Са знакам якасці: беларуская кухня

У бібліятэцы № 8 арганізавана кніжная выстава «Са знакам якасці: беларуская кухня», прымеркаваная да Года якасці. Першы раздзел выставы «Гаспадар на кожным стале» прысвечаны хлебу – аднаму з галоўных прадуктаў беларусаў. Прадстаўлены выданні, якія раскрываюць значнасць гэтага прадукту для беларускага народа; выданні, якія апісваюць асноўныя этапы, неабходныя для атрымання хлеба, а таксама творы беларускіх класікаў, прысвечаныя хлебу. Другі раздзел «Яе вялікасць – бульба» знаёміць чытачоў з традыцыйнымі беларускімі стравамі з бульбы, з гісторыяй яе з'яўлення і распаўсюджвання на беларускіх землях. Выданні трэцяга раздзела «Мёд – прадукт чароўны» распавядаюць пра карысць мёду, пра спосабы яго прымянення ў медыцыне і кулінарыі, апісваюць тэхналогіі вытворчасці дадзенага прадукту. Выстава можа быць цікавая як дарослым чытачам, так і самым маленькім. Азнаёміцца з выставай можна па адрасе: БЛК, 43.

Марскія насельнікі

24 і 26 студзеня ў бібліятэцы №7 правялі пазнавальную гадзіну «Чым цікавыя марскія насельнікі». Навучэнцы 1 «Б» і 1 «А» класаў сярэдняй школы №7 пазнаёміліся з разнастайнымі жыхарамі марскіх глыбінь. Дзеці даведаліся цікавыя факты аб кітах, дэльфінах, марскіх каньках і медузах. Удзельнічаючы ў гульнях «На марскім дне» і «Крабік шукае дом» хлопчыкі і дзяўчынкі праявілі эрудыцыю і кемлівасць.

Майстар-клас па стварэнні паштоўкі

26 студзеня ў дзіцячай бібліятэцы № 5 арганізавалі майстар-клас па вырабе паштоўкі ў стылі скрапбукінг. Навучэнцам 7 «Б» класа сярэдняй школы №18 дапамагалі мастак-дызайнер Таццяна Ханеўская і мастак-афарміцель Вольга Бухоўка. З дапамогай нарыхтовак – асновы для паштоўкі, птушачак, кветак і лісця ў стылі скрапбукінг у кожнага школьніка атрымалася свая цікавая паштоўка.

Сімвалы незалежнай Беларусі

Сімваламі суверэнітэту нашай краіны з'яўляюцца дзяржаўныя герб, сцяг і гімн. У іх адлюстраваны асноўныя нацыянальныя духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, імкненне да ўдасканалення кожнага чалавека і ўсяго грамадства, міралюбнасць і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і незалежнасць. Але, акрамя сімвалаў дзяржаўнага суверэнітэту, у нашай краіны ёсць іншыя значныя ідэі і з'явы, дзякуючы якім яе ведаюць і цэняць і якія сталі сімваламі Беларусі. Супрацоўнікі бібліятэкі № 8 у новым відэа распавядаюць пра некаторыя з іх: пра Белавежскую пушчу і Браслаўскія азёры, буслоў і васількоў, лён і бульбу.

Савяня вучыцца дапамагаць

26 студзеня бібліятэкар аддзела абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка правяла гучныя чытанні для выхаванцаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №30. Дзеці паслухалі казку Дар'і Баранавай «Савяня вучыцца дапамагаць!». Калі ты маленькі, так няпроста прывыкнуць да вялікага свету вакол. Вось і Савяня толькі-толькі спрабуе лётаць і самастойна шчыкаць пальцамі кавалачкі ежы за абедам. Але ўсё становіцца складаней, калі ў сям'і раптам з'яўляецца іншы малы – слабей і безабаронней цябе. Што ж рабіць? Вядома, вучыцца дапамагаць! Пасля чытання дашкаляты распавялі, каму б яны падарылі часцінку сваёй любові і клопату, пра каго могуць клапаціцца дома.

Са знакам якасці: Беларуская літаратура

У аддзеле абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А.Макаёнка наведвальнікі могуць азнаёміцца з новымі кніжна-ілюстрацыйнымі выставамі. Да абвешчанага ў Беларусі года якасці тут арганізавалі выставу, прысвечаную вядомым беларускім дзіцячым пісьменнікам. На паліцах можна ўбачыць выданні Кацярыны Хадасевіч-Лісавай, Генадзя Аўласенкі, Эдзі Агняцвет, Васіля Віткі, Уладзіміра Ліпскага і іншых знакамітых пісьменнікаў Беларусі. Асобна прадстаўлены гродзенскія Аўтары – Віктар Кудлачоў, Ірына Фамянкова, Людміла Кебіч, Таццяна Сучкова, Ганна Скаржынская-Савіцкая. Усе яны радуюць юных чытачоў новымі кнігамі, а сустрэчы з імі ў сценах бібліятэк напаўняюць радасцю дзіцячыя сэрцы.

Тут жа арганізавана выстава «Пісьменнікі роднай зямлі». Сёлета святкуе юбілей Андрэй Федарэнка. Яго творы «Шчарбаты талер» і «Афганская шкатулка» знаёмыя кожнаму падлетку дзякуючы цікаваму сюжэту і яркім персанажам. 65-гадовы юбілей адзначае Уладзімір Мазго – беларускі паэт-песеннік, лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Зусім нядаўна выйшла кніга «Казкі ката-марахода» – працяг апавядання аб вандроўках ката Васіля, які адправіўся ў кругасветнае падарожжа. 125-гадоў з дня нараджэння споўніцца ў бягучым годзе і Міхасю Лынькову. Яго персанаж Міколка-паравоз вядомы ўсім хлопчыкам і дзяўчынкам, іх мамам і татам і нават бабулям і дзядулям. Выставу працягвае раздзел, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Прайшоўшы вайну ад пачатку да канца, у сваіх творах аўтар апісваў суровую праўду вайны, паказваючы праўду жыцця без прыкрас. Азнаёміцца з выставамі можна штодня з 10 да 19 гадзін па адрасе вул.Цітова, 12.

Дадатковая інфармацыя