Зала №7. Вучні

У 1999 годзе у газеце “Культура” быў надрукаваны артыкул “Ларыса Ляшэнка, чый лёс і прызванне - танец” Таццяны Кухаронак, кандыдата гістарычных навук, старшага навуковага супрацоўніка інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, якая сустракалася з Ларысай Ляшэнка ў яе дома, ва ўтульнай невялікай кватэры на завулку Даватара. Вось ўспаміны Т.Кухаронак з артыкулу: “Вельмі многа і з задавальненнем любіла расказваць яна аб сваіх вучнях, якіх за трыццаць гадоў выхавала і “выправіла ў людзі” не адзін дзесятак. Зараз яны працуюць ужо са сваімі ансамблямі ў розных кутках Беларусі, на Украіне, у Расіі, Польшчы, больш маладыя яшчэ танцуюць у прафесійных калектывах нашай краіны і за яе межамі. Многія з іх часта пісалі сваёй настаўніцы, тэлефанавалі, прасілі парады, дзяліліся сваімі радасцямі і горам. Бо для некаторых з іх Ларыса Дзмітрыеўна стала другой маці.

Удзячныя вучні з ансамбля “Нёман” [выступленне ў Мінску ў 1962 годзе]

Праз яе рукі прайшлі самыя розныя хлопцы і дзяўчаты са сваімі характарамі, тэмпераментамі, лёсамі, поглядамі на жыццё, - і да кожнага ёй трэба было знайсці свой падыход. Ларыса Дзмітрыеўна дапамагала кожнаму маладому танцору раскрыць свой талент, часта нават насуперак яго жаданню, знайсці такі танец, такі сцэнічны вобраз, у якім бы зіхацелі ўсе бакі даравання канкрэтнага выканаўцы.

На занятках танцавальнай групы Ляшэнка пастаянна прытрымлівалася аднаго метадычнага прынцыпу: “Можна яшчэ не ўмець выконваць, але нельга губляць жаданне навучыцца”.

Прыходзілі да Ларысы Дзмітрыеўны і падлеткі, ад якіх на той час адмовіліся і бацькі, і школа, такія яны былі “цяжкія”. А гэтая жанчына знаходзіла падыход да дзіцячай душы і сэрца, разумеючы добра асаблівасці дадзенага ўзросту, - яна давала ім на рэпетыцыі такія нагрузкі, што яны ледзьве дапаўзалі дадому. Якое ўжо пасля гэтага магло быць хуліганства! З некаторых хлопцаў атрымаліся потым вельмі яркія салісты, асабліва ў хуткіх танцах, дзе патрэбны былі спрыт, сіла, “кураж”, як гаварыла Ларыса Дмітрыеўна”.

У Л.Д.Ляшэнка было звыш 500 выхаванцаў!

Вось прозвішчы некаторых самых таленавітых вучняў Ларысы Ляшэнка: Е.Губіна, А.Казячая, Н.Султанава, С.Федаровіч, М.Пісьлякоў, Н.Валедава, Л.Франкоўская, З.Маёрава, Т.Сімановіч, Т.Цвяткова, Н.Парахневіч, У.Супоненка і шмат іншых.

У ансамблі “Нёман” раслі сапраўдныя таленты, стварыўшыя пасля свае творчыя калектывы. Як, напрыклад, Слава Федаровіч, якога некалькі разоў выклікалі на “біс” на Крамлёўскай сцэне. Ён па 36 разоў круціў “паветраныя туры” ў танцы “Мяцеліца”. Круціў з такой хуткасцю, што немагчыма было разглядзець яго твар. Потым Слава Федаровіч кіраваў кіеўскім ансамблем “Чернобрівіца”, які аб’ехаў з гастролямі не адзін дзесятак краін.

А было яшчэ і такое. У 80-я гады амаль усе дзяўчаты ў ансамблі “Нёман” сталі курыць, і ніякія ўгаворы, пагрозы, крыкі не дапамагалі. Ларыса Дзмітрыеўна ўспамінала, што яна была ў адчаі, бо дзяўчаты пачалі хутка стамляцца на рэпетыцыях, знікла нейкая ледзь улоўная праява абаяльнасці падчас выступленняў. І вось тады Ларыса Ляшэнка зрабіла наступнае: апранула бялюсенькую блузку, сабрала ўсіх дзяўчат, закурыла цыгарэту, зацягнулася і выпусціла дым на каўнер сваёй кашулі, які адразу стаў шэра-жоўтым. Моўчкі пастаяла і пайшла. Пасля гэтага амаль усе аматары цыгарэт кінулі гэтую справу. А Ларыса Дзмітрыеўна аб гэтым выпадку сціпла казала: “Мабыць, хвіліна такая добрая надарылася, а я тут ні пры чым”.

Выступленне “нёманаўцаў” на канцэртных пляцоўках пад адкрытым небам [80-я гг.]