История ГЦБ им. А. Макаёнка

Бібліятэка ўчора і сёння – фота з мінулага і з сучаснага гарадскіх бібліятэк. Запрашаем да прагляду!

 

Вехі гісторыі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А.Макаёнка, яе філіялаў і аддзелаў

Паводле выдання: Кніжная скарбніца ў хвалях часу: гісторыя і сучаснасць Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Я. Макаёнка / дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г.Гродна»; уклад.: Свірыда Н. Р.; пошук дакументаў у архіве : Ілюшына І. М. – 2-е выд., дапрац. і дапоўн. – Гродна, 2019. – 102 с.

1946–1948  У плане работы культасветаддзела Гродзенскага гарвыканкама на красавік–май 1946 года была пастаўлена задача аб прадастаўленні памяшканняў для гарадской бібліятэкі для дарослых і дзіцячай бібліятэкі, аздабленні іх інвентаром і папаўненні кнігамі. 1946 год стаў годам афіцыйнага адкрыцця бібліятэкі – на працягу другога паўгоддзя гарадскія бібліятэкі (дарослая і дзіцячая) пачалі абслугоўваць чытачоў з дапамогаю 17 перасовак. На 1 студзеня 1946 года фонд бібліятэкі налічваў 260 кніг. У канцы 1946 і на пачатку 1947 года гарадская бібліятэка для дарослага чытача абслугоўвала з дапамогаю 26 перасовак каля 1000 чытачоў. На 1 студзеня 1947 года фонд бібліятэкі ўзрос да 900 кніг.

 

Бібліятэкі атрымалі ў лютым 1947 года памяшканне ў драўляным аднапавярховым дамку ў прамысловай занёманскай частцы горада (вуліца Гарнавых, 21, на тэрыторыі гарбарнага завода, ён не захаваўся). Бібліятэка пачала стацыянарнае абслугоўванне чытачоў з 1 ліпеня 1947 года. У памяшканні гарадской бібіятэкі ў 1948 годзе праведзены рамонт. Няма кнігасховішча. Статыстычныя паказчыкі дзейнасці на канец 1948 года: чытачы – 825 чалавек, кніжны фонд – 5700 экз. 

1952  У справаздачным дакуменце бібліятэкі культасветаддзелу зазначана: “Гарадская бібліятэка знаходзіцца ў непрыстасаваным памяшканні. Значна вырас кніжны фонд і колькасць чытачоў. Зараз у бібліятэцы налічваецца 14869 экземплараў кніг і 3120 чытачоў. Давялося закрыць чытальную залу і размясціць там кнігасховішча...” Пяць чытацкіх канферэнцый, пяць літратурных вечарын былі праведзены на прадпрыемствах.

1954 Упершыню з мэтаю праверкі работы і аказання метадычнай дапамогі ў бібліятэку была накіравана загадчык абанементнага аддзела Гродзенскай абласной бібліятэкі тав. Фількіна. У акце ад 26 чэрвеня адзначана, што бібліятэка атрымлівае анатаваныя карткі і стварае сістэматычны каталог, сістэматычную картатэку артыкулаў, выпісвае 15 назваў газет і 32 назвы часопісаў, мае 1726 чытачоў. Было створана 5 перасоўных пунктаў на аснове дагавораў з кіраўніцтвам прадпрыемстваў. Праведзены чытацкія канферэнцыі па творах Натана Рыбака, Антаніны Капцяевай, Віліса Лаціса, Веры Кетлінскай, літаратурныя вечары, прысвечаныя А.Пушкіну, М.Горкаму, А.Чэхаву, М.Астроўскаму. Але адсутнасць чытальнай залы ўплывала на арганізацыю масавай работы. Фонд быў размешчаны ў маленькіх пакойчыках. Домік па вул.Гарнавых бібліятэка дзяліла з домаўпраўленнямі №№19,20. Рашэнне Савета дэпутатаў працоўных ад 21 жніўня 1951 года аб перамяшчэнні домаўпраўленняў не было выканана да 1957 года.  

1946–1958 Дзіцячая бібліятэка і гарадская бібліятэка для дарослага чытача працавалі разам у адным памяшканні на працягу 1946–1954 гадоў. Дзіцячая бібліятэка 1 красавіка 1954 года стала Гродзенскай абласной дзіцячай бібліятэкай імя А. С. Пушкіна, а затым 11 красавіка 1988 года дзіцячым філіялам Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага. Гарадская бібліятэка для дарослага чытача стала Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкайЗапланавана было адкрыць з 4 ліпеня 1956 года і гарадскую дзіцячую бібліятэку, але гэта атрымалася пазней. Спачатку дзейнічаў бібліятэчны пункт для абслугоўвання дзяцей пры гарадской бібліятэцы. 21 кастрычніка 1957 года для гарадской дзіцячай бібліятэкі быў часова выдзелены маленькі пакойчык 10-ці квадратных метраў пры СШ №13, у 1958 годзе яна была перавезена ў памяшканне пабудаванага жылога дома ў занёманскай частцы горада (вул. Цітова, 13), дзе яна працавала да канца 1999 года. Асобнага ўвахода ў бібліятэку не было. Дзеці хадзілі ў бібліятэку праз пад'езд, бо яна займала дзве кватэры на першым паверсе, вокны якіх выходзілі на вул. Савецкіх пагранічнікаў з правага боку ад магазіну. Дзіцячая бібліятэка насіла назву цэнтральнай да 2013 года.

1959  23 студзеня 1959 года ажыццявіўся пераезд у новае памяшканне на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, 51/2. Гарадская бібліятэка размясцілася на першым паверсе трохпавярховага жылога дома – чатыры пакоі, агульная плошча якіх складала 176 кв.м. З’явіліся чытальная зала, асобнае кнігасховішча. Атапленне было цэнтральнае, што вельмі ўзрадавала супрацоўнікаў, якія ў мінулым тапілі печкі. Але загадчык Фёдарава Я.Б. ужо на той час адзначала не вельмі добрыя ўмовы для камфортнага абслугоўвання чытачоў: “...няма толькі зручнасцей, якія патрабуюцца для бібліятэкі. Па-першае – няма гардэробу, у чытальнай зале даводзіцца займацца ў паліто”. З бібліятэчнага абсталявання ў 1959 годзе былі набыты 10 сталоў, 16 стэлажоў, 50 крэслаў. За 1959 год у бібліятэцы было праведзена 255 масавых мерапрыемстваў. У чытальную залу прыходзіла 158 назваў часопісаў і 26 назваў газет.

 

1961–1962  У 1961 годзе гарадскую бібліятэку з мэтаю праверкі работы наведалі спецыялісты абласной бібліятэкі: загадчык абанементнага аддзела Кармушкіна і галоўны бібліёграф В.А.Алышава. У даведцы яны адзначылі станоўчую работу загадчыка абанемента Барэль Марыі Іванаўны, якая разгарнула дзейнасць па кіраўніцтву чытаннем. Па планах чытання, складзеных  ёю,  чыталі 150 чалавек. Марыя Іванаўна арганізавала вольны доступ да кніжнага фонду. Спецыялісты выказалі думку аб распаўсюджванні перадавога вопыту работы гарадской цэнтральнай бібліятэкі. 13 красавіка 1962 года Барэль М.І. стала загадчыкам бібліятэкі

1963–1964 З 1963 года гарадская бібліятэка пачала змагацца за званне “Бібліятэка выдатнай працы”. Праца па абслугоўванню чытачоў вялася ў напружаным рытме – без выхадных дзён з 11 да 21 гадзіны. Разам з гарадской бібліятэкай за званне “Бібліятэка выдатнай працы” змагалася і дзіцячая бібліятэка, якая ні ў чым не хацела адставаць, мела сваё памяшканне, актыўна абслугоўвала маленькіх чытачоў і вяла масавую работу. У 1964 годзе былі адкрыты перасоўныя аддзелы на 18 прадпрыемствах горада: велазаводзе, мэблевай фабрыцы, лесагандлёвай базе, сілікатным заводзе, у друкарні і іншых. Колькасць чытачоў дасягнула 5393 чалавек. Пастановай Савета ўпраўлення культуры Гродзенскага прамысловага аблвыканкама і прэзідыума абкома прафсаюзаў работнікаў культуры ад 26 сакавіка 1964 года Гродзенская гарадская бібліятэка і Гродзенская дзіцячая бібліятэка атрымліваюць ганаровае званне “Бібліятэка выдатнай працы”.

1968 Праводзіцца актыўная работа па рэкламе бібліятэкі. Вывешваюцца аб’явы аб месцазнаходжанні і гадзінах працы бібліятэкі на прадпрыемствах, у інтэрнатах, магазінах, ашчадных касах, аддзяленнях сувязі. У памяшканнях заводаў і фабрык можна было ўбачыць плакат: “Чытач! Ці з’яўляецца твой таварыш чытачом бібліятэкі? Побач з табой не павінна быць нечытаючых!”. Актыўная папулярызацыя бібліятэкі і чытання прынесла свой плён. У 1969 годзе колькасць чытачоў складала ўжо 6207.

1971–1974 У 1971 годзе загадчыкам гарадской бібліятэкі стала Н.І.Тарасава. Бібліятэка ў справаздачах стала называцца гарадская цэнтральная бібліятэка. На гэты час ужо былі адкрыты ў горадзе бібліятэка №1 (вул. Даватара, 21, 1967 г.), бібліятэка №2 (вул. Белуша, 37, 1968 г.). У 1971 годзе адкрылася бібліятэка №3 (вул. Л. Чайкінай, 49). Працавалі для дзяцей дзіцячыя бібліятэкі №1 (вул. Пушкіна, 30, 1967 г.; пасля цэнтралізацыі бібліятэка-філіял №5), дзіцячая бібліятэка №2 (пр. Касманаўтаў, 6, 1968 г., з 1980 года – пр. Касманаўтаў, 4а; пасля цэнтралізацыі – бібліятэка-філіял №6).  У адносінах да іх бібліятэка па вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, 51/2 стала выконваць ролю цэнтральнай.

Як вынік добрай працы і дасягнення высокіх паказчыкаў у абслугоўванні чытачоў гарадская бібліятэка ў 1971 годзе па выніках сацыялістычнага спаборніцтва сярод прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў атрымала пераходны вымпел “Пераможца ў сацыялістычным спаборніцтве”. У кастрычніку 1974 года на пасаду загадчыка бібліятэкі была прызначана А. А.Бушнева. Статыстычныя паказчыкі за 1974 год: чытачоў было 5905 чалавек, яны наведалі бібліятэку 40514 разоў, ім было выдана 96599 асобнікаў літаратуры. Плошчы бібліятэкі 222 кв.м не хапае для раскрыцця кніжнага фонду, арганізацыі мерапрыемстваў і працоўных месцаў.

1975–1978 У 1974 годзе ў СССР і БССР пачаўся падрыхтоўчы этап да дзяржаўнай цэнтралізацыі агульнадаступных бібліятэк. У адпаведнасці з рашэннем Гродзенскага гарвыканкама №188 ад 08.10.1975 і загадам гарадскога аддзела культуры №114 ад 28.11.1975 года адбылася цэнтралізацыя сеткі масавых бібліятэк Гродна. У снежні 1975 года загадчык гарадской бібліятэкі Бушнева А.А. стала дырэктарам гарадской цэнтральнай бібліятэкі і адначасова дырэктарам цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Зводны сістэматычны каталог быў створаны да чэрвеня 1976 года. Тыпавым штатам былі прадугледжаны новыя аддзелы: бібліяграфічны, метадычны, камплектавання і апрацоўкі літаратуры, кнігасховішча. У 1976 годзе аддзел камплектавання і апрацоўкі адзінага фонду атрымаў асобнае памяшканне. У выніку зваротаў Бушневай А.А. у гарвыканкам двойчы ў 1980 затым у 1984 гадах была пашырана плошча цэнтральнай бібліятэкі за кошт жылога фонду ў гэтым жа доме. З’явіліся кабінеты дырэктара, метадыста і бібліёграфа.

 

1981–1983 У красавіку 1983 года Савет Міністраў Беларускай ССР з мэтай увекавечання памяці пастанавіў прысвоіць імя вядомага беларускага драматурга, народнага пісьменніка БССР Андрэя  Ягоравіча Макаёнка Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы.

1987–1995 У 1986 годзе былі адкрыты для жыхароў Прынёманскага мікрараёна новыя філіялы №10 і №11 на вуліцы Пестрака. Цантральная бібліятэка імя А.Макаёнка ўзначаліла 13 гарадскіх бібліятэк-філіялаў. З 1987 года дырэктарам гарадской ЦБС стала Рыбалка Галіна Іванаўна. У 1989 годзе па вуліцы Ліможа быў адкрыты бібліятэчны пункт для абслугоўвання насельніцтва мікрараёна Дзевятоўка.

Рыбалка Г. І. (нар. у 1950 годзе) – дырэктар Гродзенскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы (1987–2009), намеснік дырэктара (2010–2017), бібліятэкар (2017–2020).

1997–2005  У 1997 годзе ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі з’явіўся сектар бібліяграфіі і інфармацыі, на базе метадычнага аддзела – аддзел бібліятэчнага маркетынгу. З 1997 года быў набыты першы камп'ютар “Pentium-1” у аддзел бібліятэчнага маркетынгу. У канцы 2000 года набыты спецыяльная бібліятэчная праграма "Alis-2000" для аўтаматызацыі працэсаў апрацоўкі літаратуры, стварэння электроннага каталога. Першым ў вобласці з 2001 года пачаў працаваць публічны цэнтр прававой інфармацыі пры бібліятэцы з дапамогай набытай у 2000 годзе БД нарматыўна-прававой дакументацыі “ЮрЭксперт”.

З 2000 года цэнтральная дзіцячая бібліятэка пераехала з жылога дома  №13 па вуліцы Цітова ў дом №12 (былы рэстаран "Ластаўка") і пачала працу ў новым адрамантаваным памяшканні. Умовы абслугоўвання палепшыліся.

Гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма за выкананне планавых паказчыкаў і якасную арганізацыю абслугоўвання насельніцтва стала пераможцай абласнога конкурсу “Лепшая ўстанова культуры 2003 года”. Рашэннем Гродзенскага гарвыканкама №137 ад 9 сакавіка 2005 года “Аб выніках спаборніцтва прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый горада за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці" ў 2004 годзе гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма была вызначана пераможцай і атрымала Ганаровы пераходны сцяг Гродзенскага гарвыканкама.

2006–2009  Праведзена поўная аўтаматызацыя дзейнасці цэнтральнай бібліятэкі па арганізацыі электроннага каталога і абслугоўванні чытачоў. У 2006 годзе аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду атрымаў новае памяшканне па вуліцы Кляцкова, 104. У 2009 годзе ў склад цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ўвайшла спецыяльная бібліятэка для інвалідаў па зроку.

З 2010 года дырэктарам Гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А.Макаёнка прызначана Камарова Марыя Аляксандраўна.

2010–2013  Гродзенская гарадская цэнтральная бібліятэка імя А.Макаёнка ўзначальвала 14 бібліятэк-філіялаў сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. З іх 6 дзіцячых (у тым ліку, цэнтральная дзіцячая бібліятэка), 6 бібліятэк-філіялаў для дарослага чытача і 2 спецыяльныя бібліятэкі-філіялы (для інвалідаў па зроку і польскай літаратуры). Штогадова праводзілася каля 80-ці масавых мерапрыемстваў.  

2014–2018 Згодна з рашэннем Гродзенскага гарвыканкама з 01.01.2014 былі аб’яднаныя бібліятэкі-філіялы №10 і №11 у адну бібліятэку-філіял №10 для абслугоўвання дзіцячага і дарослага насельніцтва мікрараёна; цэнтральная дзіцячая бібліятэка была ўключана ў склад Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі имя А.Макаёнка як аддзел абслугоўвання дзяцей. У 2017 годзе бібліятэка-філіял №10 пераехала ў новае памяшканне па вуліцы Пестрака, 36.

Згодна з рашэннем Гродзенскага гарвыканкама з 1 ліпеня 2014 года была створана новая юрыдычная асоба – дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна». Были зацверджаны Статут и новая структура – з’явілася бухгалтэрыя, што станоўча паўплывала на арганізацыю работы.

2019–2020 З 1 ліпеня 2019 года дырэктарам дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г.Гродна” прызначана Расіцан Кацярына Раманаўна.

З 1 красавіка 2020 года ў структуры адбыліся значныя змены – па рашэнні мясцовай улады былі выведзены штатныя адзінкі юрысконсульта і інжынера-энергетыка, цалкам бухгалтэрская служба са штатнымі адзінкамі, што вельмі адмоўна паўплывала на дзейнасць, пазбавіла ўстанову часткі правоў юрыдычнай асобы, зрабіла недарэчнасці і праблемы з прававым абгрунтаваннем многіх прэцэсаў і відаў работ, ускладніла многія гаспадарчыя задачы. За кошт выведзеных з бібліятэчнай установы штатных адзінак, тэхнічнага абсталявання, мэблі і фінасавых сродкаў на ўтрыманне штатных адзінак была ўтворана юрыдычная асоба (цэнтр) для забеспячэння дзейнасці ўстаноў культуры горада. Гэта з'яўляецца крокам назад для развіцця ўстановы культуры, стварае дадтковыя цяжкасці і перашкоды, адмоўна ўплывае на арганізацыю работы. На жаль, меркаванне спецыялістаў бібліятэчнай справы падчас прыняцця такіх рашэнняў не ўлічвалася. А прагрэсіўную тэндэнцыю сусветнай эканомікі, накіраваную на дэцэнтралізацыю ў дзейнасці невялікіх ўстаноў ніхто не вывучаў.

2017–2020 гады сталіся вельмі плённымі і багатымі на ўзнагароды і перамогі. Спіс іх даволі пераканаўчы і сведчыць пра высокі творчы патэнцыял бібліятэкі.

 

Дополнительная информация