ГЦБС г.Гродно 2014
   Нарадзіўся Уладзімір Васільевіч Церабун 11 красавіка 1946 г. у вёсцы Несцяняты Гродзенскай вобласці. Ён быў малодшым з шасці дзяцей у бацькоў. Хутка сям'я пераехала ў Смаргонь. Васіль Карнілавіч і Антаніна Антонаўна былі простымі людзьмі, шмат працавалі па гаспадарцы, бацька быў пілатачыльшчыкам на мясцовым лесазаводзе.

Дзяцінства

Бацькі Антаніна Антонаўна і Васіль
Карнілавіч
   Уладзімір Васільевіч успамінае, што бацькі надавалі дзецям шмат увагі. Асабліва малодшым - Юрасю і Валодзю. Бацька бачыў іх здольнасці да выяўленчага мастацтва, музыкі і падтрымліваў гэта, як мог. Спачатку ён дастаў недзе для дзяцей скрыпку. Потым купіў акардэон, а крыху пазней  нямецкае фартэпіяна з кандылябрамі.
   Дзеці заўсёды знаходзілі нейкі занятак. Уладзімір займаўся ігрой на балалайцы і за сваю ігру на аглядзе-конкурсе ў Гродна атрымаў у падарунак фотаапарат. Першыя фотаздымкі аказаліся вельмі ўдалымі - так пачаў займацца фатаграфіяй. Неяк школьнік Валодзя разам з пяццю сябрамі пайшоў разгружаць вагон з цэментам. Атрымалі хлопцы па 120 рублёў - вялікія грошы на той час. Ён іх страціў на фотапавелічальнік, які лічыўся тады вялікай раскошай. Мастацтвам фатаграфіі Уладзімір Васільевіч займаецца і зараз, а гэта ўжо больш за 50 гадоў.
Юрый і Уладзімір разам з бацькамі
   Яшчэ адным захапленнем малодшых братоў былі авіямадэлі. За 50 капеек можна было набыць кардонную каробку з дэталямі, каб самастойна сабраць планёр. Пазней збіралі параход, займаліся ракетабудаваннем, рабілі змеяў і пускалі з іх парашуты.
Сям’я Церабуноў (злева направа): Канстанцін, Юрый, Надзея, Мікалай, Міхаіл, Уладзімір. У цэнтры сядзіць бацька, Васіль Карнілавіч. 1981 ці 1982 год. Смаргонь

     Вучыўся Уладзімір Церабун ў СШ 1 г. Смаргонь. У школе і прыйшло захапленне скульптурай, чаму, магчыма, садзейнічала знаёмства з самадзейным майстрам з Залесся Аляксандрам Іванавічам Жываевым. Ён заўважыў здольнасці хлопчыка, даў яму першыя ўрокі майстэрства. Тады і з'явіліся ў Валодзі мары прысвяціць сваё жыццё скульптуры і мастацтву ўвогуле. Пасля заканчэння школы ў 1965 годзе паступаў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне керамікі, бо набору на аддзяленне скульптуры тады не было. Але не здаў экзамен па жывапісу, таму восенню на тры гады пайшоў служыць у рады Савецкай Арміі.
   І гэта не кажучы пра ансамбль песні і танца імя  Агінскага, дзе брат Юрый іграў на цымбалах. Уладзімір таксама займаўся ў цымбальным аркестры. Убачыўшы, як дзецям нязручна трымаць цымбалы на каленях, бо яны ўвесь час ссоўваліся ўніз, ён распрацаваў канструкцыю металічных ножак, якія закручваліся і выкручваліся. Але пра патэнт творца тады не думаў, бо "проста хацеў дапамагчы дзецям". І гэта ў яго атрымалася. З таго часу(1963 г.) Барысаўская фабрыка музычных інструментаў пачала рабіць цымбалы на ножках па такой жа канструкцыі.
   Потым прыйшоў час электрагітар. Сябар брата вельмі добра разбіраўся ў радыётэхніцы і далучыў спецыяльныя элементы да звычайнай гітары, каб гук быў як у электра. Так у Смаргоні з'явіўся мясцовы ”Бітлз”. Дарэчы, басовую гітару з  дошкі таксама зрабіў бацька.  Усё атрымалася выдатна.
   Ва ўсіх членаў творчай сям’і Церабуноў быў голас.  І на Вялікдзень, і на Каляды заўсёды з іх дома былі чуваць сямейныя спевы. Ніхто нікога не вучыў, якую партыю трэба цягнуць, але спевы атрымоўваліся цудоўныя. Часцей за ўсё спявалі беларускія і ўкраінскія песні.