Зала 2. Вучоба, мары юнацтва, дасягненні

“Ігра на губным гармоніку, стварэнне шумавога аркестра з удзелам вясковай дзятвы, пад які танцавалі вечарам дарослыя, захапленне перайманнем гукаў птушак, звяроў, тарабарскай моваю далі магчымасць ў далейшым ствараць складаныя музычныя партытуры. Свет непазнавальны да канца, таму так цікава жыць і звяртацца да сваіх першакрыніц,” – так па-філасофску разважаў Яўген Канстанцінавіч на пытанне, што аказала на яго ўплыў, каб усё сваё жыццё прысвяціць музычнай творчасці.

Ці талент бацькоў, ці прыгожая прынёманская прырода ўзнагародзілі сціплага і працавітага хлопца магчымасцю ствараць і выконваць на дудцы, жалейцы, баяне і многіх іншых інструментах непаўторныя мелодыі?

Бацька і сын Петрашэвічы. 1978 год.

Яўген Канстанцінавіч распавядаў: “Практычна я самавукам налаўчыўся іграць на гармоніку, баяне, дудцы. Усё спасцігаў самапасам, мелодыю падбіраў на слых. Але надзвычай хацелася даведацца, як складаецца песня. Нотны стан здаваўся мне чымсьці недасягальным і мудрагелістым. Куды прасцей было паслухаць мелодыю, а пасля ўзяць гармонік ці баян і ўзнавіць яе. Упартым быў: пакуль не вывучу, не адступлюся!

Карысць для музыканта была таксама ў тым, што баяністаў у тыя студэнцкія часы ахвотна бралі на кватэру. Іншы недарэка ногі пазбівае, шукаючы пакой. А калі гаспадар ці гаспадыня пабачыць на тваім плячы гармонік альбо баян - няма праблемы. Праўда, граць будзеш, калі папросяць. Можаш урокі прапусціць, але не думай адмовіцца.”

Яўген Петрашэвіч з сястрою і яе мужам. Лістапад, 1952г.

Пачатковую школу Яўген Канстанцінавіч скончыў у мястэчку Лунна (Мастоўскі р-н).

У 1939 пераехалі ў Гродна. У 1949 скончыў 9-ты клас СШ №8. Адначасова вучыўся ў Гродзенскай музычнай школе па класу баяна, а затым паспяхова скончыў Мінскую музычную вучэльню імя М.Глінкі па спецыяльнасцях баян і дырыжыраванне. Музыка становіцца сэнсам яго жыцця.

Яўген Петрашэвіч. 2 ліпеня 1944 г.

З успамінаў кампазітара: “У пачатку 50-х гадоў я вучыўся ў Мінскай музычнай вучэльні. Для мяне той час прынёс шмат гора: рэпрэсіравалі бацькоў, мяне з трэцяга курса прызвалі ў войска (1950-53гг.). Вучоба, такім чынам, расцягнулася з 1949 па 1955 год. Але, затое, я вучыўся кампазіцыі ў прафесараў Мікалая Аладава і Яўгена Глебава. Быў знаёмы з Генрыхам Вагнерам. Аднойчы паказаў Вагнеру мелодыю, ён папрасіў яе ў мяне. Гэта мелодыя “Ціхі вечар” потым прагучала на творчым вечары Вагнера. Гэта была мая мелодыя. Я ніколі не выкарыстоўваў чужыя мелодыі, але, калі выкарыстоўвалі мае, злосці не трымаў. Таму што браць - адмоўная энергія, даваць - дадзеная, як месяц і сонца.

Адну з першых песень “Нарачанскія сосны” на словы Авяр’яна Дзеружынскага паказаў Генадзю Цітовічу. Пасля гэты твор спявалі Шыманскі і Юневіч (хто б мог падумаць!) з мужчынскай групы народнага ансамбля “Нёман”.

У мяне існуе дзве біяграфіі: адна - тая, якую пра мяне складаюць у кнігах, другая- тая, што жыве ў маёй памяці. Людзі рана ці позна думаюць пра цябе так, як ты думаеш сам пра сябе.”

Гаворачы пра студэнцтва Яўген Канстанцінавіч успамінаў і некаторыя кур’ёзныя моманты:

“У студэнцкія гады мяне называлі дзіваком, бо быў я, як не ўсе. А з цягам часу, калі пабывалі мае сябры за мяжой, то казалі, што там усе такія дзівакі. Яшчэ мяне клікалі народным філосафам, а я казаў ім: «філасОф», не, кажуць, “філОсаф”…”