Вітaем вас, шаноўнае спадарства!
Прапануем вашай увазе

Музей жыцця і творчасці Уладзіміра Церабуна, мастака, грамадзяніна, асобы.
УЛАДЗІМІР ЦЕРАБУН, СЯБРА БЕЛАРУСКАГА САЮЗА МАСТАКОЎ, СКУЛЬПТАР, ЗАСЛУЖАНЫ ДЗЕЯЧ МАСТАЦТВАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Нарадзіўся ў вёсцы Несцяняты на Смаргоншчыне ў 1946 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1973 год), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу БССР (1976 год), з 1977 года сябра Беларускага саюза мастакоў, узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць” (г.Масква, 1986 год), з 1993 года Ганаровы грамадзянін горада Смаргонь, у 2007 годзе атрымаў званне Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. З 1973 да 2001 года жыў і працаваў у горадзе Гродна.

Скульптар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь А.Арцімовіч сказаў пра Уладзіміра Церабуна наступнае: “У асабістых зносінах для мяне раскрылася вельмі шмат, што датычыцца яго асобы мастака, чалавека, грамадзяніна: гэта і любоў да гісторыі, і захапленне музыкай, і яго шчырае каханне да сваёй "малой" радзімы - Смаргоні”.

Як жа трэба будаваць сваё жыццё, каб столькі паспяваць і ўпарта крочыць да сваёй мэты? Вельмі дарэчы будуць тут

ПАРАДЫ ЯК БЫЦЬ ШЧАСЛІВЫМ АД УЛАДЗІМІРА ЦЕРАБУНА

  1. Вера ў Бога. Гэта тое недасягальнае, да якога ўсё жыццё імкнешся. Чым бліжэй наблізішся, тым большы сэнс у твайго жыцця.
  2. Любоў, каханне. Да жыцця, да сям’і. Бо мы нарадзіліся дзеля таго, каб жыць і несці гэтую любоў іншым. Таксама важна і каханне паміж мужчынам і жанчынай. Няшчасны той чалавек, які не спазнаў яго.
  3. Нараджэнне дзіцяці. Гэта сакральнае. Важна ведаць, што такое ручка дзіцяці, якая трымаецца за твой палец, яго першыя крокі, першыя словы. Трэба прайсці праз гэта.
  4. Асалода ад працы. Трэба атрымліваць асалоду ад любой справы, якой займаешся. Асабліва ад той, якой займаешся большую частку свайго жыцця. Нават калі закладваеш падмурак.
  5. Сяброўства. Сваякі не заўсёды могуць дапамагаць адзін аднаму па жыцці. Таму важна, каб было каму пазваніць у складаную хвіліну. Часам сяброўства становіцца вышэй за каханне. Гэта самае галоўнае багацце, да¬дзенае далёка не ўсім.
  6. Інтымныя адносіны. Бог узнагародзіў людзей біялагічнымі адносінамі. У нас на гэта глядзяць як на штосьці сарамлівае ці, наадварот, - усёдазволенае. Але гармонія ў гэтых адносінах - найвялікшая радасць.
  7. Грошы. Вынік ўсяго вышэйзгаданага. Галоўнае, каб іх хапала для таго, каб адчуваць сябе Чалавекам.

Наведайце залы Музею жыцця і творчасці нястомнага
ПРАЦАЎНІКА НА НІВЕ МАСТАЦТВА УЛАДЗІМІРА ЦЕРАБУНА!