Прэса на ўсе інтарэсы

Бібліяграфічны агляд перыядычных выданняў «Прэса на ўсе інтарэсы» правялі 21 лютага ў бібліятэцы №4 для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г.Гродна. Маладыя людзі пагарталі часопісы і газеты, даведаліся апошнія навіны краіны і горада, атрымалі мноства карысных саветаў і праслухалі вытрымкі з найбольш цікавых публікацый.

Вітаміны А і С

21 лютага ў бібліятэцы №7 прайшоў урок здароўя «Вітаміны А і С – нашы лепшыя сябры». Дзеці, якія адпачываюць у прышкольным лагеры сярэдняй школы №7, даведаліся аб карысных рэчывах, якія неабходныя нашаму арганізму для нармальнай працы. Адгадваючы загадкі дзеці высветлілі, у якіх прадуктах ўтрымліваюцца вітаміны А, В, С і D. Хлопчыкі і дзяўчынкі зрабілі выснову, што неабходна правільна і разнастайна харчавацца для падтрымання свайго здароўя.

Ты будзеш звінець, мая родная мова!

Бібліятэкі Гродна далучыліся да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. Так, гучныя чытанні адбыліся 19 і 20 лютага ў бібліятэцы №4. Выхаванцам дзіцячых садкоў № № 50 і 61 прачыталі беларускія народныя казкі «Леў і воўк» і «Зайкава хатка». Дзеці адказалі на пытанні, абмеркавалі ўчынкі герояў казак.  Казкі вучаць быць знаходлівым і адважным, дапамагаюць паверыць у тое, што дабро заўсёды перамагае. Мультфільм «Мама Му і Крумкач» пазнаёміў з героямі кніг шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр. 

А ў бібліятэцы № 8 21 лютага пабывалі малыя з дзіцячага садка №67. Ім прачыталі кнігу Алены Масла «Мяне завуць Лахнэска». Гэтая казка пра дзіўнае і кранальнае сяброўуства маленькай жабкі Апалона і незвычайнай істоты Лахнэска. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, хто такая Лахнэска, дзе яна жыве і чым займаецца. Паразважалі на тэму прыгажосці, якая ёсць у кожным чалавеку і прыйшлі да высновы, што быць непадобным на астатніх зусім не страшна. Бібліятэкары прыклалі дашкалятам гульні, накіраваныя на вывучэнне роднай мовы. Дзякуючы ім дзеці вывучылі назвы частак цела людзей і жывёл на беларускай мове. Запомнілі, як гучаць на ім розныя эмацыйныя станы чалавека. Высветлілі, якія асаблівасці ёсць у беларускім алфавіце, якія адрозніваюць яго ад іншых моў. 

У бібліятэку №2 у гэты дзень прыйшлі дзеці з прышкольнага лагера сярэдняй школы №13 на ўрок роднай мовы «Родная мова – душа народа». Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся аб разнастайнасці моў на планеце, аб самабытнасці і прыгажосці беларускага, чаму вучаць прыказкі і прымаўкі. Паўдзельнічалі ў конкурсах «На што падобная літара?» і «Адгадай слова», з якімі паспяхова справіліся. У завяршэнне мерапрыемства паглядзелі мультфільм «Піліпка». 

У бібліятэцы № 10 на працягу дня тройчы гаварылі пра прыгажосць беларускай мовы. Для выхаванцаў дзіцячага садка № 105 тут правялі гульнявую праграму. Малыя паўдзельнічалі ў конкурсах: «Ці ўсё ёсць?», «Павучальны», «Забаўлянка», «Ліса ў карагодзе», адправіліся ў падарожжа па Беларусі і даведаліся пра галоўныя сімвалы краіны. На заканчэнне сустрэчы намалявалі бусла – самы вядомы сімвал Беларусі. Тут жа адбыўся ўрок роднай мовы «Ад збожжа – колас, ад слова – мова» для вучняў 2 «А» класа сярэдняй школы №26 і 2 «В» класа сярэдняй школы № 40. Супрацоўнікі бібліятэкі пазнаёмілі школьнікаў з гістарычнымі фактамі станаўлення беларускай мовы і з выставай літаратуры. Гульні і віктарыны дапамаглі навучэнцам глыбей зразумець беларускую мову. Яны адгадвалі і самі складалі загадкі, шукалі словы і імі дапаўнялі прымаўкі, разважалі пра значэнне гэтых прымавак, перакладалі словы з рускай мовы і ўтваралі новыя словы. 

У бібліятэку №7 прыйшлі навучэнцы 3 «Г» класа сярэдняй школы №7. Яны даведаліся пра вымерлыя мовы, пра тыя, што называюцца міжнароднымі. Дзеці праверылі веды беларускай мовы ў конкурсах «Перакладчык» і «Расшыфруйце прыказку». 

Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі №5 правялі літаратурную гадзіну «З любоўю да роднай мовы». Навучэнцы 5 «Г» класа гімназіі № 2 перадавалі адзін аднаму «Сэрца кахання» і гаварылі кампліменты на беларускай мове. Па партрэце пісьменніка і цытаце з яго твора адгадвалі імя аўтара і назву твора. Падзяліўшыся на дзве каманды перакладалі з рускай мовы на беларускую. Гімназістам прапанавалі прачытаць верш Максіма Танка «Родная мова».  

У бібліятэцы №9 навучэнцаў 5 «В» класа сярэдняй школы № 7 пазнаёмілі з гісторыяй Міжнароднага Дня роднай мовы. Школьнікі адгадалі рэбусы, загадкі-жарты, паказалі свае перакладчыцкія здольнасці і сабралі «рассыпаныя» прыказкі. З задавальненнем паўдзельнічалі ў інтэрактыўнай віктарыне. 

Бібліятэка № 6 сустракала 21 лютага вучняў 4 «Б» класа сярэдняй школы №11. Дзеці даведаліся аб разнастайнасці моў на планеце, аб тым, што родная мова – гэта характар народа, яго памяць, гісторыя. Чацвёртакласнікі разгадвалі загадкі пра герояў беларускіх народных казак, успомнілі, што такое фразеалагізмы, прынялі ўдзел у гульнях: «Дакажы слоўца», «Скончы прыказку». 

Юныя карыстальнікі бібліятэчнага пункта №3 Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка (вул. Волкава, 10) у дзень роднай мовы пазнаёміліся з літаратурным праектам «Дванаццаць месяцаў», які складаецца з 12 кніг, якія ўключаюць лепшыя творы беларускіх і замежных дзіцячых пісьменнікаў.

Інтэрнэт-залежнасць

20 лютага супрацоўнікі бібліятэкі №1 пабывалі ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Ленінскага раёна г.Гродна, дзе разам з навучэнцамі 2 групы разважалі пра інтэрнэт-залежнасць. Бібліятэкар пералічыла асноўныя небяспекі глабальнай сеткі і падказала спосабы, як ад іх засцерагчыся. Асаблівую ўвагу надалі паводзінам дзяцей у сацсетках. Замацаваць атрыманыя веды рабяты маглі з дапамогай гульняў: «Плюсы і мінусы Інтэрнэту», «Спасылкі» і «Незнаёмыя сябры». Завяршылася мерапрыемства праглядам тэматычнага відэароліка.

 

Экскурсія ў Вялікую харальную сінагогу

20 лютага супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі №5 арганізавалі экскурсію ў Вялікую харальную сінагогу для навучэнцаў 7 «А» гімназіі №2. Падлеткі даведаліся, як габрэі пасяліліся на землях сучаснай Беларусі і якую ролю адыграў італьянскі архітэктар Санці Гучы, каб увекавечыць гэты архітэктурны будынак у стагоддзях. Паслухалі гісторыю будаўніцтва сінагогі і паглядзелі яе ўнутрана ўбранне, элементы дэкору і асаблівасці інтэр'еру, характэрныя для юдаістаў.

Адвага і гонар

20 лютага ў бібліятэцы №2 адбыўся ўрок мужнасці «Стаіць на варце Радзімы салдат». Навучэнцы 5 «Б» класа сярэдняй школы №11 даведаліся пра сэнс слоў «адвага», «абаронца», «гонар». Член савета ветэранаў Кастрычніцкага раёна г. Гродна, воін-інтэрнацыяналіст Аляксандр Васільевіч Балібрух распавёў аб службе ў Афганістане, аб узнагародах, аб якасцях і ведах, якімі павінен валодаць салдат. У завяршэнне мерапрыемства пяцікласнікі адказалі на пытанні віктарыны «Навошта трэба абараняць Радзіму?».

Дадатковая інфармацыя