Падзеі 2019 года

Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна Падзеі 2019 года

У 2019 годзе споўнілася 75 гадоў з дня ўтварэння Гродзенскай вобласці. Святкаванне юбілейнай даты Гродзенскай вобласці спалучаецца з правядзеннем цыклу краязнаўчых мерапрыемстваў з нагоды Года малой радзімы. Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г.Гродна праводзіла шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных гораду Гродна і яго жыхарам, спадчыне і гісторыі Гродзеншчыны. Прапануем вашай увазе старонку сайта, дзе ёсць Справаздача бібліятэчных мерапрыемстваў да 75-годдзя Гродзенскай вобласці  і Года малой радзімы за 2019 год.

Бібліятэка №3 запрашала жыхароў і гасцей горада Гродна на экскурсіі ў музейны пакой «Лялечны дом». Было праведзена 52 экскурсіі. 5 сакавіка для медыцынскіх работнікаў Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі была праведзена віртуальная экскурсія ў музейны пакой.

1 студзеня ў бібліятэцы № 10 адбылася святочная імпрэза да 100-годдзя ўтварэння БССР. Гучалі беларускія песні і вершы ў выкананні творчых калектываў «Крыніца», «Жывіца», «Натхненне», «Сучасны гармонік», паэтаў П. Сямінскага і І. Шчурко.

          16 студзеня ў бібліятэцы № 8 прайшла сустрэча з В.С. Кудлачовым і І.В. Фамянковай. Дзеці і дарослыя пазнаёміліся з творчай біяграфіяў пісьменнікаў, паслухалі вершы, адгадалі аўтарскія загадкі.

14 лютага ў Міжнародны дзень кнігадарэння адбылася акцыя «Прачытаў сам – падары іншаму» з мэтай збору кніг для пацыентаў установы аховы здароўя «Гродзенская абласная дзіцячая клінічная бальніца». Было сабрана 330 асобнікаў кніг і часопісаў.

14  і15 лютага да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Гродзенскім абласным драматычным тэатры і гарадской паліклініцы № 7 была арганізавана кніжна-ілюстрацыйная выстава «Афганістан: наша памяць і боль»

19 лютага ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А.Макаёнка ўпершыню адбыўся паказ лялечнага спектакля па кнізе шведскіх аўтараў Ю.Вісландэр і С.Нурдквіста «Мама Му паранілася», перакладзенай на беларускую мову.

12 сакавіка ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка адбылася сустрэча «Формула вясны» з пісьменнікам Д. Радзівончыкам і паэтамі В. Смолка, А. Марынец, Т. Лашук, А. Нурэтдзінавай. Кожны з аўтараў прадставіў сваё паэтычнае ўспрыманне вясновай пары года.

25 сакавіка на сцэне Канцэртнай залы Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры адбылося свята дзіцячай кнігі. У праграме «Свята чытання – усім на дзіва!» былі выступленне дзіцячых пісьменнікаў і паэтаў, сустрэча з літаратурнымі героямі, конкурсы і віктарыны, музычныя нумары ў выкананні артыстаў горада, выстава літаратуры з фондаў гарадскіх бібліятэк.

2 красавіка ў Міжнародны дзень дзіцячай кнігі ў бібліятэках ладзілі гучныя чытанні. Творы Х.К. Андэрсана дзецям чыталі: прадстаўнік сацыяльна-дабрачыннай установы «Цэнтр ПАРА» Ганна Шыкуць, вядучая «Радыё Гродна» Зінаіда Крылова, гісторык, краязнаўца Алесь Госцеў.

23 красавіка ў бібліятэцы № 6 прадставілі праект фотамастака Сяргея Курылы «Чарнобыль. Знікненне ў разрэзе». Гродзенскі фатограф цягам трох гадоў ездзіў у Брагінскі раён Гомельскай вобласці. Вынікі гэтых паездак ляглі ў аснову выставы, якую можна было ўбачыць на працягу месяца.  На цырымоніі адкрыцця фотавыставы сваімі ўспамінамі і асабістымі перажываннямі дзяліліся загадчык кафедры дызайна Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы А. Ляшчынскі, уладальнік прыватнага музея гарадскога побыту Гродна Я. Паруліс і іншыя. 26 красавіка бібліятэкары Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка ў гарадской паліклініцы №7 арганізавалі фотавыставу С.Курылы «Эцюды» – серыя фатаграфій стваралася ў вёсцы, пацярпелай ад чарнобыльскай катастрофы.

3 мая гарадскія бібліятэкі бралі ўдзел у міжнароднай акцыі «Чытаем дзецям пра вайну». Удзельнікамі гадзіны адначасовага чытання твораў пра Вялікую Айчынную вайну сталі 260 гродзенскіх школьнікаў і гімназістаў ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў. Гучалі творы А. Ільіной, І.Граблеўскага, А.Глебава, М.Багданава, С.Аляксеева і інш. У кожнай бібліятэцы хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў.

15 мая ў Гродзенскай гарадской выставачнай зале прадставілі фотапраект «КОД ГОРАДА»вынік працы цягам паўгоддзя фатографа С. Курылы і загадчыка аддзела бібліятэчнгага маркетынгу ГЦБ імя А.Макаёнка Н.Наземцавай. Было прадстаўлена 58 работ, задзейнічаны кнігі цэнтральнай бібліятэкі імя А.Макаёнка. У аб’ектыў трапілі акцёры, рэжысёры, мастакі, пісьменнікі, святары, музыканты – 60 прадстаўнікоў інтэлектуальнай і творчай эліты горада паўсталі на чорна-белых фатаграфіях з кнігай, якую прапануюць усім, хто цікавіцца гісторыяй Гродна. 

9 мая ў парку Жылібера бібліятэкары арганізавалі інтэрактыўную літаратурна-мастацкую пляцоўку "За Перамогу!" з выставамі кніг, слайдаў «Вызваліцелі Гродзеншчыны», плакатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, фотаздымкаў ваеннага Гродна. Працаваў штаб рэдакцыі ваеннай газеты, дзе можна было пачытаць газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Чырвоная зорка» і «Гродзенская праўда» 1944–45 гг., франтавую насценгазету «Весткі з поля бою», паглядзець дакументальную кінахроніку вайны. З Днём Перамогі гараджан віншавалі письменники Д.Радзіончык, Б.Ермашкевіч, В.Смолка, П.Сямінскі, У.Ягорычаў, Л.Шаўчэнка, С.Глямбоцкая, Н.Гарбачова, М.Калачык і інш.

У бібліятэках № 2, 5, 10 з 1 па 7 мая для школьнікаў былі праведзены ўрокі мужнасці «Партызанскія лёсы: адкрыцці і знаходкі» з удзелам пісьменніцы І.Шатыронак. Яна расказала пра партызанскі рух на тэрыторыі Гарадзеншчыны, паказала фотаздымкі ваенных гадоў. Гучалі вершы пра вайну, урыўкі з дзённікавых запісаў партызан.

23 мая супрацоўнікі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка запрасілі сваіх чытачоў на  прэзентацыю кнігі пачынаючай паэткі і самага маладога сябра абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Вікторыі Смолкі «Анёл-ахоўнік».

28 мая адбылася акцыя «Тралейбус-чытальня» да Года малой радзімы. Рэтратратралейбус праехаў па вуліцах горада, і пасажыры знаёміліся з гісторыяй Гродна. Школьнікі ўзгадвалі назвы вуліц, па якіх пракладзены маршрут тралейбуса, знаёміліся з краязнаўчымі выданнямі, чыталі вершы гродзенскіх паэтаў. Акрамя пазнавальнай праграмы ў тралейбусе, кароткую экскурсію праводзілі ў цэнтры горада.

15 чэрвеня ў бібліятэцы №3 адбылася акцыя ў падтрымку чытання – бібліяноч «Горад. Чалавек. Кніга». У бібліяночы бралі ўдзел актрыса і рэжысёр Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра А.Машынкова, народнае аматарскае аб’яднанне «Клуб Арганізаваных Бардаў», музычная група «Ціхі час», паэт Д.Радзіончык і яго вучаніцы. Дэманстравалася дэфіле ў цішотках з выявамі гродзенскіх архітэктурных аб’ектаў і выстава творчасці ад мастачкі К.Забелінай. Удзельнікі Школы афра- і лацінаамерыканскіх танцаў DanceArt правялі майстар-клас па кубінскай сальсе, аўтары праекту Belzamki.by Ігар і Ксенія Адасікі – па вырабу макетаў замкаў з паперы.  Працавалі фотазоны і фотасалон «У пана Валеры Курбатава». Знаўцы гісторыі ўдзельнічалі ў бібліяквэсце «Спазнай горад – злаві час». Можна было варажыць па кнігах, наведаць майстэрню для дзяцей ад клуба «Гарадзенская лялька», кніжную выставу «Каралеўскі горад Гродна», фотавыставу В. Паздзеевай «Штрыхі да партрэта горада», музейны пакой «Лялечны дом».

13 чэрвеня ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка адбылася сустрэча са знакамітым беларускім гандбалістам, чэмпіёнам XXV Алімпійскіх гульняў, заслужаным майстрам спорту СССР, намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі гандбола, мецэнатам Андрэем Барбашынскім.

18 чэрвеня ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка прайшла сустрэча з паэтам Людмілай Шаўчэнка. Яна расказала пра дзяцінства, пра тое, як з’явіліся першыя творы і чаму стала пісаць для дзяцей. Прачытала вершы з кніг «Святочны пірог», «Вясёлая карусель», «Чаму звініць ручай». 

29 чэрвеня на экскурсіі-анімацыі па Новым Свеце ў кампаніі журналістаў і жыхароў горада пабывалі чытачы спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку. Журналісты, змяняючы адзін аднаго, расказвалі гісторыі амаль пра кожны дом на шляху. Прапанаваны інтэрактыў стварыў для ўдзельнікаў «дапоўненую рэальнасць» і даў магчымасць праз уласныя адчуванні пазнаёміцца з гродзенскімі вуліцамі. А 15 жніўня ў спецыяльнай бібліятэцы для  невідушчых адбылася сустрэча з гісторыкам А.М. Чарнякевічам, які правёў аўдыяэкскурсію «Гукі старога Гродна». Прысутныя пачулі гукі палявання, навальніцы, цячэння Нёмана, рубкі лесу, шум ткацкага станка, звон званоў, бой гадзінніка, шабуршанне дажджу і паслухалі легенды.

3 ліпеня ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь супрацоўнікі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка на пляцоўцы  каля маладзёжнага цэнтра «Гродна» арганізавалі выставу «Перамога: памятаем, ганарымся» да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

23–24 жніўня ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка дзейнічала фларыстычная выстава «Гладыёлус – кветка мары». Калекцыю кветак прадставіла Ала Квяткоўская, сябар бібліятэчнага клуба аматараў раслін «Флора». На выставе можна было ўбачыць 75 гатункаў гладыёлусаў. Яны зачароўвалі паэтычнымі назвамі: «Свет далёкай зоркі», «Неспадзяваная радасць», «Лёгкае дыханне»,  «Малінавыя перазвоны», «Сівы вандроўнік», «Таямнічая Атлантыда» і іншыя. 

29 жніўня бібліятэкі ўпершыню далучыліся да міжнароднай акцыі «Кніжка на далоньцы». З творамі сучаснай дзіцячай літаратуры пазнаёміліся 170 выхаванцаў дашкольных устаноў горада, а таксама выхавальнікі і бацькі. Юныя чытачы пачулі творы С. Пракоф’евай, А. Пушкінай, В. Мядзведзева, Р. Остэра, Д. Амфт, А. Штэфенсмайера. У аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка выхаванцы дзіцячага сада № 22 глядзелі лялечны спектакль паводле кнігі Юі Вісландэр «Мама Му чытае».

16 жніўня супрацоўнікі бібліятэкі № 3 правялі майстар-клас па вырабе кніжных закладак для будучых першакласнікаў, якія выхоўваюцца ў сем’ях супрацоўнікаў Гродзенскага абласнога ўпраўлення ААТ «Белаграпрамбанк». Напярэдадні навучальнага года прафкам банка падрыхтаваў для дзяцей падарункі і запрасіў бібліятэкараў зрабіць гэты дзень запамінальным. З дапамогай бацькоў атрымаліся арыгінальныя закладкі для школьных падручнікаў. 

З 7 чэрвеня па 23 жніўня бібліятэка-філіял № 7 арганізавала летні сезон «Сонца на кніжнай старонцы» ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Купалінка». На працягу чатырох змен чытачамі выязной бібліятэкі сталі 610 дзяцей, якія прачыталі 11000 экз. часопісаў і кніг. «Чытальная зала» ў лагеры ніколі не пуставала.

У мікрараёнах горада ўлетку дзейнічалі бібліятэчныя пляцоўкі «Летняя чытальня». На свежым паветры гараджане знаёміліся з новымі кнігамі і часопісамі. Для наведвальнікаў летніх чытальных залаў бібліятэкары ладзілі пазнавальныя гульнявыя праграмы – юныя чытачы бралі ўдзел у літаратурных віктарынах і конкурсах.

1 верасня супрацоўнікі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка і бібліятэкі №3 бралі ўдзел у правядзенні ХХVI Дня беларускага пісьменства ў Слоніме. Гродзенцы прадставілі выставу літаратуры «Міфалогія беларусаў у кнігах і ляльках» і дзівосныя працы ўдзельніц клуба «Гродзенская лялька». Лялечныя Вялес, Лада, Талака, Зюзя прыцягвалі ўвагу гасцей свята.

14 верасня гарадскія бібліятэкі бралі ўдзел у рабоце ІІІ абласнога фестывалю «Кніжныя скарбы Беларусі». На выставе «Каралеўскі горад Гродна» была прадстаўлена літаратура аб гісторыі і сённяшнім дні горада над Нёманам, яго турыстычнай прывабнасці, пісьменніках. Дзецям бібліятэкары прапанавалі сваімі рукамі зрабіць кніжную закладку з відамі горада. Да акцыі «75 хвілін чытання» былі далучаны выхаванцы ўзорнай дзіцячай музычна-драматычнай студыі «Бубенчыкі» Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры. Прагучалі творы Я. Купалы, Я. Коласа і Л. Геніюш. На сцэне бібліятэкары прадэманстравалі цішоткі з выявамі архітэктурных жамчужын горада (мастак К. Забеліна)

26 верасня ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка адбылася прэзентацыя кнігі «Гродзенскія гісторыі ад Андрэя Павача». Новая кніга аўтара з’явілася ў выдавецтве «ЮрСаПрынт» да Дня горада. У прэзентацыі бралі ўдзел гісторыкі і краязнаўцы А.Вашкевіч і А.Чарнякевіч, мастак А.Трубіцкі, галоўны рэдактар выдавецтва А.Рыжы.

1 кастрычніка супрацоўнікі бібліятэкі № 3 для ветэранаў працы і медыцынскіх работнікаў цэнтральнай гарадской паліклінікі ў незвычайным фармаце правялі бібліяграфічны агляд жаночай прозы «Шчаслівыя жанчыны чытаюць кнігі і п’юць каву». Бібліятэкары прадставілі ТОП-10 твораў, якія сталі бестселерамі і карыстаюцца вялікім попытам у чытачоў бібліятэкі. 11, 14 і 15 кастрычніка супрацоўнікі бібліятэкі віншавалі з Днём маці прадстаўніц прадпрыемстваў і ўстаноў горада з дапамогай кніг і кавы. З сучаснай жаночай прозай знаёміліся мамы Гродзенскага камбіната будаўнічых матэрыялаў, ААТ «БелТАПАЗ», гарадской дзіцячай паліклінікі № 2. 

29 кастрычніка ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка адбыўся круглы стол «Узаемадзеянне ў бібліятэчным абслугоўванні людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя». Супрацоўнікі ЦБС г. Гродна падзяліліся вопытам ажыццяўлення сацыяльных праектаў, арыентаваных на невідушчых людзей, дзяцей з парушэннем слыху і з цяжкасцямі ў навучанні. Выступілі завуч СШ № 16 г.Гродна В.А.Саўчык, кіраўнік дзённага цэнтра для дзяцей з інваліднасцю Гродзенскага таварыства Чырвонага Крыжа І.Г.Ларыёнава, намеснік дырэктара сацыяльна-дабрачыннай установы «Цэнтр ПАРА» Г.М. Шыкуць, трэнеры грамадскага аб’яднання «Бальнічныя клоўны Fanny nose» Святлана і Дзмітрый Венісяцкія, педагог СШ № 35 г.Гродна Д.А.Трафімаў. Дзейнічала выстава «Я – іншы: звычайныя кнігі пра незвычайных дзяцей». Завяршыўся круглы стол паказам лялечнага спектакля па кнізе Ю.Вісландэр «Мама Му паранілася» ў выкананні супрацоўнікаў аддзела абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка.

З 11 па 17 лістапада ў бібліятэках прайшоў Тыдзень літаратуры краін Паўночнай Еўропы. Тэмай чытанняў стала нардычнае свята, бібліятэкары падабралі для чытання кнігі для дзяцей, падлеткаў і дарослых – «Піпі Доўгаяпанчоха» А.Ліндгрэн, «Свет Сафіі» Ю.Гордэра і «Баляванне Бабетты» К.Бліксэн. Была праведзена віктарына пра скандынаўскія краіны, прагледжаны ўрыўкі з мастацкіх фільмаў «Піпі Доўгаяпанчоха», «Баляванне Бабетты» і «Калідоры часу», арганізаваны пачастунак духмянай гарбатай.

30 лістапада да міжнароднага дня інваліда ў Гродзенскім гарадскім цэнтры культуры быў арганізаваны VІІІ абласны адкрыты інтэграваны інтэлектуальны турнір "Белы кій". Да арганізацыі турніру далучыўся народны клуб «Высокі Валок» (г. Ваўкавыск). У ім бралі ўдзел каманды з Гродна, Ваўкавыска, Шчучына, Ліды. 20 каманд-удзельніц, сярод якіх тры дзіцячыя і тры каманды для невідушчых людзей. Удзельнікі спаборніцтва выкарысталі павязкі на вочы, каб пагрузіцца ў стан невідушчага чалавека. У трох з чатырох этапаў першае месца займала каманда «Разумнікі» (клуб «Эрудыт» спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку). Уладальнікам Кубка 2019 года стала ваўкавыская каманда «Крэмень».

Бібліятэка-філіял №2 аб'яўляла КОНКУРС ЭСЭ "Кніга – лепшы падарунак». Да ўдзелу запрашаліся ся ўсе жадаючыя незалежна ад полу, ўзросту і любові да чытання! Работы на конкурс прымаліся да 1 снежня. Вынікі конкурсу эсэ "Кніга - лепшы падарунак" былі падведзены 14 студзеня 2020 года. Усе ўдзельнікі атрымалі сертыфікат ўдзелу ў праекце «Развіццё праз чытанне», а пераможцы – каштоўныя кніжныя падарункі.

На працягу года ў дзіцячых бібліятэках ладзілі Дні імянінніка. Напрыканцы 2019 года ў бібліятэках прайшлі навагоднія ранішнікі.

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Дополнительная информация