Зала №8. Танец

Танец - самае ўзвышанае,
самае хвалюючае і самае
цудоўнае з ўсіх мастацтваў…
Хэўлак Эліс “Танец жыцця”

“Не люблю паўтарацца, і ніколі не ставіла танцаў з кніг, а толькі свае, бо гэта цікава”,- гаварыла Ларыса Дзмітрыеўна звычайна. І гэта было так, яна ніколі не паўтарылася.

Цяжка пералічыць і хоць бы коратка ахарактарызаваць усе танцы, пастаўленыя Ларысай Ляшэнка. Іх было каля 200, у тым ліку “Святочны кірмаш”, “Вясна-красна”, “Рассыпуха-полька”, “Сонца яснае ўзышло”, створаныя на рэгіянальным фальклорным матэрыяле Гродзеншчыны, які збіраўся ў экспедыцыях па родным краі. Ларыса Дзмітрыеўна часта выязджала ў вёскі, дзе запісвала народныя танцы, падбірала здольных танцораў.

Першая яе пастаноўка ў 1957 годзе - знакаміты “Крыжачок”, які пасля выконвалі шматлікія танцавальныя калектывы нашай рэспублікі. А далей - “Лявоніха”, “Беларуская полька”, “Цудоўная жалейка”, “Перапёлачка”, “Полька-трапятуха”, “Абэрак”, “Кірмаш”, “Мяцеліца”, “Лянок”, “Юрачка”, “Таўкачыкі”, “Мікіта” і шмат іншых.

Вялікім поспехам карысталіся вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі на музыку беларускіх кампазітараў: “Сонца яснае ўзышло”, “Залатыя каласы”, “Колькі ў небе зор”, “Нёманская рапсодыя”, “Танец з шалікамі” на музыку Ю.Семянякі і іншыя. У кожнага танца, пастаўленага Л.Д.Ляшэнка, свае прыёмы, свае асаблівасці.

Вакальна-харэаграфічная кампазіцыя
“Нёманская рапсодыя”.1962г.

Свае рэпетыцыі Ляшэнка Л.Д. ніколі не зводзіла да механічнай шліфоўкі патрэбных харэаграфічных рухаў. Яна заўсёды імкнулася да таго, каб як мага лепш, глыбей раскрыць ідэю танца, вобраз, унутраны свет героя кампазіцыі, каб харэаграфічныя кампазіцыі заўсёды вызначаліся шматфігурнасцю, яркасцю малюнка.

Да паездкі ў Маскву, дзе ансамбль выступаў на сцэне Крамлёўскага Палаца З’ездаў, Л.Д.Ляшэнка падрыхтавала танец “Беларуская мяцеліца”. Поспех “Беларускай мяцеліцы” быў незвычайны. Твор гэты назвалі “трыумфам беларускага народнага танца”. Танец зачароўвае сваёй жыццярадаснасцю, імклівай сілай, багаццем малюнка і стройнасцю кампазіцыі.

Сапраўды, танцы “Нёмана” - яскравая, маляўнічая “Лявоніха”, напоўненая радасцю і весялосцю зімовага свята “Беларуская мяцеліца” ці імклівая, віхравая “Полька”- пакінулі ў масквічоў найлепшыя ўражанні.

Адзначаліся таксама імкненні калектыву адлюстроўваць у танцы новыя падзеі сённяшняга жыцця. Таму такія станоўчыя водгукі падчас гастроляў атрымалі вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі “Залатыя каласы”, “Колькі ў небе зор”.

Вельмі цёпла прымалі заўсёды гледачы карагод “Залатыя каласы” на музыку гродзенскага кампазітара Яўгена Петрашэвіча. Дарэчы, задумка пастаноўкі “Залатых каласоў” была звязана з адной з гастрольных паездак у Маскву, калі гуляючы па цэнтральнай алеі ВДНГ, Ларыса Дзмітрыеўна вырашыла паставіць на сцэне карагод на тэму жніва і сельскагаспадарчай працы.

Як народны беларускі танец мае сваё нацыянальнае аблічча, самабытныя рысы, так і кожны танец Ляшэнка нясе адбітак яе таленту, характару, светапогляду, тэмпераменту...

Нават у танцах у 50-70-я гады панавала савецкая ідэалогія. Былі “заказы” - такія, як “Рэвалюцыйны танец” на музыку Рахманінава. Ды і ў астатнім нельга было парушаць “табу”. Але сапраўдны майстар заўсёды знойдзе магчымасць выразіць сябе, свой унутраны свет. У часы любой ідэалогіі можна разглядзець талент і бяздарнасць.

“Нёман” на танцавальнай пляцоўцы Прыроды…

Танцы, пастаўленыя Ларысай Дзмітрыеўнай Ляшэнка былі выдадзены ў двух зборніках, якія выйшлі ў 1982 і 1985 годзе ў Маскве і мелі назвы “Мяцеліца” і “Полькі-рассыпухі”.

Вокладка выдання танцаў у пастаноўцы Л.Ляшэнка
Апісанне танца[з аўтографам харэографа] для выдання
зборніка Л.Ляшэнка Рэспубліканскага навукова-
метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-
асветніцкай работы
Эскізы касцюмаў да сваіх танцаў яна стварала сама...
Работы Л.Д. Ляшэнка