











Нарадзілася Ларыса Дзмітрыеўна Ляшэнка 14 сакавіка 1914 года ў Вільнюсе.
Бацька яе, Бароўскі Дзмітрый Дзмітрыевіч, вучыўся ў Вільнюсе на юрыдычнам факультэце, а вольны час цалкам аддаваў музыцы. Іграў ён амаль на ўсіх музычных інструментах, да таго ж, майстраваў скрыпкі. Асабіста быў знаёмы са многімі музыкантамі, наведваў канцэрты, на якія часта браў з сабою дзяцей, Ларысу і Валю. Адна скрыпка работы Бароўскага Дмітрыя Дзмітрыевіча захавалася ў малодшай дачкі Валі.
Маці, Бароўская Стэфанія Людвігаўна, родам з Беластоку, прысвяціла ўсё сваё жыццё выхаванню дзяцей, займалася хатнімі справамі, сама шыла адзенне дочкам.
Ларыса была старэйшая за Валю на 10 гадоў. З ранняга маленства бацька вучыў яе чытаць, іграць на скрыпцы. Калі Ларысе споўнілася чатыры гады, сям’я пераехала з Вільні спачатку ў бацькіну родную вёску Ульшчына Дзісенскага павета Віцебскай губерніі, затым у горад Яраслаўль. Праз пэўны час з Яраслаўля яны трапілі ў Арэнбург. Адразу пасля рэвалюцыі, калі бацьку давялося служыць у радах Чырвонай Арміі, сям’я Бароўскіх пераехала ў Арол. У Арле сям’я Бароўскіх жыла ў адным з пакояў былога дома купца Падшывалава, і ў памяці Ларысы Дзмітрыеўны з таго часу застаўся цудоўны сад з вельмі смачнымі і велізарнымі грушамі, падобных да якіх яна нідзе і ніколі потым не бачыла.
Бацька Ларысы працаваў натарыусам, юрысконсультам. Але музыка вабіла яго да сябе з неверагоднай сілаю, і, ў рэшце рэшт, ён канчаткова пакінуў юрыспрудэнцыю і заняўся музыкай. Выкладаў у музычнай вучэльні ў Арле.
Ларыса Бароўская вучылася ў Арлоўскай агульнаадукацыйнай фабрычна-завадской сямігодцы. Па спевах, маляванні, рускай мове і літаратуры атрымлівала “пяцёркі”, а па матэматыцы - адны “двойкі”. Настаўніца матэматыкі часта казала, што з Ларысы можа атрымацца толькі артыстка.
Менавіта ў Арле ёй давялося атрымаць сваю першую музычную адукацыю. З другога класа адначасова Ларыса вучылася ў школе мастацтваў, дзе, акрамя ігры на віяланчэлі, скрыпцы і фартэпіяна, яна асвойвала мастацтва балета.
Адно з самых яркіх ўспамінаў Ларысы Дзмітрыеўны пра той перыяд:
“Сонечны поўдзень у Арлоўскай школе мастацтваў. Вяртаюся з урока ігры на скрыпцы. Спыняюся перад драўлянымі дзвярыма з празрыстым шклом ўверсе. Мне сем гадоў. Я яшчэ маленькая і не магу зазірнуць у шклянае акенца дзверы. Але я цягнуся, станаўлюся на дыбачкі, чапляюся за ручку. Мне ўдаецца і - о, Бог мой, - там дзяўчынка, якая пырхае на кончыках пальцаў... З крыкам урываюся ў пакой: - Я таксама хачу так! Навучыце! - Няхай дзяўчынка пазабаўляецца, - сказаў тады бацька не вельмі задаволенай маме”.
І Ларыса пачала сваю “забаву”, якая доўжылася ўсё жыццё.
Але ж сапраўдных забаў на долю Ларысы выпадала няшмат. Напэўна, усе яны засталіся ў дзяцінстве, калі нават складанейшыя заняткі скрыпкай даваліся без напружання, і мама ніяк не магла зразумець, за што дачцы ставяць “пяцёркі”, калі яна зусім не іграла дома.
А дзяўчынка з першага разу запамінала любую п’есу на слых, пасля праігрывання настаўніцай. Але ўсё ж марыла пра танцы...
З малых гадоў Ларыса вельмі любіла маляваць, захаплялася паэзіяй Пушкіна, Лермантава і іншых паэтаў, а затым сама пачала пісаць вершы. Дзякуючы ўпартасці і працавітасці дзяўчынкі, развіваліся яе шматлікія здольнасці. Усе яны ярка праявіліся ў раннім дзіцячым узросце.