Пагуляем у роднае слова

20 лютага ў аддзеле абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка адбылася літаратурная гульня «Пагуляем у роднае слова». Хлопчыкі і дзяўчынкі з прышкольных лагераў сярэдніх школ № 6 імя Г.А. Гарнавых, №19 і №15 імя Д.М. Карбышава адказвалі на пытанні віктарыны «Родны край», адгадвалі загадкі і значэнне фразеалагізмаў па малюнках, даведваліся па апісанні беларускія народныя казкі. Завяршылася гульня заданнем з «Чароўнага кошыку», у якім дзеці на беларускай мове называлі выбраныя прадметы. Паглядзелі мультфільм паводле казкі А. Масла «Лагодны воўк».

Бравыя рабяты

20 лютага ў бібліятэцы №7 для членаў дзіцячага пазнавальнага клуба «Знайка» прайшла інтэрактыўная гульня «Бравыя рабяты», прысвечаная Дню абаронцы Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Дзеці праявілі спрыт у конкурсах «Уцёкі з палону» і «Трапны стралок», а кемлівасць – у конкурсах «Інтэлектуальны» і «Музычны».

З любоўю да беларускага слова

20 лютага ў бібліятэцы №1 правялі літаратурную гадзіну «З любоўю да роднага слова». Навучэнцы сярэдняй школы № 18 пазнаёміліся з гісторыяй гэтай даты, даведаліся аб разнастайнасці моў свету, праверылі веданне беларускай мовы ў конкурсах: «Фразеалагічны звярынец», «Што гэта?», «Прыказкі наадварот». Завяршылася мерапрыемства чытаннем казкі Р. М. Бензеруку «Самы кароткі месяц» і праглядам мультфільма «Піліпка».

Гродзенская зямля

20 лютага ў бібліятэцы №5 пабывалі хлапчукі і дзяўчынкі з прышкольнага лагера СШ №18. З дапамогай відэа і мультымедыйнай прэзентацыя дзеці пабывалі ў дзіўным краі незлічоных багаццяў – палёў і лясоў, рэк і азёр, велізарных палацаў і сядзіб, дзе жывуць гасцінныя, добрыя, працавітыя і таленавітыя жыхары. Завочна пабывалі ў тых месцах, якія па праву можна лічыць жамчужынамі нашай малой радзімы: Аўгустоўскі канал, музей музычных інструментаў Мар'яна Скрамблевіча ў Адэльску, заказнік «Азёры», Гродзенская пушча, Аўгустоўскі канал, доты і інш.

Як супрацьстаяць жорсткасці?

19 лютага ў бібліятэцы №7 прайшла гадзіна інфармацыі «Жорсткасць і гвалт: як ім супрацьстаяць?». Бібліятэкар пазнаёміла навучэнцаў 4 «В» класа сярэдняй школы №7 з паняццямі «жорсткасць» і «гвалт», расказала аб магчымасцях іх прадухілення, аб законах, якія абараняюць ахвяру. Школьнікі не толькі азнаёміліся з тэарэтычным бокам пытання, але і з дапамогай атрыманых ведаў паспрабавалі знайсці выхад з прапанаваных сітуацый. Зрабілі выснову, што гвалт у любой форме непрымальны.

 
 

Душа народа

19 лютага ў бібліятэцы №3 прайшоў урок роднай мовы «Родная мова – душа народа». Нягледзячы на канікулы, маладыя госці з прышкольнага лагера гімназіі №3 прыйшлі ў бібліятэку і навучыліся вітацца на беларускай мове, даведаліся, як гэта робяць жыхары розных краін, пагулялі ў «Вітаначка-развітаначка», «Перакладчыкі», «Выпраў памылкі». А яшчэ паглядзелі мультфільм на беларускай мове «Мама Му і Крумкач» і пазнаёміліся з кніжнымі навінкамі.

Дадатковая інфармацыя