Фiлiял №10

Адрас: г. Гродна, вул. Пестрака, 36

Працуем: 10:00-19:00, субота 10:00-18:00, выхадны – нядзеля, санітарны дзень – другі чацвер месяца

Тэлефон, е-mail: 80152-33-39-22 (2-гі паверх дзіцячы), 80152-33-39-23 (1-ы паверх дарослых),  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Мы ў сацыяльных сетках:    

Загадчык: Токарава Марыя Вітальеўна

 

Клубы па iнтарэсах: "Залатая моладзь" – арганізацыя вольнага часу ветэранаў працы; "Мазаіка"– для аматараў літаратуры і мастацтва (7-10 гадоў), "Жывыя літары" – пазнавальна-забаўляльны, эстэтычнае развіццё дзіцяці.

Асноўная інфармацыя

Бібліятэкі-філіялы №10 і №11 (для дзяцей) былі адкрыты па рашэнні Гродзенскага гарвыканкама ў кастрычніку 1986 года па вуліцы Пестрака, 56а. У новым мікрараёне Прынёманскі гэта была адзіная установа культуры, якая адчыніла свае дзверы на другім паверсе прыстасаванага новага будынку. Быў зроблены добры рамонт, закуплена мэбля,  створаны ўнікальны на той час дызайн памяшкання. Першыя бібліятэчныя супрацоўнікі філіяла №10 – Біч Лідзія, Сярко Таццяна і Буцько Валянціна.

У 1987 годзе на пасаду старшага бібліятэкара филияла №10 была прызначана выпускніца Мінскага інстытута культуры Свірыда Наталля Рыгораўна, якая з 1991 да 1994 года была задчыкам філіяла. Яна ўспамінае: "Асноўны змест дзейнасці філіяла №10 з 1987 па 1989 год зводзіўся да прыцягнення чытачоў. Неабходна было рэкламаваць бібліятэку ў інтэрнатах, сярод жыхароў вуліц Пестрака, Томіна, 40 год Перамогі (цяпер Кляцкова). Вішнявец толькі пачаў будавацца, і мікрараён быў яшчэ невялікі. Якасць кніжнага фонду не адпавядала густам і запытам многіх жыхароў раёна. Палова насельніцтва вуліц Пестрака і Томіна прачыталі "Сагу аб Фарсайтах" Галсуорсі, "Запіскі аб Шэрлаке Холмсе" Конан-Дойля, якія былі прадстаўлены ў фондзе значнай колькасцю экзэмпляраў. Гэтыя кнігі філіял №10 атрымаў ад іншых бібліятэк у больш чым дастатковай колькасці. Выратоўвала падпіска чытальнай залы на перыядычныя выданні. Часопісы і газеты пачалі карыстацца асабліва вострым попытам. Для таго, каб прачытаць апошнія нумары часопісаў "Новый мир», «Знамя», «Звезда», «Дружба народов», «Наш современннк», трэба было запісвацца ў асобны сшытак чытальнай залы і чакаць. Паступова за 1989-1992 гады сабраўся нядрэнны кніжны фонд, бо новыя партыі кніг былі вялікія, са значный колькасцю мастацкай літаратуры".

У 1989-1993 гг. дзейнічаў клуб па інтарэсах "Цікавыя сустрэчы", у які ўваходзіла моладзь (старшакласнікі СШ №26 і СШ №9) і настаўнікі. На сустрэчы ў клуб прыходзілі літаратуразнаўцы ўніверсітэту імя Янкі Купалы, члены клуба бардаўскай песні, пісьменнікі і паэты. Любімай формай была літаратурная вечарына пры свечках, з запрашэннем выканаўцаў-гітарыстаў. 

У 1995 годзе філіял №10 становіцца пераможцам у ІІІ Рэспубліканскім конкурсе Беларускага фонду культуры «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры».

Загадчыкам філіяла ў 1994–1998 гады была Тамара Мікалаеўна Яшчук (цяпер Хламко Т.М.).

З 1999 года на пасаду загадчыка была прызначана Міхайленка Ніна Ільінічна. З 1995 да 1998 гадоў пры бібліятэцы працаваў клуб «Дэбаты». Гадзіны гісторыі, літаратурна-музычныя вечарыны, цікавыя сустрэчы, дыскусіі і абмеркаванні – далёка  не поўны пералік формаў работы аб'яднання. Бібліятэка-філіял №10 працавала ў цесным супрацоўніцтве з прафсаюзнай бібліятэкай завода “Хімвалакно”, сярэднімі школамі № 9, 26, 31, 34, ПТВ-127, ПТВ -119. Пры бібліятэцы створаны два клубы па інтарэсах: для пажылых людзей “Ветэран” (сакавік 2000 года), для аматараў літаратуры і мастацтва “Прамень” (лістапад 1998 года), якія паспяхова дзейнічаюць і сёння.

Бібліятэка-філіял №10 з 2000 да 2103 года актыўна супрацоўнічае з нацыянальнымі грамадскімі аб’яднаннямі літоўцаў “Тэвіне”, украінцаў “Барвінак”. Шматлікія культурна-масавыя мерапрыемствы для прадстаўнікоў гэтых і іншых нацыянальна-культурных аб’яднанняў праводзяцца філіялам №10 штогод. Гэта і нацыянальныя фальклорныя святы “Традыцыі майго народа”, Дні культуры Літвы і Украіны, літаратурна-музычныя гасцёўні, прысвечаныя паэтам Т.Шаўчэнку, Лесі Украінцы, кампазітару і мастаку М.К.Чурлёнісу, літоўскае нацыянальнае свята “Цэпеліны”, навагоднія вечарыны, выстаўкі карцін майстроў Літвы і Украіны і інш.   Для прадстаўнікоў нацыянальных аб’яднанняў створаны фонд літаратуры на украінскай і літоўскай мовах. Афармляюцца кніжныя выставы, прысвечаныя нацыянальным святам, юбілеям дзеячоў культуры і мастацтва Літвы і Украіны.

Філіял №10 абслугоўваў штогадова больш за 3500 карыстальнікаў, якім выдавалася каля 80000 экземпляраў дакументаў. Фонд налічваў больш за 33 тыс. экзэмпляраў кніг і іншых відаў дакументаў. Кожны карыстальнік наведваў бібліятэку ў сярэднім 8-9 разоў за год, што з’яўляецца вельмі добрым паказчыкам запатрабаванасці бібліятэчных паслуг філіяла №10 сярод жыхароў мікрараёна. Бібліятэка працягвала весці актыўную масава-інфармацыйную работу: працавалі два клубы па інтарэсах “Ветэран” і “Прамень”, выконваліся мерапрыемствы праграмы па супрацоўніцтву з нацыянальна-культурнымі грамадскімі аб’яднаннямі “Нацыянальная мазаіка”, праводзілія шматлікія мерапрыемствы для моладзі па выхаванні здаровага ладу жыцця.

Побач з філіялам №10 ў адным будынку працаваў дзіцячы філіял №11. Першапачаткова ў 1987 годзе фонд дзіцячай бібліятэкі-філіяла №11 налічваў каля 2 тысяч экземпляраў, якія былі перададзены з іншых дзіцячых бібліятэк горада. З 1986 года старшым бібліятэкарам філіяла №11 стала Камарова Марыя Аляксандраўна, у 1991 годзе яна была пераведзена на пасаду загадчыка філіяла, якая з’явілася ў штатным раскладзе. Пад яе кіраўніцтвам ў 1987 годзе пачаў сваю работу клуб па інтарэсах “Мазаіка”, які працягвае сваю дзейнасць і па сённяшні дзень. Галоўная задача клуба – эстэтычнае выхаванне праз мастацкі вобраз, літаратуру, слова. За кароткі час бібліятэка здабыла папулярнасць сярод чытачоў і па праву стала культурным цэнтрам мікрараёна. З 2005 года загадчыкам філіяла №11 становіцца Святлана Яўгенаўна Казбанава.

Бібліятэка з часу заснавання вядзе шматгранную выхаваўчую работу сярод школьнікаў, садзейнічае эстэтычнай адукацыі і выхаванню ў дашкольных і сярэдніх навучальных установах. З 1987 года бібліятэка становіцца метадычным цэнтрам у арганізацыі эстэтычнага выхавання дзяцей ў сярэдніх школах і дзіцячых садках. Сумесна з музычнымі школамі №1 і №2, дзіцячай мастацкай школай, Палацам дзіцячай творчасці і СШ № 9  горада Гродна была падрыхтавана і рэалізавана праграма эстэтычнага выхавання дзяцей, якая была разлічана на 1987 – 1992 гады. У 2001-2004 гадах была рэалізавана праграма» для навучэнцаў  пачатковых класаў “Школа эстэтычнага развіцця” Яна ўключала шэраг мерапрыемстваў тэматычных базавых блокаў: музычнага, літаратурнага, мастацкага і тэатральнага.

Філіял №11 - гэта месца, дзе можна не толькі пачытаць, але і праявіць і развіць свае творчыя здольнасці. З 2009 да 2016 года пры бібліятэцы працаваў клуб “Радасць”, які аб’ядноўваў аматараў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Працаваў клуб аматараў чытання і мастацтва “Мазаіка” (да 2016 года). У рамках дзейнасці клуба “Радасць” праводзіліся персанальнныя выставы работ членаў клуба, выставы адной карціны, майстар-классы.  Членамі клуба з’яўляліся дарослыя і дзеці. Кіраўніком двух клубаў з’яўлялася бібліятэкар Аутка Л.І., якая добра валодла майстэрствам мастацкай вышыўкі, стварала цудоўныя работы, якія экспанаваліся на шматлікіх рэспубліканскіх і абласных выставах. У клубаў была старонка ў сацыяльнай сетцы ЖЧ (ЖЖ) .

Фонд бібліятэкі-філіяла №11  - больш за 20 тысяч экзэмпляраў дакументаў. Паслугамі карысталіся кожны год больш за 3500-3.800 чытачоў. Ім выдавалася каля 76000 экз. дакументаў. Штогадова праводзіліся больш за 80 масавых мерапрыемстваў розных форм. Бібліятэка з 2008 года аказвае паслугі, звязаныя з камп’ютарнымі тэхналогіямі.

З 1 студзеня 2014 года ў адпаведнасці з рашэннем Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 24.12.2013 г. №744 “Аб зацвярджэнні структуры і штатнага раскладу Гродзенскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы” і загадам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама ад 30.12.2013 №63 “Аб унясенні змяненняў у структуру і штатны расклад” філіял №10 і філіял №11 былі аб’яднаны ў адну структурную адзінку – бібліятэка-філіял №10 (для абслугоўвання дзяцей і дарослых). Загадчыкам аб'яднагнага філіяла №10 стала Казбанава Святлана Яўгенаўна. 

З 1986 да 2017 года бібліятэкі-філіялы №10 і №11, а затым аб'яднаны філіял №10 размяшчаліся ў будынку па адрасе вуліца Пестрака 56а. Але будынак не меў рамонтаў, што прывяло да яго аварыйнага стану. Для размяшчэння бібліятэкі былі знойдзены новыя памяшканні. З красавіка 2017 года бібліятэка-філіял пераехала ў памяшканні па новым адрасе – вул. Пестрака, 36. Карыстальнікамі бібліятэкі сталі больш за 5 тысяч жыхароў мікрараёна. Загадчыкам бібліятэкі-філіяла №10 да сакавіка 2019 года была Казбанава С.Я. Са жніўня 2019 года загадчыкам стала Токарава Марыя Вітальеўна.

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Дадатковая інфармацыя