Чароўнае слова

12 студзеня ў бібліятэцы №7 прайшла гадзіна этыкету «Чароўнае слова «Дзякуй» для вучняў 3 «Б» класа сярэдняй школы №7. Дзеці даведаліся пра тое, як у паўсядзённым жыцці важна казаць слова «Дзякуй». Віктарына «Чароўныя словы» дапамагла ўспомніць ветлівыя словы. У канцы хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, як гучыць слова «дзякуй» на розных мовах свету: гавайскай, мангольскай, грэцкай і інш.

Добрыя словы

12 студзеня ў аддзеле абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка правялі ўрок этыкету  «Простыя добрыя словы» для вучняў 3 «Б» класа сярэдняй школы №6 імя Г.А. Гарнавых. Хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі ў краіне «Ветлівасці і дабрыні», дзе даведаліся паходжанне слоў «этыкет», «добры дзень», «дзякуй». Паслухалі ўрывак і абмеркавалі аповед В.Асеевай «Чароўнае слова», пагулялі ў гульні «Ветліва – няветліва», «Дакажы слоўца», «Добрае сонейка». Скончыўся ўрок праглядам мультфільма «Ад этыкеткі да этыкету».

Мама Му і снегакат

Наступіла пятніца і час для гучных чытанняў і знаёмства з новай кнігай. 12 студзеня бібліятэкар аддзела абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка пазнаёміла дзяцей з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №30 з кнігай Юі і Томаса Вісландэр «Мама Му і снегакат». Мама Му – самая вясёлая і няўрымслівая карова на свеце, а Кракс – яе лепшы сябар. Ён любіць бурчэць і выхваляцца. А Мама Му заўсёды гатовая да прыгод, яна любіць спрабаваць нешта новае. Вось, напрыклад, цяпер яна збіраецца пакатацца на снегакате, а Кракс гэтага зусім не ўхваляе. Чароўная карова Мама Му, якой спадабалася катацца на снегакате, а яшчэ больш падаць у снег, павесяліла маленькіх слухачоў. Тым самым натхніла на актыўнае абмеркаванне: хто на чым больш за ўсё любіць катацца зімой. А вось не вельмі прыемны выпадак з Краксам даў зразумець хлопчыкам і дзяўчынкам, што выхваляцца – гэта дрэнна!

Дзякуй бібліятэцы!

11 студзеня навучэнцы 3 «Д» класа сярэдняй школы № 12 імя В.В. Бабко ўпершыню наведалі аддзел абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка. Бібліятэкар правяла экскурсію па залах, патлумачыла прынцыпы расстаноўкі кніг. Дзеці з задавальненнем гарталі часопісы, разглядалі ілюстрацыі ў 3D акулярах, а таксама адгадвалі загадкі. А так як менавіта 11 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень «Дзякуй», хлопчыкі і дзяўчынкі паўдзельнічалі ў гульні на вызначэнне самага ветлівага і выхаванага казачнага героя. У канцы сустрэчы кожны атрымаў маленькі падарунак і зарадзіўся добрым настроем на ўвесь дзень.

Навагоднія традыцыі

11 студзеня гасцямі дзіцячай бібліятэкі №5 стаў 6 «В» клас гімназіі №2. Для іх супрацоўнікі бібліятэкі правялі брэйн-рынг «Навагоднія традыцыі». Школьнікі падзяліліся на дзве каманды – «Снегавікі» і «Сняжынкі». Брэйн-рынг складаўся з 4 раўндаў. Першы раўнд «Калі нарадзіўся новы год?» заключаўся ў пытаннях пра гісторыю свята. Другі раўнд «Імёны Дзеда Мароза» прапаноўваў дзецям назваць як мага больш назваў галоўнага персанажа навагодніх святаў. Трэці раўнд «Традыцыі Новага года» прымусіў праявіць сябе не толькі капітанаў, але і астатніх удзельнікаў каманды. Заключны раўнд «Чамучка» уключыў фантазію дзяцей. Бо ў ім трэба было прыдумаць 10 пытанняў для каманды суперніка. Школьнікі справіліся з усімі заданнямі, яшчэ больш даведаліся аб выдатным свяце і яго традыцыях, а таксама атрымалі салодкія прызы.

І зноў Новы год

11 студзеня, напярэдадні Старога Новага года, супрацоўнікі бібліятэкі №1 правялі пазнавальна-забаўляльную праграму. Навучэнцы 3 «В» класа сярэдняй школы №18 даведаліся пра тое, як раней яго святкавалі, пазнаёміліся з народнымі традыцыямі і звычаямі. Школьнікі адгадвалі навагоднія загадкі, крыжаванкі і рэбусы, распавядалі вершы пра зіму, адказвалі на пытанні «зімовай віктарыны». Цікава прайшла гульня «Вуснамі немаўляці», дзе зачытваліся выказванні малых аб навагодніх упрыгожваннях. Мультымедыйная прэзентацыя дапоўніла праграму. Завяршылася сустрэча навагоднімі салодкімі прадказаннямі ад Дзеда Мароза.

Дадатковая інфармацыя