Гродназнаўства

Гродна - горад цэркваў і касцёлаў, старых замкаў і палацаў каралёў. Старажытная гісторыя Гродна пачыналася з Замкавай гары. На высокім пагорку, у вусце рэк Нёмана і Гараднічанкі ў Х-ХІ стагоддзях было закладзена ўмацаванае паселішча. У 1127 горад упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах. Гісторыя адвяла гэтаму гораду незвычайнае месца ў вырашэнні лёсаў найбуйнейшых еўрапейскіх дзяржаў. У XIII стагоддзі тут пачыналася Вялікае княства Літоўскае. У канцы XVIII стагоддзя ў гродзенскім Новым замку зведала другі раздзел, а пазней спыніла сваё існаванне некалі магутная Рэч Паспалітая.

У Гродна можна падняцца на Замкавую гару, з якой добра відаць быў стары горад, наведаць найстарэйшую царкву Беларусі - Барыса-Глебскую або Каложскую (XII стагоддзе), Фарны касцёл, у якім па статусе службу можа весці сам Папа Рымскі. Побач з каталіцкімі касцёламі і праваслаўнымі цэрквамі - лютаранская кірха і яўрэйская сінагога. Прыемна прайсці вулачкамі старога горада, па якіх некалі гулялі Стэфан Баторый і Станіслаў Панятоўскі, Антоній Тызенгаўз і Жан Жылібер, Чэслаў Неман і Эліза Ажэшка, Максім Багдановіч і Васіль Быкаў...

Каб больш даведацца пра горад і гараджан, у цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка створана і папаўняецца краязнаўчая электронная бібліятэка (КЭБ) "Гродна - інфармацыя для ўсіх". Гэта сховішча электронных дакументаў розных фарматаў, якія маюць дачыненне да горада Гродна (Беларусь). Гэта інфармацыйна-пошукавая сістэма з праграмным забеспячэннем "Сістэма кіравання рэпазіторыем лічбавых рэсурсаў з механізмам індэксацыі і Web-дадатак для карыстальніка рэпазіторыя". Гэта інфармацыйны рэсурс з наяўнасцю фактаграфічнага, бібліяграфічнага, графічнага, гукавога, поўнатэкставага матэрыялу і магчымасцю дакладнага пошуку ў ім. Тут можна атрымаць інфармацыю пра пісьменніка, мастака, музыканта, дзеяча культуры, мастацтва, навукоўца, спартоўца ці ветэрана вайны, якія нарадзіліся ці жывуць (-лі) у горадзе Гродна, знайсці дакументы па гісторыі, экалогіі, архітэктуры, навуцы, прамысловасці, культуры і мастацтве горада Гродна, пра помнікі гісторыка-культурнай спадчыны і інш.

КЭБ арганізавана з улікам патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” (Арт.36 і 37). Выданні пэўных аўтараў знаходзяцца ў электроннай бібліятэцы з іх ведама і дазволу. Дакуметы, фотаздымкі, відэасюжэты, рукапісы, публікацыі перададзены для ЭБ аўтарамі ці членамі іх сямей з асабістых архіваў. Выкарыстаныя тэксты артыкулаў з часопісаў, газет, зборнікаў маюць бібліяграфічныя апісанні першакрыніц публікацыі. Пераважная большасць матэрыялаў падрыхтавана бібліятэкарамі. КЭБ "Гродна - інфармацыя для ўсіх" прадстаўлена на сайце Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна і даступная для карыстальніка па адрасе: http://86.57.162.94:8088.

Для зацікаўленых гродназнаўствам чытачоў, а таксама для аддаленага карыстальніка ў 2017 годзе былі распрацаваны інфармацыйныя рэсурсы ўласнай генерацыі "Ганаровыя грамадзяне горада Гродна", "Кніга славы горада Гродна", у 2014-2015 гадах былі створаны электронныя музеі жыцця і творчасці Ларысы Ляшэнкі, Яўгена Петрашэвіча, Уладзіміра Церабуна.

 

Дадатковая інфармацыя