А ў сэрцы - Смаргонь...

Ураджэнец Смаргоншчыны, Ганаровы грамадзянін Смаргоні, Уладзімір Церабун не забываў ніколі сваю малую радзіму. Як вядома, нарадзіўся творца на Смаргоншчыне ў вёсцы Несцяняты. Калі яму было гады тры, бацька перавёз усю сям’ю на хутар пад Смаргонню, а пасля пабудаваў у Смаргоні дом.

Задумы наконт упрыгожання скульптурай роднага горада з'явіліся даўно. Яшчэ ў 1986 годзе ўзнікла ідэя стварэння помніка ўшавання памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Але на той час ідэя не знайшла падтрымкі.

У горадзе, дзе мастак правёў сваё дзяцінства, на сённяшні дзень знайшлі сваё ўвасабленне чатыры манументальныя творы.

Адзін з іх, «На хвалях часу», створаны ў суаўтарстве з Аляксандрам Крахалёвым да 500-годдзя першага ўпамінання Смаргоні, якое адзначалі ў 2003 годзе.

Уезд у горад Смаргонь, 2003
Памятны знак «На хвалях часу», 2003. Граніт

Другі - мемарыяльная дошка заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Аляксандру Дзяругу, які з 1937 па 1979 год жыў і працаваў у Смаргоні і з якім звязана дзяцінства творцы.

- Шмат што для мяне зрабіў Аляксандр Дзяруга. Ён быў свайго роду Макаранкам у Смаргоні. Заўсёды быў з моладдзю. Тады дзве школы былі: беларуская і руская. Я вучыўся ў першай беларускай. І ён ведаў усіх дзяцей. Арганізаваў аркестр цымбалістаў, аркестр народных інструментаў. Быў сярод стваральнікаў ансамбля імя Агінскага. Сам музыку пісаў і акрамя гэтага выключна валодаў фатаграфіяй. Так што ўсё ішло ад яго. Ён хацеў, каб я быў музыкантам. Аднак у мяне брат цымбаліст, і бацька сказаў: «Навошта два музыканты ў хаце? »

Мемарыяльная дошка заслужанаму дзеячу культуры Беларусі А.А. Дзяругу, 2007. Бронза
Адкрыццё помніка «Рэха вайны», 2013
Адкрыццё помніка «Рэха вайны», 2013

У 2013 годзе ў Смаргоні на вуліцы Танкістаў, непадалёк ад цэнтральнай бібліятэкі, усталявалі помнік воінам-інтэрнацыяналістам «Рэха вайны». Над ім Уладзімір Церабун і архітэктар Аляксандр Бажыдай працавалі больш за год. Асновай памятнага знака (вышыня - 2,3 м.) з'яўляецца камень, як напамін пра афганскія горы. Пасля выбуху асколак снарада ўпіўся ў гэты камень, забраўшы жыцці маладых воінаў. Той след, што пакінуў асколак, наводзіць жах і напамінае жывым аб тым, што трэба рабіць усё, каб чалавецтва не ведала ніякіх войнаў . Праўда, над гэтым следам ад снарада мастаку давялося пакарпець. Калі камень прывезлі і ўсталявалі, след аказаўся занадта малы, праз яго амаль не праходзіла сонечнае святло. А ў гэтым жа святле была ўся задума. Давялося перарабляць, каб след быў больш выразны.

- Мне здаецца, што гэтая праца вельмі ўдалая, выразная. Людзі называюць яе “прастрэленае сэрца”. І добра, што так называюць. Гэта высокая адзнака.

Чацвёрты помнік аўтара, усталяваны ў Смаргоні, увекавечвае слынную мядзведжую акадэмію, якая ў свой час праславіла Смаргонь на ўсю Еўропу. Праект помніка-фантана быў прадстаўлены яшчэ ў 2003 годзе, напярэданні святкавання 500-годдзя першага ўпамінання Смаргоні, але сродкаў на ўвасабленне гэтай задумы тады не выдзелілі. Другі раз да праекта звярнуліся ў 2009 годзе, калі Смаргонь рыхтавалася да Дня беларускага пісьменства. Зноў безвынікова. Трэцяй спробай стаў зварот саміх смаргонцаў да ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу. І на гэты раз пашчасціла. Праект быў рэалізаваны як скульптурная кампазіцыя ў Парку культуры і адпачынку.

Праект фантана «Мядзведжая акадэмія»
«Мядзведжая акадэмія», 2013. Чугун
Скульптурная кампазіцыя «Мядзведжая акадэмія». Адкрыццё помніка. Смаргонь. 2014 год.

Наступным і самым грандыёзным па маштабе скульптурным упрыгожаннем Смаргоні стаў мемарыяльны коплекс ушанавання ахвяр Першай сусветнай вайны. Ідэя стварэння помніка з'явілася у Уладзіміра Церабуна яшчэ ў 1986 годзе, але толькі праз 20 год Смаргонскі раённы выканаўчы камітэт падтрымаў прапанову палкоўніка запаса, даследчыка У.М.Лігуты, які вельмі шмат часу правёў у архівах і набыў шматлікія важкія матэрылы па гісторыі Смаргоні ў тыя трагічныя гады. Па ініцыятыве райвыканкама ў 2006 годзе быў аб'яўлены рэспубліканскі творчы конкурс. На конкурс было прадстаўлена 9 праектаў. Пераможцам стаў аўтарскі калектыў Анатоля Арцімовіча. Крыху пазней А.Арцімовіч запрасіў Уладзіміра Церабуна да сумеснай работы. Не пагадзіцца з такой прапановай было нельга. Праца па стварэнню комплекса была доўгай і карпатлівай, а да поўнага завяршэння работ пройдзе яшчэ шмат часу.

Мемарыяльны комплекс па лініі расійска-германскага супрацьстаяння ў 1915-1917 гадах размясціўся ў гарадскім парку Перамогі. Гэта жывапісная алея мае даўжыню 410 метраў. Уваходная зона ўяўляе сабой дзве падпорныя сцяны, размешчаных паўкругам. На адной з іх бронзавы надпіс: «Мемориальный комплекс на линии противостояния в Первую мировую войну 1915-1917 гг. в городе Сморгони». А на другой - гэты ж надпіс на беларускай мове.

Капліца са званом (зона памяці і смутку Мемарыяльнага комплексу ушанавання ахвяр Першай сусветнай вайны)

Састаўной часткай уваходнай групы з'яўляецца зона памяці і смутку, у цэнтры якой знаходзіцца трохметровая ў дыяметры бронзавая карта ваенных падзей 1915-1917 гадоў, што адбываліся на Смаргоншчыне. Побач - дзве мемарыяльныя урны з зямлёй з месцаў пахавання воінаў рускай і нямецкай армій. Па абодва бакі карты размешчаны гранітныя сцены памяці.На адной з іх будуць размешчаны больш 800 імёнаў рускіх салдат, якія загінулі на смаргонскай зямлі. На другой змесціцца надпіс на нямецкай мове: «Здесь, на сморгонской земле, покоятся тысячи немецких солдат и офицеров, погибших в сражениях Первой мировой войны». Пад тэкстам прадугледжана свабоднае месца, куды будуць упісвацца імёны нямецкіх салдат.

Прадаўжае зону памяці і смутку трынаццацімятровая капліца, у верхняй частцы якой - звон з Георгіеўскім крыжам.

Цэнтральная частка кампазіцыі ўяўляе сабой трыпціх: магутная каменная глыба, а на ёй - шасціметровая скульптура «Крылаты геній салдацкай славы». Гэта своеасаблівы помнік-сімвал тым, хто аддаў сваё жыццё на палях баёў. Тут можна прывесці словы з Бібліі: ”Божа, прабач іх, бо не ведаюць, што твораць”. Па абодва бакі ад яе знаходзяцца яшчэ дзве бронзавыя скульптуры: «Салдаты Першай сусветнай» і «Бежанцы». За гэтай кампазіцыяй, у самым канцы памятнай алеі стаіць камень-валун, які распілаваны на дзве роўныя часткі. На іх своеасаблівы зварот да нашчадкаў на рускай і нямецкай мовах. “Любая война несёт горе, разрушения и смерть. Наш священный долг- помнить об этом».

Скульптуры цэнтральнай часткі мемарыяла: «Крылаты геній салдацкай славы», «Бежанцы» «Салдаты Першай сусветнай», камень-валун са зваротам да нашчадкаў, валуны з бронзавымі медальёнамі

Перад скульптурнымі кампазіцыямі размясціліся семь валуноў з замацаванымі на іх бронзавымі медальёнамі. На медальёнах тэксты падзей на Смаргонскай зямлі у тыя трагічныя гады.

Па задумцы аўтараў другая частка комплексу размесціцца ў раёне вёскі Хадакі, на трасе Мінск-Вільнюс. Месца абрана не выпадкова, гэта абумоўлена гістарычным матэрыялам.

Перпендыкулярна трасе Мінск-Вільнюс размяшчаюцца "жывыя" сведкі гістарычных падзей 1915-1917 гг. - фартыфікацыйныя збудаванні, якія ўключаюць 17 нямецкіх дотаў. Мяркуецца расчыстка падыходаў да іх. Паміж дотамі павінна пралегчы звязваючая іх сцежкка. Заключным акцэнтам комплексу павінна з'явіцца скульптурная кампазіцыя «Праклён вайне». Салдат, уткнуўшы вінтоўку штыком ў зямлю, уздымаючы рукі да неба, шле праклён вайне. Фігура размесціцца на ўмоўным брустверы, як адным з гістарычных прыёмаў абароны ад ворага. Перад скульптурнай кампазіцыяй размесціцца карта свету з пералікам краін-удзельніц Першай сусветнай вайны.

Надаць мемарыялу канчатковы выгляд плануецца ў 2018 года да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны.

- Ці быць Смаргоні горадам-помнікам? Ды ён такім і з’яўляецца. Такая роля наканавана маёй малой радзіме самой гісторыяй. Ганаруся, што ў складзе аўтарскага калектыву распрацоўваў праект і займаўся будаўніцтвам мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння ў гады Першай сусветнай вайны.