Дарога ў бібліятэку

13 верасня ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка ўшаноўвалі лепшых чытачоў. Традыцыйна напярэдадні свайго прафесійнага свята бібліятэка збірае сяброў – пастаянных чытачоў, каб уручыць ім «Ганаровыя білеты». Спадабаліся прысутным выступленні саміх чытачоў, якія заўсёды з цеплатою ў сэрцы адгукаюцца пра бібліятэкі.

Каралеўскі горад

14 верасня ў рабоце ІІІ кніжнага фестывалю «Кніжныя скарбы Беларусі» бралі ўдзел і гарадскія бібліятэкі. На кніжнай выставе «Каралеўскі горад Гродна», арганізаванай супрацоўнікамі ГЦБ імя А. Макаёнка, была прадстаўлена літаратура аб гісторыі і сённяшнім дні горада над Нёманам, яго турыстычнай прывабнасці, пісьменніках Гродна. Выстава прыцягвала ўвагу шматлікіх аматараў кнігі. Для маленькіх гасцей свята супрацоўнікі бібліятэкі № 3 прапанавалі сваімі рукамі зрабіць кніжную закладку з відамі горада. У акцыі «75 хвілін чытання» ўдзельнічалі партнёры бібліятэчнай сістэмы – выхаванцы ўзорнай дзіцячай музычна-драматычнай студыі «Бубенчыкі» Цэнтра культуры г. Гродна. Дзеці прачыталі творы Я. Купалы, Я. Коласа і Л. Геніюш. Двойчы на сцэне фестывалю бібліятэкары прадэманстравалі цішоткі з выявамі вядомых архітэктурных жамчужын горада, намаляваных мастачкай Кацярынай Забелінай.  Сярод пераможцаў абласнога конкурсу «Архітэктурныя помнікі малой радзімы», узнагароджаных у межах фестывалю, былі і супрацоўнікі гарадской бібліятэкі № 3 – удзельнікі аўтарскага калектыву пад кіраўніцтвам К. і І. Адасікаў, які стварыў макет Дома-музея Элізы Ажэшкі. Сумесная праца заняла 1-е месца ў намінацыі «Гонар зямлі прынёманскай».

Помнікі архітэктуры Гродна ў дэфіле ад бібліятэкараў

Дакрануцца да гісторыі горада можна па-рознаму. Супрацоўнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна ў Дзень горада 14 верасня прапанавалі зрабіць гэта з дапамогай літаратуры і мастацтва. Бо Гродна – яшчэ і горад таленавітых людзей – паэтаў, музыкантаў, мастакоў. На сцэнічнай пляцоўцы ІІІ кніжнага фестывалю «Кніжныя скарбы Беларусі» бібліятэкары двойчы прадэманстравалі цішоткі з выявамі вядомых архітэктурных жамчужын горада, намаляваных таленавітай мастачкай Кацярынай Забелінай. Увазе гараджан прадставілі дзевяць аўтарскіх прынтаў, на якіх былі адлюстраваны: Каложская царква, Кафедральны сабор Святога Францыска Ксаверыя, Бернардзінскі касцёл, пажарная каланча, старая частка будынка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Дом-музей Элізы Ажэшкі, гродзенскі драмтэатр, Францысканскі касцёл і Раства-Багародзічны жаночы манастыр.

Ураджэнцы Гродна

13 верасня ў бібліятэцы № 2 для вучняў 8 «Б» класа СШ № 11 адбылася краязнаўчая гадзіна «Ураджэнцы Гродна ў свеце». Бібліятэкары расказалі пра знакамітых землякоў, якія пакінулі глыбокі след у сусветнай гісторыі, навуцы, культуры і мастацтве. Пазнаёмілі са значнымі падзеямі ў жыцці Гродна. Школьнікі адказалі на пытанні віктарыны «Чым і кім слаўны наш горад» і паглядзелі відэаролік «Мой край родны ў назвах і лёсах».

Чытач за бібліятэчнай кафедрай

13 верасня ў бібліятэцы № 10 прайшоў цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных кніжным захавальніцам краіны. Знаёмства з бібліятэкай у вучняў 2-х класаў гімназіі № 9 пачалося з экскурсіі «Бібліятэка – цудоўнае месца, дзе кнігам не сумна, дзе ўсё цікава». Адбылася гульнявая праграма «Чытач за бібліятэчнай кафедрай», падчас якой школьнікі паспрабавалі сябе ў ролі бібліятэкара, а таксама з вялікім задавальненнем бралі ўдзел у гульні «Адгадай літаратурнага героя» і конкурсе «Складзі казку». Напрыканцы мерапрыемстваў усе атрымалі салодкія прызы.

 

Як прайсці ў бібліятэку?

Напярэдадні прафесійнага свята супрацоўнікі аддзела абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка выйшлі на вуліцы, каб спытаць жыхароў горада, ці ведаюць яны як прайсці ў бібліятэку. З 20 апытаных 16 чалавек дакладна назвалі адрас бібліятэкі на Цітова і атрымалі паветраныя шары і візіткі, а тыя, хто не змаглі адказаць, атрымалі падказкі пра месцазнаходжанне і візіткі з адрасам. Бібліятэка заўсёды рада бачыць сваіх чытачоў!

 

Дадатковая інфармацыя