Зала 1. Галоўная

Беларускі пісьменнік, член Союза пісьменнікаў СССР (1953), грамадскі дзеяч, заслужаны работнік культуры БССР (1980), лаўрэат літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў БССР імя Івана Мележа (1986), удзельнік партызанскага руху і баявых дзеянняў у Вялікую Айчынную вайну.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны І і II ступеняў, медалямі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» І ступені, «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1041–1945 гг.», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», залатым крыжам ордэна «Virtuti Militari» (Польшча).

Імя А. Н. Карпюка прысвоена вуліцы ў горадзе Гродна (2014). На доме, дзе жыў пісьменнік, усталяваная мемарыяльная дошка (2019, вул. Ажэшкі, 49, скульптар Панцялееў В. І.).

Пісанне стала маім лёсам. Я знайшоў спосаб, як быць найбольш карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!

А. Н. Карпюк

З дробных кропель складаецца акіян, а несмяротнасць чалавецтва вырастае з дзейнасці кожнай асобы. Асабліва калі яна яркая і таленавітая.

Электронны музей жыцця і творчасці створаны ў гонар такога чалавека – беларускага пісьменніка Аляксея Нічыпаравіча Карпюка. Імя празаіка Аляксея Карпюка назаўжды ўпісана ў беларускую літаратуру, памяць пра яго – у сэрцах тысяч беларусаў, хто меў шчасце яго ведаць асабіста, прачытаў творы пісьменніка. Вуліцы старой Гародні захоўваюць крокі мужнага і непераможнага ў барацьбе за справядлівасць чалавека.

Кожны дзень з жыцця – карціна.
Намаляваная чорна-белымі альбо каляровымі фарбамі.
Пражытыя гады – залы музею, дзе сабраныя гэтыя карціны.
Спынімся каля некаторых палотнаў жыцця і творчасці Асобы,
Незвычайных па сюжэце, яскравых па каларыце.

Асэнсоўваць, успамінаць, слухаць сэрцам і прыпыняцца каля карцін жыцця і творчасці пісьменніка і грамадзяніна Аляксея Карпюка запрашае наш Музей.