніцай Таццянай Сучковай. Падчас мерапрыемстваў наведвальнікі даведаліся гісторыю свята, падарылі кнігі бібліятэкам, атрымалі медалі ўдзельнікаў Дня кнігадарэння.

16 лютага ў бібліятэцы № 6 адбылася сустрэча «Радкі, пражытыя сэрцам» са старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэткай Людмілай Антонаўнай Кебіч. Аўтар чытала свае творы, прадставіла кнігі «Бэрак, Бэрак, дай цукерак!», «Дзе схавана шакаладка?», «Дамінанты лёсу». 

17 лютага ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка адбылася вечарына памяці «Стваральнік Гродзенскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў» да 105-годдзя Івана Васільевіча Пушкова. Пра яго жыццёвы і творчы шлях, мастацкія адметнасці палотнаў расказала мастацтвазнаўца, член праўлення абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, старшыня мастацка-экспертнага савета па манументальным мастацтве М.А. Загідуліна. Мастакі У. Казакоў, М. Бандарчук, У. Качан падзяляліся ўспамінамі пра выдатнага беларускага жывапісца.  Скульптар У. Церабун даслаў свае ўспаміны, якія прагучалі падчас імпрэзы. Пляменнік І.В. Пушкова расказаў аб прыватным жыцці мастака-грамадзяніна, раскрыў яго адметныя рысы характару, стасункі са сваякамі.

21 лютага ў гарадскіх бібліятэках адзначылі Дзень роднай мовы. Удзельнікі мерапрыемстваў даведаліся аб вытоках зараджэння беларускай мовы, этапах яе развіцця, пазнаёміліся з лепшымі творамі класікаў і сучасных аўтараў беларускай літаратуры, паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў і рэдактараў, успомнілі беларускія прыказкі і прымаўкі, пачыталі вершы на роднай мове.

17 сакавіка ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка адбылася вечарына памяці «Патрыярх гарадзенскага краязнаўства», прысвечаная дзейнасці вядомага літаратуразнаўцы, крытыка, культуролага, краязнаўцы, даследчыка, вучонага, педагога Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча. Ушанаваць памяць прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прыйшлі родныя, сябры, калегі, студэнты, бібліятэкары, чытачы. Дачка М.А. Загідуліна, вядомы мастацтвазнаўца, расказала пра сям’ю, у якой вырас Аляксей Міхайлавіч, пра асяроддзе, у якім фармаваўся характар будучага выбітнага навукоўцы. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт ГрДу імя Янкі Купалы А.М. Загідулін падзяліўся ўспамінамі пра дзядулю, расказаў пра яго ўплыў на выхаванне ўнукаў. Доктар філалагічных навук, прафесар М.А. Даніловіч раскрыў вобраз Аляксея Міхайлавіча як чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, нястомнага рупліўца беларускай культуры. Загадчык кафедры беларускай філалогіі Купалаўскага ўніверсітэта А.С. Садоўская разам са сваімі калегамі А.Э. Сабуць і С.М. Тарасавай расказалі пра сумесную працу з Аляксеем Пяткевічам. Старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Л.А. Кебіч гаварыла пра яго літаратуразнаўчую дзейнасць. Дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДу імя Янкі Купалы М.У. Грынько расказаў пра асветніцкую дзейнасць вучонага. Ад імя былых студэнтаў пра вучобу ў Аляксея Міхайлавіча ўспаміналі кандыдат філалагічных навук, дацэнт ГрДу імя Янкі Купалы І.М. Хлусевіч і супрацоўнік гарадской бібліятэкі № 3 Марыя Вайцяховіч.

30 сакавіка карыстальнікі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка і навучэнцы політэхнічнага каледжа адправіліся ў гістарычную вандроўку «Помнік прыроды ў Гродне: Румлёўскі лесапарк», якая была прымеркавана да 30-годдзя надання яму статуса помніка прыроды мясцовага значэння. Экскурсаводамі былі вядомыя ў горадзе педагогі: выкладчык біялогіі і геаграфіі Гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага, магістр В.С. Гуменны і дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта  імя Янкі Купалы, кандыдат гістарычных навук В.Р. Карнялюк. Разам з імі зазірнулі ў слаўнае мінулае, захапляліся сучасным, марылі аб будучым помніка садова-паркавага мастацтва. Віталь Станіславіч раскрыў багатую гістарычную спадчыну найпрыгажэйшага кутка горада, пазнаёміў з яго ўладальнікамі, акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў на старонках ваеннай гісторыі гэтых мясцінаў. Падчас віртуальнай вандроўкі Віталь Станіслававіч прэзентаваў багацейшую флору і фаўну Румлёўсакага лесапарку. Віталь Рыгоравіч Карнялюк дапоўніў вандроўку аповедам пра гісторыю помніка прыроды 60-70 гг. XXстагоддзя, калі на яго тэрыторыі размяшчаўся піянерскі лагер ваеннага ведамства «Юны сябар Савецкай Арміі».

13 красавіка ў аддзеле абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка адбылася сустрэча з пісьменніцай Ірынай Аляксандраўнай Карнаухавай. Госця пазнаёміла трэцякласнікаў сярэдняй школы № 6 са сваёй творчасцю і прадставіла дзве новыя кнігі: казку-быль «Байкальскі сонцаварот» і кнігу фэнтэзі «Дзвярны дом». Разам з галоўным героем кнігі «Байкальскі сонцаварот» Сцяпанам, дзеці здзейснілі падарожжа на возера Байкал: пазнаёміліся з Духам Байкала, Адзінарогам і драконамі, даведаліся цікавыя факты аб нерпах, байкальскіх губках, аб цудоўных пячорах і гротах. Школьнікі задавалі шмат пытанняў, за самыя цікавыя атрымлівалі ад аўтара прызы-закладкі. Напрыканцы набылі кнігі з аўтографам і зрабілі фота на памяць.

21 красавіка ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка абыўся круглы стол «Грунтоўная праца вайскоўца – пачатак краязнаўчага даследавання Гродзеншчыны» да 160-годдзя выдання даследавання «Материалы для географии и статистики, собранные офицерами Генерального штаба. [Т.5]. Гродненская губерния», падрыхтаванага падпалкоўнікам Паўлам Восіпавічам Баброўскім. Знакаміты гродзенскі краязнаўца, педагог А.П. Госцеў расказаў пра сутнасць даследавання. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры ўсеагульнай і сусветнай гісторыі А.І. Мялешка раскрыла шматгранную асобу вайскоўца, вучонага, рэфарматара, педагога П.В. Баброўскага. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Н.А. Івашчанка расказала пра жыццё гродзенцаў у II палове XIX стагоддзя. Бібліятэкары прадставілі выданні пра каштоўную працу, жыццёвы і прафесійны шлях яе складальніка.

З 2 па 5 мая гарадскія бібліятэкі ладзілі акцыю «Чытаем дзецям аб Вялікай Айчыннай вайне». Дзеці і падлеткі праслухалі апавяданні А. Васілевіч «Партызанка Кніга», А. Міцяева «Мяшок аўсянкі», А. Платонава «Маленькі салдат», І. Муравейкі «Подзвіг ката Марціна», В. Васкабойнікава «Максім Емяльянавіч Цвердахлеб», С. Георгіева «Дзядуля», Я. Брыля «Momento mori» і інш. У кожнай бібліятэцы хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў.

9 мая, у Дзень Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі супрацоўнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна на вуліцы Савецкай каля помніка Маршала Савецкага Саюза, Героя Савецкага Саюза Васіля Данілавіча Сакалоўскага арганізавалі літаратурна-мастацкую пляцоўку «Летапіс памяці». Жыхары і госці горада пазнаёміліся з матэрыяламі кніжна-ілюстрацыйнай выставы «Памяць у манументальнай скульптуры. Факты пра асобу і помнік», прысвечанай дзейнасці знакамітага военачальніка В.Д. Сакалоўскага і выставачнага праекта «Вызваліцелі Гродзеншчыны» (прэзентацыйныя слайды з інфармацыяй пра герояў, якія ваявалі за вызваленне тэрыторыі Гродзенскай вобласці падчас наступальнай аперацыі «Баграціён»). Госці пляцоўкі таксама ўбачылі выставу плакатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, наведалі «Штаб рэдакцыі газеты “За Перамогу!”», пачыталі газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Гродзенская праўда» за 1945 год, насценгазеты «Весці з поля бою» і «Франтавая газета».

23 мая выхаванцы дзіцячага сада №25 разам з супрацоўнікамі бібліятэкі №7 адправіліся ў краязнаўчае падарожжа па горадзе на тралейбусе. Пачалі экскурсію з плошчы Савецкай, пазнаёміліся з гісторыяй Кафедральнага касцёла Святога Францішка Ксаверыя і іншых будынкаў. Працягнулі падарожжа па маршруце плошча Савецкая – вул. М. Горкага – Фарты – вул. Савецкіх Пагранічнікаў –вул. Гарнавых – плошча Савецкая. Па ходзе руху дашкольнікі знаёміліся не толькі з гісторыяй горада, але з кнігамі пра Гродна і іх аўтарамі. Напарыканцы экскурсантаў узнагародзілі медалём «Знаўца роднага горада».

1 чэрвеня супрацоўнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна арганізавалі інтэрактыўную пляцоўку на VII абласным кніжным фестывалі «Гарадзенскі Літфэст», прысвечаным Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Бібліятэкары прапанавалі юным чытачам і іх бацькам азнаёміцца з выставай «Лепшыя кнігі ў старым чамадане», дзе падабралі літаратуру па сямейным выхаванні і пазнавальныя кнігі для дзяцей. Наведвальнікі выраблялі закладкі, фатаграфаваліся ў капелюшы Нязнайкі, адказвалі на пытанні віктарыны. Бібліятэчны лялечны тэатр «Кнопкі» паказаў спектакль па кнізе Э. Карла «Вельмі галодны вусень».

  17 чэрвеня гарадская бібліятэка № 3 ладзіла бібліяноч-2023 «Мастацтва ў бібліятэцы або бібліятэка ў мастацтве». Гасцей вечара чакалі: праект «БелЗамкі» і гістарычная віктарына ад Ксеніі Адасік,калекцыя музычных інструментаў Ігара Адасіка «Містэрыя гукаў», арт-перфоманс «Ажыўшыя карціны», батлеечны спектакль «Легенда пра аленя святога Губерта», выступ актрысы Аксаны Машынкавай, паэткі Вольгі Галаўні, арт-групы «Дзеўкі гарадзенскія»Гродзенскага абласнога тэатра лялек, вакалістаў студыі «Акварэль» Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры, групы «Вочы», майстар-клас «Кветка з фетру» ад Веры Генюш. Наведвальнікі пазнаёміліся з выставамі кніг «Бібліятэка ў літаратуры» і «Падарожжа ў свет мастацтва», выставай жывапісу Ягора Коткіна і Кацярыны Забелінай «Ажыўшае мастацтва», выставай лялек ручной работы«Лялькі ў горадзе, горад у ляльках».

24 чэрвеня адбыўся юбілейны Х інклюзіўны інтэлектуальны турнір «Белы кій». Ён сабраў 13 каманд з Гродна, Ваўкавыска, Шчучына і Росі. Гульцы традыцыйна надзелі на вочы павязкі, каб падтрымаць каманды «Разумнікі» і «Экспромт», якія складаюцца з людзей з інваліднасцю па зроку. Праграма турніру ўключала конкурсы: «6х6», «Медыя-азбука», «Што? Дзе? Калі?», «Тыфлакіно». У перапынку адбылася традыцыйная «Брайліяда» – сумеснае чытанне верша, выкананага шрыфтам Брайля.Каманды перакладалі тэкст і чыталі верш «Над вадой» невідушчага паэта В. Емяльянава. Уладальніка кубка вызначылі з дапамогай брэйн-рынга сярод пераможцаў чатырох гульняў турніру. У ім спапорнічалі каманды «Нон грата», «Кавуновы дымаход», «Разумнікі» і N2. У фінал выйшлі «Разумнікі» і «Нон грата». Перамогу атрымала каманда «Нон грата» з Ваўкавыска. 

3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у гарадскім парку імя Ж.Э. Жылібера супрацоўнікі ЦБС г. Гродна арганізавалі літаратурна-творчую пляцоўку «Праз кнігу –да міру і сутварэння». Гараджанам і гасцям горада прапанавалі кніжна-ілюстрацыйныю выставу «Беларусь– краіна міру і стваральнай працы». Прадстаўленая літаратура адлюстравала вынікі развіцця прадпрыемстваў, арганізацый, кампанійБеларусіі Гродзенскай вобласці, дасягненні беларускай навукі, культуры, мастацтва. Для юных чытачоў дзейнічала выстава кніг «Васілёк запрашае ў падарожжа», дзеці знаёміліся са знакамітымі турыстычнымі мясцінамі Беларусі. Адпачывальнікам бібліятэкары прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе эрудытаў «Ці ведаеш ты Беларусь?». Самыя маленькія гродзенцы з задавальненнем збіралі канструктар «Палессе» і стваралі птушак падчас майстар-класа «Голуб – птушка міру».

19 жніўня супрацоўнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна і Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры на пляцоўцы каля маладзёжнага цэнтра  «Гродна» ў межах праекта «Мерапрыемства выхаднога дня» арганізавалі музычна-паэтычную вечарыну «Подых лета». Для гараджан і гасцей горада выступалі маладыя гродзенскія паэты і творчыя калектывы Цэнтра культуры. У праграме былі выстава літаратуры «Васілёк запрашае ў падарожжа», выстава «Замкі Беларусі», фотазона «Валошкавы колер Беларусі», майстар-клас па вырабе кветкі. Адпачывальнікі адказвалі на пытанні гістарычнай віктарыны, за правільныя адказы атрымалі прызы. Настрой падтрымлівала добрае надвор’е.

30 жніўня гродзенскія дашкольнікі сталі ўдзельнікамі сумеснай акцыі беларускіх і расійскіх бібліятэкараў «Кніжка на далоньцы». Да гродзенскіх бібліятэкараў далучыліся калегі з горада-пабраціма Гродна – Дзяржынска Ніжагародскай вобласці (РФ). У бібліятэках Гродна выхаванцам дашкольных устаноў пачыталі займальныя і павучальныя творы расійскіх аўтараў: А. Усачова, А. Арловай, І. Зартайскай, С. Пятровай і А. Герман. Юныя чытачы ў бібліятэках Дзяржынска паслухалі творы беларускіх пісьменнікаў: Т. Сучковай, Н. Бучынскай, Г. Аўласенкі і Я. Жабко.

9 верасня да 895-годдзя заснавання Гродна бібліятэкары ў гарадскім парку імя Ж. Жылібера арганізавалі Бібліяфэст «Гродна – горад мары». Падчас святочных мерапрыемсваў ушанавалі сямейныя чытацкія дынастыі гродзенцаў, правялі літаратурны квэст для падлеткаў, запрасілі дзяцей і бацькоў у гульнятэку: тут можна было скласці пазлы з выявай архітэктурных помнікаў Гродна, разгадаць крыжаванку на асфальце, сканструяваць з лега свой горад, сустрэцца з дзіцячымі пісьменніцамі Ю. Сноп і Т. Сучковай. Жыхары і госці горада знаёміліся з выставамі літаратуры «Гродна-горад-казка, горад-мара» і «Лепшыя кнігі ў старых чамаданах», выставай макетаў замкаў з калекцыі І. Адасіка «Замкі Беларусі», экспазіцыяй рэпрадукцый работ Н. Орды «Архітэктура Гродна 1840–1880 гг.», фатаграфаваліся каля арт-book фотазоны «Гродна–895!». Адпачывальнікі прымалі ўдзел у майстар-класе «Валошкавы колер Беларусі» па вырабе кніжных закладак і валошак, паспрабавалі граць на цымбалах.

12 верасня супрацоўнікі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнкаў кінатэатры «Кастрычнік» да Дня народнага адзінства арганізавалі выставу літаратуры «Беларусь краіна міру і стваральнай працы». Прадстаўленыя выданні былі прысвечаны гістарычным падзеям верасня 1939 года, уз’яднанню Заходняй і Усходняй Беларусі, дасягненням беларусаў, якія праславілі краіну.

У межах Тыдня бацькоўскай любові ў гарадскіх бібліятэках адбыліся святочныя мерапрыемствы. Сярод іхлітаратурна-музычная гасцёўня «Свет мацярынства – свет любові» ў бібліятэцы № 2, гульнёвыя праграмы «Няхай заўсёды будзе мама» ў бібліятэцы № 4 і «Ты адна такая – самая родная!» у бібліятэцы № 9, пазнавальныя гадзіны «Мамін дзень» у бібліятэцы № 7, «Цяпло сэрцаў для нашых мам» і «Прафесіі нашых тат» у Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка  і інш.

25-26 кастрычніка бібліятэкары горада Гродна далучыліся да акцыі «Школьныя гісторыі» Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя А.П. Гайдара г. Дзяржынска Ніжагародскай вобласці (РФ). Акцыя была арганізавана ў межах адзіных дзён чытання і прысвечана Году педагога і настаўніка, абвешчанага ў Расійскай Федэрацыі. У гарадскіх бібліятэках дзецям і падлеткам чыталі творы расійскіх аўтараў пра школьнае жыццё.

28 лістапада ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка адбыўся круглы стол «Паміж мінулым і будучым: новыя падыходы да папулярызацыі чытання». У пасяджэнні бралі ўдзел загадчыкі і бібліятэкары ЦБС г. Гродна і ўстаноў адукацыі горада. Аб метадах і прыёмах прасоўвання чытання ў інтэрнэт-прасторы расказала загадчык аддзела маркетынгу ЦБ імя А. Макаёнка Н.Ю. Наземцава. Краязнаўчую пошукава-даследчую дзейнасць гродзенскіх бібліятэк раскрыла дырэктар ЦБС К.Р. Расіцан. Спосабамі прыцягнення да чытання праз творчасць падзялілася загадчык бібліятэкі № 3 І.В. Сотнікава. Удзельнік праграмы прафесійнага развіцця «Нашы бібліятэкі: руская мова як родная», загадчык бібліятэкі № 9 Т.М. Хоха расказала аб стратэгіях і практыках прыцягнення новых аўдыторый у ЦГПБ імя У. Маякоўскага (г. Санкт-Пецярбург). Бібліятэкар аддзела абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка У.М. Сушчэўская падзялілася вопытам работы па прыцягненні карыстальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі здароўя да бібліятэчных мерапрыемстваў. Пра супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі і творчымі саюзамі горада гаварыла бібліятэкар філіяла № 2 Г.В. Лупач. У форме відэапаведамлення прагучаў выступ намесніка дырэктара МАУК «Калініградская ЦБС» С.М. Дз’ячэнка, якая падзялілася вопытам арганізацыі кніжных фестываляў, арт-бук вечарын і форум-тэатра. Удзельнікі круглага стала пазнаёміліся з матэрыяламі выставы «Кнігі пра кнігі» пра арганізацыю кніжных актыўнасцей у анлайн- і афлайн-рэжыме.

16 снежня ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка адбыўся фрымаркет «Кніга за кнігу». Акрамя кнігаабмену гродзенцам прапанавалі інтэрактыўныя чытанні кнігі А. Арловай «Грузавік, прычэп і навагодняя ёлка», лялечны спектакль «Як савяня Філя паверыў у сябе»паводле казкі Ю. Сноп у выкананні артыстаў бібліятэчнага тэатра «Кнопкі», майстар-клас па вырабе навагодніх сувеніраў. Дзеці расказалі вершы Дзядулі Марозу і атрымалі салодкія пачастункі.У межах кніжнага фрымаркета адбыўся дабрачынны кірмаш у падтрымку падапечных сацыяльна-дабрачыннай установы «Цэнтр ПАРА».

 
 
 
 
 

Дополнительная информация