17 сакавіка ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка адбыўся вечар памяці «Патрыярх Гродзенскага краязнаўства». На мерапрыемстве ўспаміналі вядомага Гродзенскага літаратуразнаўца, крытыка, культуролага, краязнаўца, глыбокага даследчыка, выдатнага вучонага, бліскучага педагога Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча. Ушанаваць памяць прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы прыйшлі родныя, сябры, калегі, творчая інтэлігенцыя, былыя студэнты, бібліятэкары, чытачы. Дачка Марына Аляксееўна Загідуліна, вядомы мастацтвазнаўца, распавяла пра сям'ю, у якой вырас Алёша Пяткевіч, пра асяроддзе, у якім фармаваўся характар будучага выбітнага навукоўца. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт ГрДу імя Я. Купалы Аляксей Мікалаевіч Загідулін падзяліўся ўспамінамі пра любімага дзядулю, распавёў пра яго ўплыў на душы ўнукаў.
Доктар філалагічных навук, прафесар Мікалай Аляксандравіч Даніловіч раскрыў вобраз Аляксея Міхайлавіча як чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, найвышэйшага ўзору інтэлігента, нястомнага рупліўца беларускай культуры. Загадчыца кафедры беларускай філалогіі Купалаўскага ўніверсітэта Алена Станіславаўна Садоўская разам са сваімі калегамі Алінай Эдмундаўнай Сабуць і Святланай Мікалаеўнай Тарасавай распавялі пра сумесную працу з Аляксеем Міхайлавічам.
Аляксей Міхайлавіч быў членам Саюза пісьменнікаў СССР з 1971 года. Людміла Антонаўна Кебіч, старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, распавяла пра яго дзейнасць як крытыка і літаратуразнаўца, пра адносіны з гродзенскімі паэтамі. Дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДу імя Я. Купалы Мікалай Уладзіміравіч Грынько распавёў аб асветніцкай дзейнасці вядомага вучонага, з якім падтрымлівае сувязь яшчэ са студэнцкіх гадоў. Ад імя былых студэнтаў прызналіся ў каханні Аляксею Міхайлавічу кандыдат філалагічных навук, дацэнт ГрДу імя Я. Купалы Ірына Міхайлаўна Хлусевіч (жонкі ўнука Аляксея), кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца і пісьменніца Ала Мікалаеўна Петрушкевіч, супрацоўнік бібліятэкі № 3 Марыя Вайцяховіч.
Пісьменніца Ірына Шатыронак прапанавала выдаць кнігу ўспамінаў пра знакамітага сына беларускай зямлі. Была арганізавана кніжная выстава «Аляксей Пяткевіч: жыццё для Беларусі», якая ўключала, у тым ліку, выданні з асабістай бібліятэкі сям'і прафесара.