Падзеі 2022 года

Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна Падзеі 2022 года

9 лютага ў бібліятэцы № 3 адбылася сустрэча «У засені замкаў і палацаў» з гісторыкам і педагогам Ксеніяй Адасік, прымеркаваная да Года гістарычнай памяці ў Беларусі. Ксенія прапанавала электронную прэзентацыю «Замкі і людзі», з дапамогай якой паказала сувязь паміж вядомымі гістарычнымі асобамі і збудаваннямі. Вучні 8 «Б» і 8 «В» класаў сярэдняй школы № 20 даведаліся пра лёс заснавальніка першай дынастыі літоўскіх князёў караля Літвы Міндоўга, пра князя Пскоўскага Даўмонта, пра Гедыміна, Альгерда, князя Кейстута і яго жонку Біруту, пра Ягайлу і Вітаўта, Бону Сфорца і многіх іншых. Падлеткі паслухалі аповед пра замкі, у якіх усе яны жылі і кіравалі. Школьнікі пазнаёміліся з выставай літаратуры «Гістарычныя славутасці Беларусі», на якой былі прадстаўлены кнігі аб замках і палацах, фартах і крэпасцях, страчаных помніках архітэктуры нашай краіны. Выстава суправаджалася папяровымі макетамі гістарычных збудаванняў, якія стварыў гродзенскі краязнаўца Ігар Адасік.

21 лютага ў бібліятэцы № 7 адбылася сустрэча вучняў 10 «А» і 11 «А» класаў сярэдняй школы № 7 састаршынёй Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Людмілай Антонаўнай Кебіч. Пісьменніца падзялілася ўспамінамі і творчымі планамі, пачытала вершы аб Радзіме, аб родным горадзе Гродна, аб краі, дзе нарадзілася. Пазнаёміла школьнікаў са сваімі кнігамі.

1 сакавіка ў аддзеле абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка адбылася сустрэча вучняў 3 «А» і 3 «Б» класаў сярэдняй школы№ 6 з маладой пісьменніцай Аленай Запаснік. Алена Чаславаўна расказала пра сябе, пра сваё дзяцінства і шлях у літаратуру. Затым прадставіла трэцякласнікам кнігу казак «Падарунак чараўніка». Разам з пісьменніцай дзеці адправіліся ў падарожжа па старонках твораў «Хто ў лесе самы незвычайны?», «Зламаная лялька», «Фруктовая казка» і іншых. Напрыканцы Алена Чаславаўна адказала на пытанні дзяўчынак і хлопчыкаў і падарыла бібліятэцы некалькі сваіх кніг.

30 сакавіка ў бібліятэцы № 6 прайшла сустрэча «Быль і казка ў алоўках і фарбах» дзяцей з аздараўленчага лагера сярэдніх школ № 11 і № 13 з мастачкай Інай Папаратнай. Яна расказала аб сваім творчым шляху, аб тым, як стала ілюстратарам дзіцячых кніг. У прысутных была ўнікальная магчымасць убачыць некалькі работ майстра ўжывую.

28 красавіка ў бібліятэцы № 6 адбылася сустрэча з дзіцячай пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой (г. Мінск) і прадстаўнікамі Выдавецкага дома «Звязда». Кацярына Станіславаўна – аўтар упадабаных дзяцьмі кніг «Вухуцік. Васільвася», «Казкі Сіняй падушкі», «Казкі сівой даўніны», «Казкі чараўніцы Зімы», «Таямніцы незвычайнай школы» і іншых.  У 2020 годзе празаік і педагог, член Саюза пісьменнікаў Беларусі К. Хадасевіч-Лісавая атрымала прэстыжную Нацыянальную літаратурную прэмію. У Гродне пісьменніца сустрэлася з чацвёртакласнікамі сярэдняй школы № 13 у вобразе гераіні адной са сваіх кніг. Расказала пра герояў новых твораў, а каверзныя пытанні госці прымусілі дзяцей паразважаць. Захапленне ў юных чытачаў выклікалі QR-коды на вокладках кніг, адсканаваўшы якія можна паглядзець буктрэйлер па матывах твора або спампаваць стыкерпак. На памяць аб сустрэчы дзеці набылі кнігі з аўтографам пісьменніцы і сувеніры, зрабілі сумеснае фота.

5 мая гарадскія бібліятэкі бралі ўдзел у міжнароднай акцыі «Чытаем дзецям пра вайну». Ва ўстановах гучалі творы пра Вялікую Айчынную вайну для чытачоў ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. Дзеці і падлеткі праслухалі апавяданні А. Глебава «Як збан ваяваў», А. Міцяева «Трохкутны ліст», А. Якімовіча «Чарнавочка», В. Драгунскага «Кавуновы завулак», Л. Касіля «Ля класнай дошкі», Н. Галіноўскай «Зямля ў агні», С. Аляксеева «Данке шон», «Мішка», «Татка», С. Георгіева «Дзядуля», вершы І. Катлярова. У кожнай бібліятэцы хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў.

9 мая каля Кургана Славы, у месцы агульнагарадскога святкавання Дня Перамогі супрацоўнікі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка арганізавалі кніжна-ілюстрацыйную выставу «І памяць кніга ажывіць». Жыхары і госці горада змаглі пазнаёміцца з мастацкай, дакументальнай, мемуарнай літаратурай пра гераізм людзей у час Вялікай Айчыннай вайны. Побач дзейнічала тэматычная інсталяцыя.

4 чэрвеня бібліятэкары бралі ўдзел у VІ абласным кніжным фестывалі «Нас яднае Беларусь!». Увазе гараджан і гасцей горада Гродна прадставілі выставачны праект «Сёння з намі Колас і Купала: творчасць класікаў вачыма беларускіх мастакоў». Для аматараў кнігі і чытання правялі конкурс «Пазнай пісьменніка!», у якім удзельнікам давялося пазнаваць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў па партрэце. Пераможцы конкурсу атрымалі  салодкія прызы і сертыфікаты на бясплатнае наведванне музейнага пакоя «Лялечны дом» бібліятэкі № 3. Напрыканцы вакальны калектыў «Жывіца», які працуе пры бібліятэцы № 10, выканаў беларускія песні. У межах літфэсту адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу самаробнай лялькі «Вернісаж літаратурных герояў». Трэцяе месца ў намінацыі «Героі казак» атрымалі супрацоўнікі бібліятэкі № 3 І.Сотнікава і І. Вараб’ёва.

11 чэрвеня адбыўся IX інклюзіўны інтэлектуальны турнір «Белы кій», арганізаваны супрацоўнікамі ЦБС г. Гродна. 12 каманд з Гродна, Ваўкавыска, Шчучына і пасёлка Краснасельскі сабраліся ў бібліятэцы № 10, каб падтрымаць людзей з парушэннямі зроку. Турнір быў прымеркаваны да 125-годдзя навучання невідушчых у Беларусі і дня нараджэння стваральніка першага ў Беларусі вучылішча для сляпых людзей І.У. Здановіча. У спаборництве бралі ўдзел каманды «Разумнікі» і «Экспромт», якія складаюцца з невідушчых людзей, а таксама тры дзіцячыя каманды. Інтэлектуалы змагаліся ў конкурсах «6х6», «Медыя-азбука», «Што? Дзе? Калі?» і аўдыягульні «Тыфлакіно». Па-за конкурснай праграмай бібліятэкар спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку правяла «Брайліяду» – каманды атрымалі тэксты з выказваннямі А. Хайяма, выкананыя шрыфтам Брайля. Задаўшы сабе хвалюючае пытанне ўдзельнікі павінны былі «прачытаць» пальцамі тэкст, тым самым адказаўшы на сваё пытанне словамі мудраца. Па выніках чатырох гульняў Кубак турніру атрымала каманда N*T. Яна ж перамагла ў гульнях «Медыя-азбука» і «Тыфлакіно». Другое месца ў агульным заліку заняла каманда «Крэмень» з п. Краснасельскі. Трэцяе месца – каманда-дэбютант «Прэвентыўны ўдар» з Гродна. Каманда «Разумнікі» спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку перамагла ў гульні «6х6», у «Што? Дзе? Калі?» заняла трэцяе месца.

17 чэрвеня тэрыторыя каля бібліятэкі № 3 ператварылася ў кавалачак Ізраіля, надпіс ля ўваходу «Шалом, сябры!» заклікаў усіх стаць гасцямі свята музыкі, паэзіі і яўрэйскага гумару. Тут адбылася чарговая Бібліяноч. Пра вялікіх яўрэяў Беларусі расказала гісторык Ксенія Адасік і правяла віктарыну «Маю задаць парачку пытанняў». Кароткія замалёўкі і сцэнкі пра быт аднаго з самых старажытных народаў свету паказала батлейка «Яўрэйскі дворык», створаная супрацоўнікамі бібліятэкі. Наведвальнікі ўбачылі прадметы рэлігійнага культу з фонду ГА «Гродзенскі яўрэйскі абшчынны дом “Менора”», пра якія падрабязна расказала старшыня грамадскага аб’днання Алена Куцэвіч. Усе жадаючыя мелі магчымасць паспрабаваць традыцыйныя стравы яўрэйскай кухні і даведацца рэцэпты нацыянальных пачастункаў на выставе «Вось у чым цымус!». Паэт Дзмітрый Радзіончык прачытаў вершы Іосіфа Бродскага, а актрыса Аксана Машынкава – урывак з паэмы «Кадзіш» Аляксандра Галіча. Музычна-паэтычную праграму «Я сэрцам сонца п’ю нектар» на словы Лейбы Найдуса выканалі барды Таццяна і Павел Салаўёвы разам з перкусіяністам Ігарам Адасікам. На працягу вечара гучала жывая музыка ад саксафаніста Генадзя Левіна і скрыпача Мікалая Антыкона Кабальера. Яўрэйскія мелодыі выканала аркестравая група «Laudate Dominum», якой кіруе Сяргей Сонец. Яўрэйскія кампазіцыі прагучалі ў выкананні вакалісткі Вікторыі Дзівеевай. Для дзяцей былі арганізаваны майстар-класы па маляванні і лепцы з пластыка. Кругагляд гродзенцаў пашырылі выстава кніг «Яўрэі ў кантэксце літаратуры», фотаэкспазіцыя «Сінагогі Беларусі» і працы гродзенскіх лялечніц па матывах карцін Марка Шагала і Льва Бакста ў імправізаванай мастацкай галерэі.

3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у гарадскім парку імя Ж.Э. Жылібера супрацоўнікі ЦБС г. Гродна арганізавалі інтэрактыўную пляцоўку «Сям’я і кніга». Бібліятэкары прапанавалі гараджанам і гасцям горада пазнавальную, забаўляльную, мастацкую літаратуру, выданні па сямейным выхаванні і цікавыя часопісы для дарослых і дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі бралі ўдзел у тэатралізаваных чытаннях твораў «Прыгоды Чэстэра» А. Імаі і «Неба Ганны» С. Холе, а таксама ў майстар-класах па вырабе лодак і птушак. Свае кнігі з аўтографамі дарыла дзіцячая пісьменніца Таццяна Аркадзьеўна Сучкова, пераможца абласной літаратурнай прэміі імя Цёткі ў намінацыі «Дзіцячая літаратура». Самым маленькім гродзенцам прапанавалі размаляваць герояў літаратурных твораў і сабраць канструктар «Палессе».

16 ліпеня, у Дзень вызвалення Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, бібліятэкары ЦБС г. Гродна ў гарадскім парку імя Ж.Э. Жылібера арганізавалі кніжна-ілюстрацыйную выставу «Каралеўскі горад Гродна». Прадстаўленая на выставе літаратура раскрыла старонкі гісторыі горада, яго літаратурнае жыццё, турыстычны патэнцыял і сучаснасць. Асобнае месца ў экспазіцыі было адведзена рэпрадукцыям мастака Напалеона Орды.

20 жніўня супрацоўнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна і Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры ў парку імя Жылібера арганізавалі музычна-паэтычную вечарыну «Подых лета». Для гараджан і гасцей горада выступалі паэты Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і творчыя калектывы Цэнтра культуры. У праграме былі выстава кветак «Містэр Гладыёлус» ад кветкавода Алы Квяткоўскай, майстар-класы, аквагрым, выстава дзіцячых кніг у старых чамаданах, выстава літаратуры «Кветкавы настрой у кнігах», фотазона «Я ў капелюшы з кветкамі», сонечная, кветкавая і бібліятэчная віктарыны. Адпачывальнікі ў парку за правільныя адказы атрымалі прызы. Госці горада з Рэчыцы і Полацка павезлі з сабой гродзенскі сувенір за ўдзел у віктарынах. Настрой падтрымлівала добрае надвор’е.

3 верасня, у Дзень горада Гродна, у гарадскім парку імя Ж.Э. Жылібера супрацоўнікі ЦБС г. Гродна арганізавалі інтэрактыўную пляцоўку «Вуліца PRO100КАЗАЧНАЯ». Бібліятэкары прапанавалі гараджанам і гасцям горада кніжна-ілюстрацыйныю выставу «Гродна – горад-казка, горад-мара». Прадстаўленая літаратура раскрыла старонкі гісторыі горада, яго літаратурнае жыццё, турыстычны патэнцыял і сучаснасць. Для юных чытачоў дзейнічала выстава кніг «Казачны карагод», дзеці знаёміліся з аўтарскімі, беларускімі народнымі казкамі, казкамі народаў свету, міфамі Беларусі. У «Галерэі літаратурных герояў» былі прадстаўлены работы майстрых клуба «Гродзенская лялька» бібліятэкі № 3. Бібліятэкар і псіхолаг І.С. Дамброўская разам з гасцямі пляцоўкі сачыняла казкі з дапамогай чароўных кубікаў і аналізавала жыццёвыя сітуацыі з дапамогай метафарычных карт «Майстар казак». Адпачывальнікаў у парку віталі Баба Яга, Знайка і Нязнайка. Яны прапанавалі адказаць на пытанні віктарын па літаратурных творах і гісторыі Гродна. Мінакі фатаграфаваліся з казачнымі героямі. Хлопчыкам і дзяўчынкам рабілі роспіс па целе аквагрымам. Самыя маленькія гродзенцы з задавальненнем збіралі канструктар «Палессе», размалёўвалі герояў літаратурных твораў і гарталі дзіцячыя кнігі.

1 кастрычніка супрацоўнікі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка бібліятэчную прафесію прадставілі на сямейным фестывалі «Адзінарогфэст» у ТРК Triniti. Юныя чытачы адказвалі на пытанні Нязнайкі і атрымлівалі «зарплату». У імправізаванай чытальнай зале малявалі, стваралі кніжныя закладкі, гарталі кнігі і часопісы.

11 лістапада для карыстальнікаў спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку арганізавалі экскурсію ў Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Удзельнікі пазнаёміліся з выставачным праектам «Усхваляць. Дабраслаўляць. Прапаведаваць», прысвечаным манаскім аб’яднанням на беларускіх землях. Вядучы навуковы супрацоўнік музея Ігар Генадзевіч Ганчарук расказаў пра разнастайнасць манаскіх ордэнаў, пра рухаючую сілу іх невычэрпнай энергіі, прадэманстраваў экспанаты – крыж з распяццем, тканіну XVIII ст., манаскае адзенне, друкаваную кнігу 1763 года. Потым экскурсанты паспрабавалі напісаць словы малітвы гусіным пяром.

На працягу года у межах краязнаўчага экскурсійнага праекта «Гістарычныя падзеі ў мемарыяльных дошках Гродна» бібліятэкары арганізавалі 30 экскурсій па горадзе да помнікаў, помнікаў-бюстаў, мастацка-архітэктурных збудаванняў у месцах пахавання, мемарыяльных дошак, якія ўстаноўлены ў гонар герояў войн. Мерапрыемствы былі накіраваны на захаванне памяці аб вядомых земляках. У рамках краязнаўчага экскурсійнага праекта больш за 700 дзяцей падлеткаў і дарослых пазнаёміліся з аб’ектамі манументальнай скульптуры ў Гродне, даведаліся пра подзвігі людзей, пра падзеі, якія ўвекавечаны.

18 снежня ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка адбыўся фрымаркет «Кніга за кнігу». Аматарам чытання прапанавалі займальныя актыўнасці. Вольга Хробак і праект «Жывыя літары» ладзілі інтэрактыўныя чытанні кнігі К. Харт «Прынцэса і цуды ў Новы год». Артысты бібліятэчнага тэатра «Кнопкі» паказалі спектакль паводле кнігі Юі Вісландэр «Мама Му чытае». Наведвальнікі ўдзельнічалі ў майстар-класе па вырабе святочнай паштоўкі «Калядны анёл». У межах фрымаркета адбыўся дабрачынны кірмаш у падтрымку падапечных сацыяльна-дабрачыннай установы «Цэнтр ПАРА».

 

 
 

Дадатковая інфармацыя