Пасляслоўе

Ларыса Дзмітрыеўна Ляшэнка зрабіла вялікі ўклад у развіццё беларускай харэаграфіі. Яе танцы ў выкананні ансамбля “Нёман” пабачылі народы розных краін свету. Яны ўсюды паказвалі прыгажосць душы беларускага народа і праслаўлялі Беларусь.

За заслугі ў развіцці беларускай харэаграфіі і папулярызацыю беларускіх народных танцаў Ларысе Ляшэнка прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры БССР” у 1964 годзе. У 1959, 1968 і 1978 гадах Ларыса Дзмітрыеўна Ляшэнка ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

“На сцэне - слаўны юбіляр...” Вечар-шанаванне да 80-годдзя Л.Д.Ляшэнка [сакавік 1994 года]

Да 100-годдзя Ларысы Ляшэнка ў 2014 годзе на гэтым сайце дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна" быў адкрыты электронны музей «Ларыса Ляшэнка: жыццё і творчасць», асновай якога паслужылі сабраныя бібліятэкарамі копіі дакументаў з асабістага архіва сям'і, фатаграфіі, успаміны родных і блізкіх, публікацыі пра яе ў сродках масавай інфармацыі.

Рашэннем Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 8 ліпеня 2014 г. № 16 заслужаны дзеяч культуры Беларусі, кіраўнік і балетмайстар народнага ансамбля песні і танца «Нёман» імя Ляшэнкі Ларысы Дзмітрыеўны за развіццё харэаграфічнага і вакальнага мастацтва Гродзеншчыны занесена ў Кнігу славы горада Гродна.

24 ліпеня 2007 года Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне «Аб ўсталяванні мемарыяльнай дошкі» кіраўнікам народнага ансамбля песні і танца «Нёман» Чопчыцу А.С. і Ляшэнке Л.Д.

Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі. Выступае ансамбль “Нёман”. 2007 год. Аўтар фота Ірына Новік
Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі А.Чопчыцу і Л.Ляшэнцы. 2007. Аўтар фота Ірына Новік
Мікола Таранда – удзельнік ансамбля “Нёман” каля мемарыяльнай дошкі кіраўнікам ансамбля. Аўтар фота Ірына Новік

Мемарыяльная дошка за значны ўклад у мастацкую культуру Беларусі з мэтай ушанавання памяці заслужаных дзеячаў БССР Адама Сідаровіча Чопчыца і Ларысы Дзмітрыеўны Ляшэнкі ўстаноўлена ў 2007 годзе па рашэнні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта на будынку Гродзенскага гарадскога дома культуры (вул. Дзяржынскага, 1, цяпер канцэртная зала Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры). Скульптар – Анціпін Аляксандр Сяргеевіч. Тэкст на дошцы: «Кіраўнікам народнага ансамбля песні і танца «Нёман», заслужаным дзячам культуры БССР, ганароваму грамадзяніну г. Гродна Адаму Сідаравічу Чопчыцу (1921–2005 гг.) і балетмайстру Ларысе Дзмітрыеўне Ляшэнке (1914–2004 гг.)».

Імя Ларысы Ляшэнкі прысвоена вуліцы ў горадзе Гродна (2014).



Вось і завяршылася падарожжа па залах Музею імклівага і яскравага, як бліскавіца, жыцця Ларысы Ляшэнка... Да наступных сустрэч ў яго залах з тымі, хто хоча захаваць памяць пра яе.

Укладальнік экскурсіі па залах Музею жыцця і творчасці Л.Д.Ляшэнкі Свірыда Н.Р.