Падзеі 2018 года

Гродна: падзеі 2018 года

Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна: падзеі 2018 года

Бібліятэка № 3 на працягу 2018 года для жыхароў і гасцей горада Гродна арганізавала 46 экскурсій у музейны пакой «Лялечны дом», падчас якіх наведвальнікі бралі ўдзел у разнастайных майстар-класах. Музей сустракаў аматараў лялек штодня, акрамя нядзелі, з 11.00 да 20.00.

14 лютага ў Міжнародны дзень кнігадарэння адбылася акцыя «Прачытаў сам – падары іншаму» з мэтай збору кніг у падтрымку дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца на лячэнні ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Юныя чытачы падзяліліся з бібліятэкамі кнігамі, ведаючы, што яны адправяцца дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.Было сабрана і перададзена 270 экз. кніг. 

23 сакавіка, падчас тыдня дзіцячай кнігі на сцэне Канцэртнай залы ДУ «Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры» адбылося свята «Вясёлыя прыгоды ў краіне Чыталіі». Малодшых школьнікаў горада чакала сустрэча з гродзенскай паэткай Т. Сучковай, рэдактарам тэлевізійных праграм Г. Шыкуць, конкурсы і віктарыны, выступ Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь музычна-драматычнага тэатра «Гродзенскі званочак», шоу мыльных бурбалак і клоўн Шурык, канцэртныя нумары ў выкананні вакалістаў студый Гродзенскага цэнтра культуры. У фае была арганізавана кніжная выстава «Добрыя кнігі – сябры назаўжды».

27 сакавіка ў спецыяльнай бібліятэцы для інвалідаў па зроку адбылася прэзентацыя кніг для дзяцей са слабым зрокам, падораных дабрачынным фондам «Ілюстраваныя кніжкі для маленькіх сляпых дзяцей» (РФ) у межах ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

27 красавіка ў аддзеле абслугоўвання дзяцей Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка і бібліятэцы № 3 адбыліся інтэрактыўныя сустрэчы з вядомай беларускай пісьменніцай Надзеяй Ясмінска (г. Мінск), якая пазнаёміла дзяцей з адной з апошніх кніг «Васкавы чараўнік». Удзельнікі мерапрыемстваў змаглі пераканацца ў тым, што цуды здараюцца на самай справе. Трэба толькі моцна ў гэта верыць.

мая гарадскія бібліятэкі ў шосты раз бралі ўдзел у міжнароднай акцыі, ініцыяванай Самарскай абласной дзіцячай бібліятэкай, «Чытаем дзецям пра вайну». Удзельнікамі гадзіны адначасовага чытання твораў пра Вялікую Айчынную вайну сталі 250 гродзенскіх школьнікаў і гімназістаў ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў. Гучалі творы К. Паўстоўскага, А. Міцяева, С. Аляксеева, Б. Палявога і інш. У кожнай бібліятэцы хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў.

28 мая ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка адбылася ўрачыстая прэзентацыя аўдыязборніка «Гродна: гісторыя ў гуку», які ўключае 8 выданняў краязнаўцы В.Ю. Саяпіна, у т.л. напісаных ім у суаўтарстве з А. Вашкевічам і А. Яршовым  і асобнай аўдыякнігі «Пад крылом Каложы», запісаных галасамі дзесяці прафесійных дыктараў. Краязнаўчыя аўдыякнігі аб родным горадзе ў фармаце mp3 прызначаныя, у першую чаргу, для невідушчых і людзей з парушэннем зроку, сталі даступнымі ва ўсіх гарадскіх бібліятэках сістэмы, на афіцыйных сайтах ЦБС г. Гродна і выдавецтва «ЮрСаПрынт».

16 чэрвеня ў Гродне ўпершыню прайшла бібліяноч у падтрымку чытання і сацыяльнай значнасці літаратуры, пляцоўкай для якой стала бібліятэка № 3. Мерапрыемствы праграмы былі звязаныя з тэмай кіно. Гучалі саўндтрэкі з вядомых кінафільмаў, знакамітыя «кіназоркі» здзейснілі трыўмфальнае дэфіле па чырвонай дывановай дарожцы. Удзельнікі імпрэзы мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай літаратуры «З кніжных старонак – на вялікі экран», выставамі лялек «Зоркі кіно і эстрады» ад гродзенскіх майстроў і паштовак «Легенды кіно» з калекцыі Л. Ліс, пачуць выступ саксафаніста Я. Зенчыка і паэтычны батл з удзелам Д. Радзіончыка, П. Салаўёва, П. Сямінскага, В. Галаўні, прыняць удзел у конкурсах на веданне сусветнага кінематографа. На працягу вечара працавалі фотазоны. Завяршылася бібліяноч-2018 праглядам кінафільма «Каток» (1916) з Чарлі Чапліным.

 

17 чэрвеня супрацоўнікі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка і спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку арганізавалі бібліятэчную пляцоўку на арт-пікніку на базе адпачынку «Велес», на якой былі прадстаўлены выданні для людзей з парушэннямі зроку. 

16 жніўня на пляцоўцы каля дзіцячай бібліятэкі па вуліцы Цітова, 12 адбыўся дабрачынны бардаўскі канцэрт «Подых лета» з удзелам знакамітых выканаўцаў «Клуба арганізаваных бардаў» ДУ «Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры», падчас якога было сабрана 550 рублёў на канцылярскія тавары для першакласнікаў, якія знаходзяцца на лячэнні ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.

21 жніўня у Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка прайшоў творчы вечар расійскай спявачкі, кампазітара і аранжыроўшчыка Мілы Ражковай. Гучалі песні на рускай, украінскай, грузінскай і беларускай мовах. Завяршыўся канцэрт знакамітым «Развітаннем з Радзімай» М.К. Агінскага. 

23 жніўня ў спецыяльнай бібліятэцы для інвалідаў па зроку адбылася тактыльная экскурсія, якую правёў вядомы гродзенскі гісторык, загадчык аддзела найноўшай гісторыі УК «Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей» А.Ф. Вашкевіч. З дапамогай унікальных экспанатаў ён распавёў невідушчым чытачам бібліятэкі пра прамысловыя прадпрыемствы Гродна, якія існавалі сто гадоў таму, пра прадукцыю, якая выпускалася на іх. 

Двойчы на працягу года сумесна з унітарным дзяржаўным прадпрыемствам «Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне» адбылася акцыя «Тралейбус-чытальня», прымеркаваная да 890-годдзя Гродна. Рэтратралейбус, аформлены звонку і ўнутры здымкамі старога Гродна, накіроўваўся па маршруце: Тралейбуснае ўпраўленне – Плошча Савецкая – парк імя Ж.Э. Жылібера. Бібліятэкары запрасілі жыхароў горада ў гістарычнае падарожжа па Гродне. Акрамя пазнавальнай праграмы ў тралейбусе, экскурсію правялі і ў цэнтры горада. Напрыканцы чыталі вершы Віктара Кудлачова і прымалі ў падарунак ад бібліятэкараў паштоўкі з відамі Гродна.

20 верасня бібліятэкары пазнаёмілі супрацоўнікаў унітарнага дзяржаўнага прадпрыемства «Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне» з выставай літаратуры «Каралеўскі горад над Нёманам» і фотапраектам гродзенскага гісторыка А. Перагудава «Сустрэча стагоддзяў». Выставы суправаджаліся выступам «Па старонках «Чырвонай кнігі Гродна» аб страчаных архітэктурных аб’ектах горада. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з прыжыццёвымі выданнямі знакамітага краязнаўцы В.Ю. Саяпіна і новай кнігай «Мой дом, мая вуліца, мой горад. Гісторыя вуліц і плошчаў», якая выйшла да юбілею Гродна ў выдавецтве «ЮрСаПрынт».

27 верасня ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка адбылася ўрачыстая прэзентацыя кніг, перададзеных у дар Домам рускага замежжа імя А. Салжаніцына (г. Масква) з удзелам вядомых навукоўцаў Расіі. Фонд бібліятэкі папоўніў камплект з 300 экз. выданняў па гісторыі рускага замежжа, рускай мове, культуры і гісторыі Расіі.

24 кастрычніка супрацоўнікі бібліятэкі № 3  для калектыву адкрытага акцыянернага таварыства «Гроднахлебпрам» правялі віртуальную экскурсію па музейным пакоі «Лялечны дом». Бібліятэкары прывезлі з сабой экспанаты музея, распавялі пра тэхнікі, у якіх выкананы тыя ці іншыя лялькі, пазнаёмілі з выставай літаратуры па рукадзеллі, прадэманстравалі мультымедыйныя прэзентацыі, якія паўней раскрылі магчымасці гродзенскіх лялечніц.

24 лістапада адбыўся VII абласны адкрыты інтэлектуальны турнір «Белы кій-2018», які быў арганізаваны супрацоўнікамі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка і спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку пры падтрымцы ДУ «Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры» і клуба «Высокі волак» (г. Ваўкавыск). У інклюзіўным турніры спаборнічалі 15 каманд з Гродна і Ваўкавыска, у тым ліку 6 дзіцячых. Па выніках чатырох конкурсаў: «Медыя-азбука», «6*6», «Што? Дзе? Калі?» і «Тыфлакіно» ўладальнікам кубка турніру стала гродзенская каманда «SMART», сярод дзіцячых лепшай прызнана каманда «Індэвар».

4 снежня ў Гродне адбыўся паказ кінафільма «Дзікае паляванне караля Стаха» з тыфлакаменціраваннем у рамках праекта «Бязмежнае кіно». Паказ быў арганізаваны супрацоўнікамі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка і спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку для навучэнцаў УА «Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж», якія займаюцца па спецыяльнасці «Лячэбны масаж». Маладыя людзі маюць сур’ёзныя праблемы са зрокам, таму для іх фільм і адаптаваны – створана аўдыядэскрыпцыя сацыяльна-культурнай установай «МоцАрт» (г. Мінск), якая спецыялізуецца на інклюзіўных праектах у галіне нацыянальнай культуры. Прадставіць фільм у Гродна прыехала аўдыядэскрыптар Вікторыя Курыліна, супрацоўнік СКУ «МоцАрт». 

У Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка праходзілі заняткі моладзевага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Бальнічныя клоўны Funny nose» (падрыхтоўка для працы ў дзіцячых бальніцах).

У дзіцячай бібліятэцы № 6 двойчы ладзілі вечарыны духоўнасці для падапечных сем’яў сацыяльнай дабрачыннай установы «Центр ПОРА».

Супрацоўнікі гарадскіх бібліятэк арганізавалі акцыю па актывізацыі чытання дзяцей і моладзі ўлетку «Кніжная вясёлка». 

Напрыканцы 2018 года ў дзіцячых бібліятэках для бацькоў і дзяцей ладзілі калядныя майстар-класы, навагоднія  ранішнікі і пазнавальна-забаўляльныя праграмы.

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Дополнительная информация