Гісторыя ГЦБ імя А. Макаёнка

Бібліятэка ўчора і сёння – гэта фота з мінулага і з сучаснага гарадскіх бібліятэк. Запрашаем да прагляду!

 

 

Вехі гісторыі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А.Макаёнка, яе філіялаў і аддзелаў

Паводле выдання: Кніжная скарбніца ў хвалях часу: гісторыя і сучаснасць Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Я. Макаёнка / дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г.Гродна»; укладальнік.: Свірыда Н. Р.; пошук дакументаў у архіве : Ілюшына І. М. – 2-е выд., дапрац. і дапоўн. – Гродна, 2019. – 102 с.

1946–1948  У плане работы культасветаддзела Гродзенскага гарвыканкама на красавік–май 1946 года была пастаўлена задача аб прадастаўленні памяшканняў для гарадской бібліятэкі для дарослых і дзіцячай бібліятэкі, аздабленні іх інвентаром і папаўненні кнігамі. 1946 год стаў годам афіцыйнага адкрыцця бібліятэкі – на працягу другога паўгоддзя гарадскія бібліятэкі (дарослая і дзіцячая) пачалі абслугоўваць чытачоў з дапамогаю 17 перасовак. На 1 студзеня 1946 года фонд бібліятэкі налічваў 260 кніг. У канцы 1946 і на пачатку 1947 года гарадская бібліятэка для дарослага чытача абслугоўвала з дапамогаю 26 перасовак каля 1000 чытачоў. На 1 студзеня 1947 года фонд бібліятэкі ўзрос да 900 кніг.

Бібліятэкі атрымалі ў лютым 1947 года памяшканне ў драўляным аднапавярховым дамку ў прамысловай занёманскай частцы горада (вуліца Гарнавых, 21, на тэрыторыі гарбарнага завода, ён не захаваўся). Бібліятэка пачала стацыянарнае абслугоўванне чытачоў з 1 ліпеня 1947 года. У памяшканні гарадской бібіятэкі ў 1948 годзе праведзены рамонт. Няма кнігасховішча. Статыстычныя паказчыкі дзейнасці на канец 1948 года: чытачы – 825 чалавек, кніжны фонд – 5700 экз. Адзін з першых чытачоў бібліятэкі І.В.Воранаў успамінаў: “Бібліятэка размяшчалася ў маленькім драўляным доміку па вуліцы Гарнавых. Там было два пакойчыкі і калідорчык, усюды стаялі стэлажы з кнігамі. Працавалі дзве дзяўчыны да позняга вечара, так як чытачоў было вельмі шмат... Гэта былі  вучні школ №6 і №9, рабочыя гарбарнага завода і тытунёвай фабрыкі.”

1952  У справаздачным дакуменце бібліятэкі культасветаддзелу  зазначана: “Гарадская бібліятэка знаходзіцца ў непрыстасаваным памяшканні. Значна вырас кніжны фонд і колькасць чытачоў. Зараз у бібліятэцы налічваецца 14869 экземплараў кніг і 3120 чытачоў. Прыйшлося закрыць чытальную залу і размясціць там кнігасховішча...” Такім чынам, ў бібліятэцы немагчыма было праводзіць мерапрыемствы. Пяць чытацкіх канферэнцый, пяць літратурных вечарын былі праведзены на прадпрыемствах.

1954 Упершыню з мэтаю праверкі работы і аказання метадычнай дапамогі ў бібліятэку была накіраваная загадчык абанементнага аддзела Гродзенскай абласной бібліятэкі тав. Фількіна. У яе акце ад 26 чэрвеня адзначана, што бібліятэка атрымлівае анатаваныя карткі і стварае сістэматычны каталог, сістэматычную картатэку артыкулаў, выпісвае 15 назваў газет і 32 назвы часопісаў, мае 1726 чытачоў. Было створана 5 перасоўных пунктаў на аснове дагавораў з кіраўніцтвам прадпрыемстваў. Праведзены чытацкія канферэнцыі па творах Натана Рыбака, Антаніны Капцяевай, Віліса Лаціса, Веры Кетлінскай, літаратурныя вечары, прысвечаныя А.Пушкіну, М.Горкаму, А.Чэхаву, М.Астроўскаму. Але адсутнасць чытальнай залы ўплывала на арганізацыю масавай работы. Фонд быў размешчаны ў маленькіх пакойчыках. Домік па вул.Гарнавых бібліятэка дзяліла з домаўпраўленнямі №№19,20. Рашэнне Савета дэпутатаў працоўных ад 21 жніўня 1951 года аб перамяшчэнні домаўпраўленняў не было выканана да 1957 года.  

1946–1958 Дзіцячая бібліятэка і гарадская бібліятэка для дарослага чытача працавалі разам у адным памяшканні на працягу 1946–1954 гадоў. Дзіцячая бібліятэка 1 красавіка 1954 года стала Гродзенскай абласной дзіцячай бібліятэкай імя А. С. Пушкіна, а затым 11 красавіка 1988 года дзіцячым філіялам Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага. Гарадская бібліятэка для дарослага чытача стала Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкай. Запланавана было адкрыць з 4 ліпеня 1956 года і гарадскую дзіцячую бібліятэку, але гэта атрымалася пазней. Спачатку дзейнічаў бібліятэчны пункт для абслугоўвання дзяцей пры гарадской бібліятэцы. 21 кастрычніка 1957 года для гарадской дзіцячай бібліятэкі быў часова выдзелены маленькі пакойчык 10-ці квадратных метраў пры СШ №13, у 1958 годзе яна была перавезена ў новае памяшканне пабудаванага жылога дома ў занёманскай частцы горада (вул. Цітова, 13), дзе яна працавала да канца 1999 года.  

1959  23 студзеня 1959 года ажыццявіўся пераезд у новае памяшканне на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, 51/2, адрас бібліятэкі застаўся нязменным да сяго часу. Гарадская бібліятэка размясцілася на першым паверсе трохпавярховага жылога дома – чатыры пакоі, агульная плошча якіх складала 176 кв.м. З’явіліся чытальная зала, асобнае кнігасховішча. Атапленне было цэнтральнае, што вельмі ўзрадавала супрацоўнікаў, якія ў мінулым тапілі печкі. Але загадчык Фёдарава Я.Б. ужо на той час адзначала не вельмі добрыя ўмовы для камфортнага абслугоўвання чытачоў: “...няма толькі зручнасцей, якія патрабуюцца для бібліятэкі. Па-першае – няма гардэробу, у чытальнай зале даводзіцца займацца ў паліто”. З бібліятэчнага абсталявання ў 1959 годзе былі набыты 10 сталоў, 16 стэлажоў, 50 крэслаў. За 1959 год у бібліятэцы было праведзена 255 масавых мерапрыемстваў. У чытальную залу прыходзіла 158 назваў часопісаў і 26 назваў газет. 20 красавіка 1959 года гарадская бібліятэка адна з першых бібліятэк вобласці перайшла да арганізацыі вольнага доступу да кніжнага фонду на абанеменце. 

1961–1962  У 1961 годзе гарадскую бібліятэку з мэтаю праверкі арганізацыі работы зноў наведалі спецыялісты абласной бібліятэкі: загадчык абанементнага аддзела Кармушкіна і галоўны бібліёграф В.А.Алышава. У даведцы яны адзначылі станоўчую работу загадчыка абанемента Барэль Марыі Іванаўны, якая разгарнула дзейнасць па кіраўніцтву чытаннем. Па планах чытання, складзеных  ёю,  чыталі 150 чалавек. Марыя Іванаўна арганізавала вольны доступ да кніжнага фонду, аформіла 15 тэматычных паліц. Спецыялісты выказалі думку аб распаўсюджванні перадавога вопыту работы гарадской цэнтральнай бібліятэкі. 13 красавіка 1962 года Барэль М.І. стала загадчыкам бібліятэкі

Барэль М.І. – загадчык абанемента (1957–1962), загадчык Гродзенскай гарадской бібліятэкі (1962–1971).

1963–1964 З 1963 года гарадская бібліятэка пачала змагацца за званне “Бібліятэка выдатнай працы”. Праца па абслугоўванню чытачоў вялася ў напружаным рытме – без выхадных дзён, з 11 да 21 гадзіны. Разам з гарадской бібліятэкай за званне “Бібліятэка выдатнай працы” змагалася і дзіцячая бібліятэка, якая ні ў чым не хацела адставаць, мела сваё памяшканне, актыўна абслугоўвала маленькіх чытачоў і вяла масавую работу. У 1964 годзе былі адкрыты перасоўныя аддзелы на 18 прадпрыемствах горада: велазаводзе, мэблевай фабрыцы, лесагандлёвай базе, сілікатным заводзе, у друкарні і іншых. Колькасць чытачоў дасягнула 5393 чалавек. Пастановай Савета ўпраўлення культуры Гродзенскага прамысловага аблвыканкама і прэзідыума абкома прафсаюзаў работнікаў культуры ад 26 сакавіка 1964 года Гродзенская гарадская бібліятэка і Гродзенская дзіцячая бібліятэка атрымліваюць ганаровае званне “Бібліятэка выдатнай працы”.

1968 Праводзіцца актыўная работа па рэкламе бібліятэкі. Вывешваюцца аб’явы аб месцазнаходжанні і гадзінах працы бібліятэкі на прадпрыемствах, у інтэрнатах, магазінах, ашчадных касах, аддзяленнях сувязі. У памяшканнях заводаў і фабрык можна было ўбачыць плакат: “Чытач! Ці з’яўляецца твой таварыш чытачом бібліятэкі? Побач з табой не павінна быць нечытаючых!”. Актыўная папулярызацыя бібліятэкі і чытання прынесла свой плён. У 1969 годзе колькасць чытачоў складала ўжо 6207.

1971–1974 У 1971 годзе загадчыкам гарадской бібліятэкі стала Н.І.Тарасава. Бібліятэка ў справаздачах стала называцца гарадская цэнтральная бібліятэка. На гэты час ужо былі адкрыты ў горадзе бібліятэка №1 (вул. Даватара, 21, 1967 г.), бібліятэка №2 (вул. Белуша, 37, 1968 г.). У 1971 годзе адкрылася бібліятэка №3 (вул. Л. Чайкінай, 49). Працавалі для дзяцей дзіцячыя бібліятэкі №1 (вул. Пушкіна, 30, 1967 г.; пасля цэнтралізацыі бібліятэка-філіял №5), дзіцячая бібліятэка №2 (пр. Касманаўтаў, 6, 1968 г., з 1980 года – пр. Касманаўтаў, 4а; пасля цэнтралізацыі – бібліятэка-філіял №6).  У адносінах да іх бібліятэка па вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, 51/2 стала выконваць ролю цэнтральнай. Як вынік добрай працы і дасягнення высокіх паказчыкаў у абслугоўванні чытачоў гарадская бібліятэка ў 1971 годзе па выніках сацыялістычнага спаборніцтва сярод прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў атрымала пераходны вымпел “Пераможца ў сацыялістычным спаборніцтве”. У кастрычніку 1974 года на пасаду загадчыка бібліятэкі была прызначана А.А.Бушнева. Статыстычныя паказчыкі за 1974 год: чытачоў было 5905 чалавек, яны наведалі бібліятэку 40514 разоў, ім было выдана 96599 асобнікаў літаратуры. Плошчы бібліятэкі 222 кв.м не хапае для раскрыцця кніжнага фонду, арганізацыі мерапрыемстваў і працоўных месцаў.

Бушнева А.А. (1930-2008) – загадчык гарадской цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі (1971-1973), загадчык Гродзенскай гарадской бібліятэкі (1974), дырэктар ГЦБ і ГЦБС (1975-1987).

1975–1978 У 1974 годзе ў СССР і БССР пачаўся падрыхтоўчы этап да дзяржаўнай цэнтралізацыі агульнадаступных бібліятэк. У адпаведнасці з рашэннем Гродзенскага гарвыканкама №188 ад 08.10.1975 і загадам гарадскога аддзела культуры №114 ад 28.11.1975 года адбылася цэнтралізацыя сеткі масавых бібліятэк Гродна. У снежні 1975 года загадчык гарадской бібліятэкі Бушнева А.А. стала дырэктарам гарадской цэнтральнай бібліятэкі і адначасова дырэктарам цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Зводны сістэматычны каталог быў створаны да чэрвеня 1976 года. Неабходна было ствараць новыя аддзелы: бібліяграфічны, метадычны, камплектавання і апрацоўкі літаратуры, кнігасховішча. Для гэтага давялося амаль год працаваць з вялікім напружаннем усім супрацоўнікам цэнтральнай бібліятэкі. У 1976 годзе аддзел камплектавання і апрацоўкі адзінага фонду атрымаў асобнае памяшканне. У выніку зваротаў Бушневай А.А. у гарвыканкам двойчы ў 1980 затым у 1984 гадах была пашырана плошча цэнтральнай бібліятэкі за кошт жылога фонду ў гэтым жа доме. З’явіліся кабінеты дырэктара, метадыста і бібліёграфа.

1981–1983 Па ўспамінах дырэктара А.А.Бушневай, у 1981 годзе Гродзенская гарадская цэнтральная бібліятэка стала пераможцай абласнога сацыялістычнага спаборніцтва, калектыў атрымаў грашовую прэмію. Але дакументы пра гэты факт не знойдзены. У красавіку 1983 года Савет Міністраў Беларускай ССР з мэтай увекавечання памяці пастанавіў прысвоіць імя вядомага беларускага драматурга, народнага пісьменніка БССР Андрэя  Ягоравіча Макаёнка Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы.

1987–1995 У 1986 годзе былі адкрыты для жыхароў Прынёманскага мікрараёна новыя філіялы №10 і №11 на вуліцы Пестрака. Цантральная бібліятэка імя А.Макаёнка ўзначаліла 13 гарадскіх бібліятэк-філіялаў. З 1987 года дырэктарам гарадской ЦБС стала Рыбалка Галіна Іванаўна. У 1989 годзе па вуліцы Ліможа быў адкрыты бібліятэчны пункт для абслугоўвання насельніцтва мікрараёна Дзевятоўка.

Рыбалка Г. І. (нар. у 1950 годзе) – дырэктар Гродзенскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы (1987–2009), намеснік дырэктара (2010–2017), бібліятэкар (2017–2020).

 

1997-2004  У 1997 годзе згодна з увядзеннем новых тыпавых штатаў у аддзеле абслугоўвання і інфармацыі з’явіўся сектар бібліяграфіі і інфармацыі, на базе метадычнага аддзела – аддзел бібліятэчнага маркетынгу. З 1997 года быў набыты камп'ютар “Pentium-1” у аддзел бібліятэчнага маркетынгу – зроблены першы крок на шляху камп’ютарызацыі бібліятэк. За перыяд з 1998 да 2000 года было выдадзена 19 выдавецкіх прац. Сярод іх вылучаецца рэкламна-інфармацыйны бюлетэнь “Бібліягасцёўня”. У канцы 2000 года набыты спецыяльная бібліятэчная праграма "Alis-2000" для аўтаматызацыі працэсаў апрацоўкі літаратуры, стварэння электроннага каталога. Першым ў вобласці з 2001 года пачаў працаваць публічны цэнтр прававой інфармацыі пры бібліятэцы з дапамогай набытай у 2000 годзе БД нарматыўна-прававой дакументацыі “ЮрЭксперт”. З 2000 года пачаў дзейнічаць пры бібліятэцы клуб аматараў раслін “Флора”. З 2000 года цэнтральная дзіцячая бібліятэка пераехала з дома  №13 па вуліцы Цітова ў дом №12 (былы рэстарран "Ластаўка") і пачала працу ў новым адрамантаваным памяшканні. Умовы працы значна палепшыліся.

Па выніках 2001 года бібліятэка стала пераможцай абласнога конкурсу публічных бібліятэк “Бібліятэка – інфармацыйны цэнтр рэгиёну”. Гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма за выкананне планавых паказчыкаў і якасную арганізацыю абслугоўвання насельніцтва стала пераможцай абласнога конкурсу “Лепшая ўстанова культуры 2003 года”. Рашэннем Гродзенскага гарвыканкама №137 ад 9 сакавіка 2005 года “Аб выніках спаборніцтва прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый горада за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці" ў 2004 годзе гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма была вызначана пераможцай і атрымала Ганаровы пераходны сцяг Гродзенскага гарвыканкама.

2005–2009  Праведзена поўная аўтаматызацыя дзейнасці цэнтральнай бібліятэкі па арганізацыі электроннага каталога і абслугоўванні чытачоў. У 2006 годзе аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду атрымаў новае памяшканне па вуліцы Кляцкова. З 2008 года стаў працаваць духоўна-асветніцкі клуб “Дзянніца”, які аб’яднаў святароў, навукоўцаў, моладзь. У 2009 годзе ў склад цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ўвайшла спецыяльная бібліятэка для інвалідаў па зроку.

З 2010 года дырэктарам Гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А.Макаёнка прызначана Камарова Марыя Аляксандраўна.

Камарова М.А. (нар. у 1960 годзе) – загадчык дзіцячай бібліятэкі-філіяла №11 (1986–2004), намеснік дырэктара (2005–2009), дырэктар дзяржаўнай установы культуры "Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г.Гродна" (2010–2019). 

2010–2013  Гродзенская гарадская цэнтральная бібліятэка імя А.Макаёнка ўзначальвала 14 бібліятэк-філіялаў сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. З іх 6 дзіцячых (у тым ліку, цэнтральная дзіцячая бібліятэка), 6 бібліятэк-філіялаў для дарослага чытача і 2 спецыяльныя бібліятэкі-філіялы (для інвалідаў па зроку і польскай літаратуры). Штогадова праводзілася каля 80-ці масавых мерапрыемстваў. Сярод іх свята да Дня беларускага пісьменства, свята дзіцячай і юнацкай кнігі для школьнікаў горада, святочныя вечарыны “Залаты ўзрост” і “Аб матулі – з пяшчотай і любоўю” да Дня пажылога чалавека і Дня Маці, імпрэзы з нацыянальна-культурнымі таварыствамі літоўцаў, украінцаў, яўрэяў, татар, рускіх, прэзентацыі кніг, выязныя выставы. 

2014–2018 Згодна з рашэннем Гродзенскага гарвыканкама з 01.01.2014 былі аб’яднаныя бібліятэкі-філіялы №10 і №11 у адну бібліятэку-філіял №10 для абслугоўвання дзіцячага і дарослага насельніцтва мікрараёна; цэнтральная дзіцячая бібліятэка была ўключана ў склад Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі имя А.Макаёнка як аддзел абслугоўвання дзяцей. У 2017 годзе бібліятэка-філіял №10 пераехала ў новае памяшканне па вуліцы Пестрака, 36. Згодна з рашэннем Гродзенскага гарвыканкама з 1 ліпеня 2014 года была створана новая юрыдычная асоба – дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна». Были зацверджаны Статут и новая структура – з’явілася бухгалтэрыя, што станоўча паўплывала на арганізацыю работы.

2019–2020 З 1 ліпеня 2019 года дырэктарам дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г.Гродна” прызначана Расіцан Кацярына Раманаўна.

З 1 красавіка 2020 года ў структуры адбыліся значныя змены – па рашэнні мясцовай улады былі выведзены вельмі патрэбныя для юрыдычнай асобы штатныя адзінкі юрысконсульта і інжынера-энергетыка, цалкам бухгалтэрская служба разам са штатнымі адзінкамі, што вельмі адмоўна паўплывала на дзейнасць, пазбавіла ўстанову часткі правоў юрыдычнай асобы па грамадзянскаму заканадаўсту, зрабіла недарэчнасці і праблемы з прававым абгрунтаваннем многіх прэцэсаў і відаў работ, ускладніла гаспадарчыя задачы. За кошт выведзеных з бібліятэчнай установы штатных адзінак, тэхнічнага абсталявання, мэблі і фінасавых сродкаў на ўтрыманне штатных адзінак была ўтворана агульная юрыдычная асоба (цэнтр) для забеспячэння дзейнасці ўстаноў культуры горада. Такое рашэнне мясцовай улады з'яўляецца крокам назад для развіцця любой установы культуры. Працэсы, якія ажыццяўляюцца пасрэднікамі ці трэцімі асобамі неэфектыўныя і, у большасці выпадкаў, неякасныя. На жаль, меркаванне спецыялістаў бібліятэчнай справы не ўлічвалася. А прагрэсіўную тэндэнцыю сусветнай эканомікі, накіраваную на дэцэнтралізацыю ў дзейнасці невялікіх ўстаноў ніхто не вывучаў.

2017–2023 гады сталіся вельмі плённымі і багатымі на ўзнагароды і перамогі. Спіс іх пераканаўча сведчыць пра высокі творчы патэнцыял бібліятэкі.

Храналогія узнагарод і перамог 2017–2023 гг.

2017– Дыплом галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзе Гродзенскага аблвыканкаму за перамогу ў абласным конкурсе "Бібліятэка года" у намінацыі "Гарадская бібліятэка 2017 года".

2017– Дыплом за актыўны ўдзел у фестывалі кнігі "Кніжныя скарбы Беларусі" да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

2017Дыплом ІІ ступені Тарасавай В.М. за перамогу ў абласным конкурсе "На лепшую самаробную кнігу" ў намінацыі "На лепшае мастацкае афармленне твора(ці яго ўрыўка) беларускіх асветнікаў і мысліцеляў".

2017 Спецыяльны дыплом Рэспубліканскага конкурсу "Лепшая бібліятэка года" ГА "Беларуская бібліятэчная асацыяцыя" за праект па стварэнні тактыльных кніг для дзяцей з парушэннямі зроку "Цёплыя кнігі".

2017 Дыплом ІІ ступені за перамогу ў абласным аглядзе-конкурсе "Бібліятэчная пляцоўка" у рамках абласнога кніжнага фестываля "Кніга і час" (г.Свіслач).

2018 Дыплом І ступені ХХVI Рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За навацыі ў сферы бібліятэчнай справы» спецыяльнай бібліятэцы для інвалідаў па зроку за інклюзіўнай праектную дзейнасць. 

2018 Заахвочвальны прыз ХХVI рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры» Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы имя А.Макаёнка за значную краязнаўчую пошукава-даследчую працу і стварэнне інфармацыйных рэсурсаў.

2018 – Гран-пры абласнога конкурсу самаробнай лялькі "Героі кніжных старонак" за працу "Натхненне" клуба "Гродзенская лялька", прысвечаную Максіму Багдановічу (кампазіцыя да яго верша "Вераніка").

2019 Спецыяльны дыплом за лепшую працу ў намінацыі калектыўных праектаў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А.Макаёнка па выніках рэспубліканскага конкурсу "Славутыя імёнаў малой Радзімы" за праект "Ганаровыя і славутыя грамадзяне горада Гродна" (конкурс Беларускага фонду культуры, газеты "Звязда", "Краязнаўчай газеты" у 2018 годзе).

2019 Дыплом II ступені ХХVIІ рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За навацыі ў сферы бібліятэчнай справы» бібліятэцы-філіялу №3 за ўкараненне інавацыйных тэхналогій і форм абслугоўвання карыстальнікаў.

2020Дыплом I ступені ХХVIІІ рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За пошукавую і даследчую работу» Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А.Макаёнка за значную краязнаўчую пошукава-даследчую працу і стварэнне інфармацыйных рэсурсаў (за інфармацыйны рэсурс "Манументальная памяць горада Гродна").

2021 Дыплом IIІ ступені ХХІХ рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За пошукавую і даследчую работу» Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы  імя А.Макаёнка за значную краязнаўчую пошукава-даследчую працу і стварэнне інфармацыйных рэсурсаў (за электронны музей жыцця і творчасці Аляксея Карпюка).

2021 – ІІ месца па выніках VІІ рэспублікансаага конкурсу "Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання" Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы им.А.Макаёнка ў намінацыі "Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі" (распараджэнне па Беларускай Праваслаўнай Царкве ад 19.11.2021)

2023 – Дыплом I ступені ХХХІ рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За пошукавую і даследчую работу» Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А.Макаёнка за значную краязнаўчую пошукава-даследчую працу і стварэнне інфармацыйных рэсурсаў (за інтэрактыўную карту-энцыклапедыю "Godonim Hrodna").

 
 
 
 
 
 
 

Дадатковая інфармацыя