Фільтр
  • Са святам мімозы

    28 лютага ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка прайшоў ранішнік «Са святам мімозы». З першым святам вясны дзяўчынак і матуль віншавалі хлопчыкі 1 «А» класа СШ № 6: вершамі, песнямі, кампліментамі. Затым ладзілі вясёлыя гульні «Мы падорым маме», «Калектыўны партрэт» і «Выхвалялкі». Каманды хлопчыкаў і дзяўчынак спаборнічалі ў конкурсах «Кашка-малашка», «Пацеркі для мамы», «Я самая прыгожая!»,«Папялушка», «Касынка». У выніку перамагла дружба. А мамы і бабулі падрыхтавалі для дзяцей салодкі стол. Свята завяршылася словамі падзякі самым любімым жанчынам і «Песняй пра маму».

  • Дзе схавалася небяспека?

    28 лютага ў дзіцячай бібліятэцы № 8 правялі гадзіну інфармацыі па асновах бяспекі жыццядзейнасці для вучняў 2 класа гімназіі № 5, падчас якой закранулі актуальныя пытанні бяспечных паводзін. Электронная прэзентацыя «Небяспека ў побыце» нагадала дзецям, што дом, у якім яны жывуць зусім не бяспечнае месца: мноства рэжучых і колючых прадметаў, электрапрыборы, лекі і бытавая хімія, газавая пліта, вокны і балкон прадстаўляюць для іх вялікую небяспеку. Выконваючы заданні інтэрактыўнай гульні, юныя чытачы зразумелі, што веды правілаў бяспечных паводзін дапамогуць ім у складанай сітуацыі.

  • Францыск Скарына – першадрукар

    27 лютага гадзіну інфармацыі «Францыск Скарына – першадрукар» правялі ў бібліятэцы № 7 для вучняў 4 «Б» класа СШ № 7. Ахарактарызаваўшы эпоху Адраджэння, бібліятэкары распавялі пра этапы жыцця і творчасці Францыска Скарыны, пазнаёмілі з асветніцкай дзейнасцю першадрукара. Больш поўнаму ўсведамленню матэрыяла дапамаглі кніжная выстава і мультымедыйная прэзентацыя па тэме. Сустрэча ў бібліятэцы спрыяла развіццю вобразнага мыслення і слоўнікавага запасу вучняў.

  • Насустрач спадарожнаму ветру

    26 лютага ў клубе «Сябрына» ў бібліятэцы № 1 прайшла вечар-сустрэча «Насустрач спадарожнаму ветру» з паэтам, намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Дзмітрыем Мікалаевічам Радзіончыкам. Яго вершы і артыкулы публікуюцца ў альманахах, калектыўных зборніках, а таксама ў літаратурных часопісах «Нёман», «Белая вежа», «Новая Няміга літаратурная» і іншых.

    Дзмітрый Мікалаевіч прачытаў свае вершы пра каханне, пра малую радзіму, пра маму і восень. У кожны радок ўкладзены асабістыя эмоцыі і глыбокія разважанні аўтара. Паэт расказаў пра свой жыццёвы і творчы шлях, пра станаўленне сябе як паэта, прадставіў уласныя кнігі. Таксама аўтар падарыў сваю новую кнігу «Насустрач спадарожнаму ветру», у якой сабраны аналітычныя артыкулы пра творчасць васямнаццаці сучасных паэтаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Мерапрыемства прайшло ў душэўнай атмасферы. А цяпло паэтычнага слова і кубачак гарачай гарбаты сагравалі прысутных. Напрыканцы зрабілі агульнае фота з паэтам і ўзялі аўтографы на памяць.

  • Агонь – сябар ці вораг?

    27 лютага вучні 2 «Г» класа СШ № 7 у бібліятэцы № 9 вырашалі важнае для сябе пытанне: агонь – сябар ці вораг? Пазнавальная гадзіна «Агонь – сябар? Агонь – вораг?» уключала шмат цікавых заданняў: віктарыны па вершах і казках, пажаранебяспечныя загадкі, крыжаванку. Школьнікам было прапанавана папрацаваць самастойна і прачытаць зашыфраваную прыказку пра небяспеку агню. Дзеці паўтарылі правілы паводзін пры пажары і пастараліся запомніць шэсць важных «не» – тое, чаго нельга рабіць ні ў якім разе.

  • Дзеці павінны ведаць

    25 лютага ў бібліятэцы № 10 былі праведзены ўрокі бяспекі «Дзеці павінны ведаць» для выхаванцаў дзіцячага сада № 105. Спачатку з малышымі высвятлялі, што азначае слова «бяспека» і правялі дыдактычную гульню «Небяспечна – бяспечна». На аснове рускіх народных казак далі ацэнку галоўным героям: правільна ці няправільна паступіў, якія правілы парушыў казачны персанаж у вызначанай сітуацыі. У даступнай для дзяцей форме распавялі пра асноўныя правілы бяспечных паводзін дома, на вуліцы, на прыродзе. У завяршэнне паглядзелі павучальныя мультфільмы з супергероем Аркадзем Паравозавым пра бяспечныя паводзіны.

  • Знаўцы беларускай мовы

    26 лютага вучні 10 «А» класа СШ № 7 бралі ўдзел у інтэрактыўным турніры, які падрыхтавалі для іх у бібліятэцы № 7. Атрымаўшы карткі з пераблытанымі звесткамі, удзельнікі павінны былі суаднесці імя знакамітай асобы з родам яе дзейнасці; па 5 падказках, што дэманстраваліся на экране, неабходна было ўгадаць выбітных асобаў Беларусі; закончыць прыказку, маючы яе пачатак. Таксама старшакласнікі ўдзельнічалі ў літаратурнай віктарыне; у гульні «Што? Дзе? Калі?»; разгадвалі зашыфраванае выказванне, суаднёсшы лічбу і літару алфавіта – усе заданні выконваліся ўдзельнікамі з энтузіязмам. А напрыканцы запоўнілі анекту «Чаму я вывучаю беларускую мову», адказы на пытанні якой парадавалі і класнага кіраўніка, і бібліятэкараў.

  • Жыццё ў небяспецы без правілаў бяспекі

    26 лютага ў бібліятэцы № 2 для вучняў 8 «А» класа СШ № 11 прайшла пазнавальная гадзіна «Жыццё тваё ў небяспецы без правілаў бяспекі». Бібліятэкары распавялі аб правілах паводзін у экстрэмальных сітуацыях: пры пажары дома, у лесе, у грамадскіх месцах. Абмеркавалі меры бяспекі пры выкарыстанні газу і электрапрыбораў. З дапамогай прэзентацыі «Будзь асцярожны ўсюды і заўсёды» падлеткі даведаліся пра спосабы аказання першай медыцынскай дапамогі.  Напрыканцы мерапрыемства адказалі на пытанні віктарыны «Што ў тваёй аптэчцы?» і разгадалі крыжаванку.

  • Разам з кнігай мы расцём

    26 лютага бібліятэкары аддзела абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка наведалі дзіцячы сад № 44, дзе прачыталі малышам займальную гісторыю Свэна Нурдквіста «Каляды ў доміку Пэтсана». Героі гэтай кнігі – стары Пэтсан і кацяня Фіндус вельмі рассмяшылі маленькіх слухачоў. Дзецям спадабалася апісанне падрыхтоўкі да свята: устаноўка ёлкі, выраб ёлачных цацак, выпечка пячэння. Дзеці актыўна адказвалі на пытанні пра Каляды.

  • Азбука бяспекі

    26 лютага ў бібліятэцы № 1 прайшла сустрэча з намеснікам начальніка Гродзенскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Пятроўскім Д.В. Ён распавёў вучням 1 «В» класа СШ № 18 пра беды, якія прыносяць пажары. Дзеці актыўна называлі правілы бяспечных паводзін з агнём, выказваліся, як трэба весці сябе пры пажары. Гутарка з дзецьмі суправаджалася дэманстрацыяй відэаматэрыялаў. Мэта сустрэчы – навучанне дзяцей правільным дзеянням у выпадку ўзнікнення пажару, каб яны ведалі нумар пажарнай аховы, умелі набіраць яго. Веды па бяспецы жыццядзейнасці дзеці атрымліваюць у школе, а бібліятэкары нагадалі ім асноўныя правілы і замацавалі іх у гульнявой форме. Дзмітрый Валер’евіч распавёў аб самых простых правілах пажарнай бяспекі і мерах засцярогі. Сітуацыйная гульня «Як паводзіць сябе пры пажары?» замацавала гэтыя правілы.

  • Старонкі Чырвонай кнігі

    26 лютага члены клуба «Мурашы» ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка ўдзельнічалі ў экалагічнай вандроўцы па старонках Чырвонай кнігі. Вялікае ўражанне ў дзяцей выклікалі чорныя і чырвоныя старонкі, на якіх знаходзяцца расліны і жывёлы на мяжы вымірання ці ўжо вымерлыя. Каб усвядоміць усю адказнасць, якую чалавек нясе перад прыродай, хлопчыкі і дзяўчынкі зрабілі выдатныя калажы, палюбавацца якімі можа кожны жадаючы ў бібліятэцы па вул. Цітова, 12.

  • Прынцыпы абрэзкі пладовых дрэў

    25 лютага адбылася гадзіна інфармацыі «Прынцыпы фарміравання і абрэзкі пладовых дрэў» у клубе «Флора» Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка. Госць мерапрыемства, кіраўнік гадавальніка пладовых культур, ландшафтны дызайнер Аляксей Міхальскі пазнаёміў  членаў клуба з асаблівасцямі вясновай абрэзкі пладовых дрэў: падрыхтоўкай інвентара, тэхнікай абрэзкі. Ён не толькі засяродзіў увагу на вясновым доглядзе маладых культур,  але падкрэсліў важкасць абрэзкі пупышак, нават выдаў некаторыя сакрэты. Удзельнікі пасяджэння не былі абыякавымі, задавалі мноства пытанняў,  на якія атрымалі поўныя адказы і  напрыканцы выказалі словы падзякі госцю клуба.

  • Гонар маю!

    21 лютага, напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, бібліятэка № 10 зноў сустракала герояў сваёй Радзімы. Вечар «Гонар маю» сабраў сапраўдных мужчын і абаронцаў. Сярод іх – ветэраны ваенна-марскога флоту Полудзень Я.В. і Полудзень І.Я., ветэран Вялікай Айчыннай вайны Баранава В.П., якія не толькі павіншавалі гасцей з надыходзячым святам, але і распавялі пра ваенныя працоўныя будні. Са сваімі віншаваннямі выступілі: гродзенскі паэт Пётр Сямінскі і прадстаўнік гарадскога ваеннага камісарыята Ганчарук І.В., а таксама творчыя калектывы «Крыніца» і «Натхненне». Бібліятэкары таксама падрыхтавалі для гасцей не толькі віншаванне ў паэтычнай форме, але і салодкія падарункі.

  • Збіраю словы васільковыя

    21 лютага ў бібліятэцы № 10 прайшла сустрэча выхаванцаў дзіцячага сада № 105 з гродзенскім паэтам Пятром Сямінскім. Дашкольнікі пазнаёміліся з цікавымі момантамі з жыцця аўтара, пачулі ў выкананні паэта вершы на беларускай мове, напісаныя ім у розныя гады. Пётр Яраслававіч пазнаёміў хлопчыкаў і дзяўчынак са сваімі кнігамі, прысвечанымі менавіта дзецям. Нягледзячы на ўзрост, малышы з вялікай цікавасцю слухалі паэта. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што станоўчы след ад сустрэчы надоўга застанецца ў іх сэрцайках.

  • Мы ў адказе за тых, каго прыручылі

    25 лютага ў дзіцячай бібліятэцы № 7 прайшоў урок літаратурнага чытання для вучняў 1 «Г» класа СШ № 7 «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі». З дапамогай электроннай прэзентацыі школьнікі пазнаёміліся з біяграфіяй дзіцячых пісьменнікаў А. Барто, Э. Успенскага і В. Асеевай. Творы пісьменнікаў дапамаглі першакласнікам зразумець, як важна беражліва адносіцца не толькі да сваіх любімых хатніх жывёл, але і да навакольнай прыроды.

  • «Мандарынкам» споўніўся год!

    22 лютага ў клубе «Мандарынкі» ў бібліятэцы № 3 адбыўся майстар-клас па лепцы лялькі з палімернай гліны Юлі Лазко. Члены клуба пазнаёміліся з прыёмамі лепкі і атрымалі заданне для наступных заняткаў. 

    А 25 лютага ўдзельніцы клуба «Мандарынкі» адзначылі першую гадавіну сваёй дзейнасці і плённай працы. Кіраўнік клуба Вікторыя Паздзеева падрыхтавала прэзентацыю – вынік працы клуба за год, арганізавалі гульні, віктарыны. Адбылося чаяванне.

  • Багацце мовы – у кнігах

    25 лютага ў бібліятэцы № 1 адбылася літаратурная гутарка «Багацце мовы – у кнігах» з вучнямі 2 «В» класа СШ № 18. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы. Бібліятэкары імкнуліся выклікаць у дзяцей любоў да беларускай мовы. Прачыталі вершы беларускіх аўтараў аб роднай мове, паказалі відэаролікі «Смак мовы» і «10 цікавых фактаў аб беларускай мове». Дзеці актыўна адгадвалі загадкі на беларускай мове, удзельнічалі ў бліц-апытанні пра Беларусь.

  • Чаму звініць ручай?

    22 лютага ў бібліятэцы № 3 адбылася літаратурная сустрэча з паэткай Людмілай Шаўчэнка «Чаму звініць ручай». На ёй пабывалі вучні 5-х класаў СШ № 20. Людміла Уладзіміраўна расказала пра тое, як прыйшла да дзіцячай паэзіі, пра зборнікі вершаў «Вясёлая карусель», «Святочны пірог», «Чаму звініць ручай». Дзеці задавалі пытанні, напрыканцы сустрэчы адбыўся абмен падарункамі і паэтка падпісала на памяць кнігу сваіх вершаў.

  • Скарбніца рускага жывапісу

    Пасяджэнне клуба «Кнігалюб» адбылося 23 лютага ў бібліятэцы № 4. Гадзіна мастацтва «Скарбніца рускага жывапісу» была прысвечана 185-годдзю з дня нараджэння Сяргея Міхайлавіча Траццякова, аднаго з заснавальнікаў Траццякоўскай галерэі. Працягнуў збіраць калекцыю карцін яго брат Павел Траццякоў. Браты ўнеслі вялікі ўклад у развіццё рускага мастацтва, падтрымліваючы маладых і таленавітых рускіх мастакоў і скульптараў. Аповед суправаджаўся маляўнічай прэзентацыяй. Дакументальны фільм «Дзяржаўная Траццякоўская Галерэя» распавёў аб гісторыі стварэння і ўнікальнай калекцыі музея.

  • Бібліятэка – чароўны свет

    25 лютага ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка прайшла экскурсія «Чароўны свет бібліятэкі» для выхаванцаў 2 і 12 груп Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 30. У пачатку сустрэчы дзеці з дапамогай бібліятэкара расшыфравалі слова «бібліятэка», пазнаёміліся з фальклорным кутком «Бабуліна хатка», даведаліся правілы карыстання абанементам і правілы абыходжання з кнігай. У чытальнай зале ўспомнілі дзіцячыя часопісы, убачылі цікавыя энцыклапедыі і музычныя кнігі. Бібліятэкары пазнаёмілі дзяцей з кнігамі Юі Вісландэр і малышы з задавальненнем паглядзелі лялечны спектакль па кнізе «Мама Му паранілася».

  • Фара Вітаўта на паваротах гісторыі

    21 лютага адбылася гістарычная вандроўка «Фара Вітаўта на паваротах гарадзенскай гісторыі» ў адкрытым інтэлектуальным клубе  «Паходня ісціны» Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка. Вядомыя гарадзенскія краязнаўцы Ігар Трусаў і Ігар Лапеха ў сваіх аповедах раскрылі трагічны лёс сакральнай святыні Гародні і шляхі яе ўзнаўлення ў будучыні. Пасяджэнне ператварылася ў зацікаўленую размову, дзе амаль кожны выказаў свой клопат аб адраджэнні аднаго з найпрыгажэйшых каталіцкіх храмаў горада. А сведка знішчэння касцёла 29 лістапада 1961 года Мікола Гайса падзяліўся сваімі ўспамінамі пра гэтую балючую падзею для гарадзенцаў. Бібліятэкары прэзентавалі навуковыя, навукова-папулярныя, мастацкія творы не толькі гарадзенскіх, беларускіх, але і расійскіх аўтараў пра знакамітую Фару Вітаўта. У Міжнародны дзень роднай мовы беларускае мастацкае слова гучала ў выглядзе ўрыўка з апавядання «Фара» вядомай гарадзенскай пісьменніцы Альжбеты Кеды ў выкананні бібліятэкара. Гісторыя ўнікальнага каталіцкага храма аказалася вельмі блізкая для ўдзельнікаў мерапрыемства, яны не хацелі разыходзіцца,  яшчэ доўга працягвалі абмяркоўваць яго лёс.

  • Служба дзеля міру

    22 лютага ў бібліятэцы № 10 для навучэнцаў 6 класа гімназіі № 9 была праведзена інфармацыйная гадзіна «Служба дзеля міру на зямлі», прымеркаваная да Дня абаронцаў Айчыны. Падлеткі пазнаёміліся з летапісцам Гродзенскага саюза ваенных маракоў Аляксандрам Іванавічам Стацэнка, які распавёў ім, што значыць быць сапраўдным абаронцай Айчыны і сапраўдным мужчынай.

  • Мы хлопцы бравыя

    21 і 22 лютага ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка прайшла гульнявая праграма да Дня абаронцаў Айчыны «Мы хлопцы бравыя» для вучняў 2 «А» і 3 «Б» класаў СШ № 6. Хлопчыкі прымалі віншаванні ад сваіх аднакласніц: вершы, песні, пажаданні. Затым, падзяліўшыся на каманды, паказвалі сілу, спрыт, кемлівасць у такіх конкурсах як «Міннае поле», «Дэшыфроўшчыкі», «Трапны стралок», «Хуткая лодка», «Ваенная падрыхтоўка», «Камплімент». Адказваючы на пытанні віктарыны «А ці ведаеце вы?...» даказалі, што будучыя абаронцы Радзімы не толькі моцныя і спрытныя, але і разумныя, знаходлівыя. Завяршылася свята ўручэннем падарункаў і салодкімі пачастункамі.

  • Хлопчыкі, наперад!

    22 лютага ў бібліятэцы № 8 чарговае пасяджэнне клуба «Светлячок» было прымеркавана да Дня абаронцаў Айчыны. У гульнявой праграме «А ну-ка, хлопчыкі!» удзельнічалі самыя моцныя, спрытныя і смелыя. Дзяўчынкі вельмі эмацыйна падтрымлівалі ўдзельнікаў спаборніцтваў. Перамагла дружба.

  • Радзіме служыць

    20 і 21 лютага ў бібліятэцы № 7 прайшла літаратурна-патрыятычная гадзіна «Радзіме служыць – ні аб чым не тужыць» для вучняў 2 «А» і 2 «Б» класаў СШ № 7, прысвечаная Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Пазнаёміўшыся з гісторыяй свята хлопчыкі падзяліліся на каманды, каб паказаць наколькі яны спрытныя, умелыя, смелыя, а дзяўчынкі падтрымлівалі іх падчас «баявых» заданняў. Праз што будучым абаронцам толькі не давялося прайсці ў конкурсах «Збяры слова» і «Трапны стралок». Разгадваючы «Ваенную» крыжаванку паказалі кемлівасць і знаходлівасць. Прыемным завяршэннем мерапрыемства стаў конкурс «Камплімент», дзе хлопчыкі падзякавалі дзяўчынкам за дапамогу і падтрымку.

  • Слова роднае – вечнасці след

    19-21 лютага ў бібліятэцы № 6 для выхаванцаў дзіцячага сада № 80 прайшлі ўрокі беларускай мовы «Слова роднае – вечнасці след». Бібліятэкары імкнуліся абудзіць у дзяцей любоў да роднай мовы і цікавасць да твораў беларускіх аўтараў. Урокі праходзілі ў гульнявой форме, малышы адправіліся ў Краіну беларускай мовы, дзе даведаліся многа новага. Развучылі беларускія скорагаворкі, лічылкі, пачыталі вершы, казкі, адгадалі загадкі і пагулялі ў беларускія народныя гульні.

  • Вынікі Дня кнігадарэння

    Акцыя «Прачытаў сам – падары іншаму» закончылася. У дзень нігадарэння ў выніку сумесных намаганняў бібліятэкараў і чытачоў было сабрана 330 экзэмпляраў, у асноўным, дзіцячай літаратуры. Трохі кніг для дарослых і часопісы для дзетак, некалькі нумароў часопіса «Гродна», прадстаўленага яго рэдакцыяй. Усе гэтыя кніжныя «валянцінкі» 21 лютага адправіліся да канчатковага адрасата – у бібліятэку Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Ва ўтульную маленькую бібліятэку часта прыходзяць мамы, якія суправаджаюць сваіх дзяцей падчас знаходжання на бальнічным ложку, зазіраюць і супрацоўнікі. Калектыў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна разлічвае, што кніжны дар дапаможа хоць неяк палепшыць няпростыя бальнічныя будні і жадае ўсім пацыентам найхутчэйшага выздараўлення. А за кнігамі запрашае ў гарадскія бібліятэкі.

  • Свет Астрыд Ліндгрэн

    У бібліятэцы № 1 20 лютага прайшла літаратурная гульня «Свет Астрыд Ліндгрэн», падчас якой дзеці пазнаёміліся з цудоўнай шведскай пісьменніцай. Пасля знаёмства з творчасцю аўтаркі вучні 4 «А» класа СШ № 18 спаборнічалі ў ведах яе кніг. Віктарына суправаджалася яркай прэзентацыяй, якая дапамагла дзецям акунуцца ў казку. Напрыканцы мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі паглядзелі ўрывак з фільма «Эміль з Лёнебергі», знятага па матывах аповесці А. Ліндгрэн.

  • Дзяржава арміяй моцная

    20 лютага супрацоўнікі бібліятэкі № 3 правялі для вучняў 2 «Б» класа СШ № 37 бліц-конкурс «Дзяржава арміяй моцная», прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны. Школьнікі пазнаёміліся з гісторыяй і традыцыямі свята, расшыфроўвалі сакрэтныя данясенні, адгадвалі загадкі, гулялі ў інтэрактыўную гульню і інш. Пасля падвядзення вынікаў самыя актыўныя атрымалі прызы.

  • Асцярожна: секты!

    20 лютага ў гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка прайшоў урок духоўнасці «Асцярожна: секты!». Падчас мерапрыемства настаяцель храма свяціцеля Лукі архібіскупа Сімферопальскага і Крымскага г. Гродна протаіерэй Аляксандр Хомбак распавёў навучэнцам політэхнічнага каледжа пра небяспеку, якую нясуць секты, прынцыпы прыцягнення ў іх. Абмяркоўваліся правілы адказных і бяспечных паводзін у сучасным інфармацыйным асяроддзі. Дэманстраваліся дакументальныя фільмы пра дзеючыя секты ў Беларусі і Расіі. Моладзь задавала пытанні святару пра тое, як пазбегнуць негатыўнага ўздзеяння з боку сект.

  • Перачытваем Гайдара

    20 лютага ў дзіцячай бібліятэцы № 8 адбылося знаёмства з творчасцю класіка савецкай дзіцячай літаратуры Аркадзя Гайдара. Навучэнцы 4 класа гімназіі № 5 пазнаёміліся з біяграфіяй пісьменніка-воіна, які пражыў кароткае, але яркае жыццё. Апавяданне суправаджалася фрагментамі экранізацый яго твораў: «Дым у лесе», «Далёкія краіны», «Гарачы камень», «Цімур і яго каманда». Юныя чытачы абмяркоўвалі ўчынкі дзяцей з каманды Цімура і каманды Квакіна, успаміналі свае добрыя справы. На мерапрыемстве чыталі апавяданне «Сумленне», слухалі голас Гайдара –зварот да дзяцей перад адыходам на фронт, усе разам спявалі «Гайдар крочыць наперадзе» і «Салют Гайдару».

  • Бібліяквэст па старонках баек

    У форме бібліяквэсту 19 лютага ў бібліятэцы № 7 прайшло чарговае пасяджэнне клуба «Чытайка». Тры каманды на чале з капітанамі з натхненнем узяліся за выкананне заданняў: адгадаць байку па ўрыўку, сабраць пазл, разгадаць крыжаванку, падабраць да фразы адпаведнага персанажа; праілюстраваць байку, задзейнічаўшы ўсіх удзельнікаў каманды. Школьнікі папярэдне рыхтаваліся да квэсту, таму адрыў па балах у каманд аказаўся невялікім.

  • Экзамен для сапраўдных мужчын

    19 лютага ў бібліятэцы № 8 напярэдадні свята Дня абаронцаў Айчыны прайшла гульнявая праграма для навучэнцаў 3 «Б» класа гімназіі № 5 «Экзамен для сапраўдных мужчын». Школьнікі пазнаёміліся з гісторыяй каляндарнай даты і прынялі ўдзел у конкурсах і гульнях. Хлопчыкі паказалі сябе з самага лепшага боку, падчас спаборніцтваў праявілі дысцыплінаванасць, узаемадапамогу, уменне дамаўляцца і знаходзіць узаемаразуменне, імкнучыся выканаць пастаўленую перад імі задачу.

  • Па старонках баек Крылова

    18 лютага ў бібліятэцы № 10 для ўдзельнікаў клуба «Мазаіка» прайшла гульнявая праграма «Па старонках баек Крылова», прысвечаная 250-годдзю знакамітага байкапісца. Дзеці даведаліся новыя і цікавыя факты з біяграфіі паэта, прачыталі на памяць вядомыя ім творы аўтара, паўдзельнічалі ў бліц-апытанні па творчасці Крылова, а напрыканцы мерапрыемства намалявалі любімых персанажаў баек.

  • Размаўляй са мной па-беларуску

    21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы. Кожны народ, вялікі і маленькі, павінен ведаць і шанаваць сваю родную мову. Бібліятэка № 9 імкнецца знаёміць сваіх чытачоў з прыгожай, мілагучнай і багатай беларускай мовай. 19 лютага, напярэдадні свята, вучні 3 «Г» класа гімназіі № 5 прыйшлі ў бібліятэку, каб прыняць удзел у гульнявой праграме «Размаўляй са мной па-беларуску». Да мерапрыемства была падрыхтавана змястоўная прэзентацыя, некалькі конкурсаў дазволілі ўспомніць апавяданні і казкі з падручніка «Літаратурнае чытанне». А сябар дзяцей-беларусаў часопіс «Вясёлка» дапамог правесці вясёлыя ўрокі матэматыкі і прыродазнаўства, пазнаёміць школьнікаў з загадкамі і вершамі беларускіх паэтаў.

  • Сакрэты вырошчвання ружаў

    18 студзеня ў клубе «Флора» ў гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка прайшла гадзіна карыснай інфармацыі «Сакрэты паспяховага вырошчвання ружаў». Адбылася зацікаўленая размова пра найлепшыя групы і гатункі кветкі роду Шыпшына, методыку іх размнажэння, асаблівасці вырошчвання і догляду. Шмат увагі члены клуба ўдзялілі агратэхніцы пляцістых і садовых ружаў на Беларусі.

  • Бібліятэчны лялечны тэатр запрашае

    19 лютага ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка прайшла літаратурная гадзіна, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы «Гучы роднае слова» для выхаванцаў ДУА «Яслі-сад № 22 г. Гродна». Размова з дзецьмі пачалася каля фальклорнага кутка «Бабуліна хатка»: жалезны прас, калаўрот, лапці, вілкі, керасінавая лямпа – прымяненне рэчаў вядома малышам. Далей адбылося знаёмства з абанементам бібліятэкі, правіламі паводзін у бібліятэцы і абыходжання з кнігай. У чытальнай зале дзеці пазнаёміліся з часопісамі і кнігамі на роднай мове і пра Беларусь. Завяршылася сустрэча праглядам лялечнага спектакля па кнізе Юі Вісландэр і Свена Нурдквіста «Мама Му паранілася». Прэм’ера прайшла паспяхова. Малышы пакінулі бібліятэку са словамі захаплення і падзякі. У падарунак кожны юны глядач атрымаў рэкламную закладку пра бібліятэку.

  • Анёл да Дня святога Валянціна

    15 лютага ў бібліятэцы № 3 адбыўся майстар-клас Ірыны Вараб’ёвай «Анёл да Дня Закаханых». Удзельніцы клуба «Гарадзенская лялька» пад чулым кіраўніцтвам майстра навучыліся набіваць тэкстыльную цацку, распісваць твар, рабіць крылы.  Кожная ўдзельніца майстар-класа пайшла з бібліятэкі з анёлам.

  • Калі здаровыя дзеці

    16 лютага ў гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка прайшло чарговае пасяджэнне сямейнага клуба «Здравушка» на тэму «Роля сям’і ў фарміраванні і захаванні псіхічнага здароўя дзяцей». На сустрэчу была запрошана псіхолаг-лагапед А.С. Дваранчык. Падчас гутаркі Антаніна Сяргееўна распавяла бацькам пра педагагічную сістэму выхавання дзяцей Марыі Мантэсоры. На сталах для хлопчыкаў і дзяўчынак былі створаны разнастайныя зоны, кожнае дзіця самастойна абрала найбольш цікавую для сябе. У зале стаяла ідэальная цішыня. Дзеці з задавальненнем займаліся гульнёй. Падчас мерапрыемства бацькі бралі ўдзел у анкетаванні «Галоўнае ў сямейным выхаванні», ім былі ўручаны памяткі і буклеты «Выхаванне дзіцяці пачынаецца ў сям’і». Увазе прысутных у бібліятэцы былі прадстаўлены новыя кнігі для ўсёй сям’і.

  • Слаўныя абаронцы Айчыны

    15 лютага ў бібліятэцы №1 адбылася пазнавальна-гульнявая праграма, прысвечаная надыходзячаму Дню абаронцаў Айчыны. Дашкалятам з дзіцячага садка № 37 бібліятэкары расказалі гісторыю ўзнікнення свята, прачыталі вершы. Дзеці з азартам адгадвалі загадкі, а таксама паўдзельнічалі ў рухомых гульнях, паказаўшы спрыт і кемлівасць. Завяршылася мерапрыемства праглядам мультфільма «Салдацкая каша».

     
  • Памяць аб вайне

    14 лютага ў бібліятэцы № 10 для навучэнцаў 8 класаў гімназіі № 9 была праведзена тэматычая гадзіна «Мы не забудзем», прысвечаная Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Школьнікам давялося пачуць з вуснаў падпалкоўніка Канвісара А.А., прапаршчыка Гуменюка Л.Е., падпалкоўніка Бяспалава А.Ф. пра нялёгкую службу ў далёкай краіне, пра маладых суайчынніках, якія не вярнуліся з бою, пра цяжкасці ваеннай кампаніі, якая скончылася роўна 30 гадоў таму. Гродзенскі паэт Пётр Сямінскі прачытаў свае вершы на тэму афганскай вайны, напісаныя і ў канцы 80-х, і напярэдадні мерапрыемства. На працягу ўсёй сустрэчы вёўся ажыўлены дыялог, дзеці задавалі шмат пытанняў, на якія воіны-інтэрнацыяналісты адказвалі і са смехам, і са слязамі. Напрыканцы сустрэчы васьмікласнікі ў знак падзякі ўручылі ганаровым гасцям кветкі і прачыталі для іх вершы. Завяршэннем мерапрыемства стала песня пра таварышаў па службе ў выкананні Леаніда Еўтуховіча.

  • Мы не забудзем

    14 лютага ў бібліятэцы № 9 дзевяцікласнікі гімназіі № 5 пазнаёміліся з кнігай Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі». Размова пра кнігу не выпадковая – тэма афганскай вайны асабліва актуальная напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Школьнікі даведаліся, чаму былі ўведзены савецкія войскі ў гэту краіну, якія страты несла савецкая армія, колькі беларусаў загінула і было паранена за дзесяць гадоў ваенных дзеянняў. Пазнаёміліся з кароткай біяграфіяй С.А. Алексіевіч, з гісторыяй стварэння кнігі «Цынкавыя хлопчыкі». Разам з дзецьмі перагарталі старонкі твора, пачулі галасы радавых і афіцэраў, медсясцёр і ўрачоў, будаўнікоў і служачых. І самыя сумныя галасы  – маці і ўдоў загінуўшых салдат.

  • Афганістан: жывая памяць

    15 лютага супрацоўнікі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка арганізавалі выязную кніжна-ілюстрацыйную выставу «Афганістан: наша памяць і боль» у гарадской паліклініцы № 7, прысвечаную Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.  Увазе наведвальнікаў і супрацоўнікаў установы аховы здароўя былі прадстаўлены дакументальныя, мастацкія выданні, у якіх распавядаецца аб перыядзе знаходжання абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане, аб вернасці воінскаму абавязку і прысязе, мужнасці і доблесці, баявым братэрстве і дружбе, подзвігах і лёсах воінаў-інтэрнацыяналістаў. Таксама на выставе можна было пазнаёміцца з біябібліяграфічным даведнікам, які змяшчае біяграфічныя і бібліяграфічныя звесткі аб воінах-інтэрнацыяналістах, увекавечаных у помніках, мемарыяльных, інфармацыйных дошках горада Гродна. Пазнаёміцца з матэрыяламі экспазіцыі былі запрошаныя і супрацоўнікі паліклінікі, якія выконвалі свой воінскі абавязак у складзе абмежаванага кантынгенту.

  • Ізумруднае чараўніцтва

    13 і 14 лютага ў межах Міжнароднага дня дарэння кніг у бібліятэцы № 5 адбыліся казачныя прыгоды «Ізумруднае чараўніцтва», прымеркаваныя да 80-годдзя кнігі А.М. Волкава «Чараўнік Ізумруднага горада».  У мерапрыемствах бралі ўдзел вучні 3 «В» і 4 «Б» класаў СШ № 18. Школьнікі «прайшлі па слядах» герояў гэтай выдатнай казкі, даведаліся гісторыю яе стварэння. Займальная віктарына дапамагла дзецям, Элі і яе сябрам пераадолець цяжкасці на шляху да Ізумруднага горада і выканання запаветных жаданняў. Пазнаёміліся і з выдатным мультыплікацыйным фільмам, знятым па гэтай казцы, які дапамог атрымаць адказы на пытанні віктарыны.

  • Ствараем казку і марым пра мора

    Падапечныя сем’і сацыяльна-дабрачыннай установы «Центр Пора» і яго валанцёры 14 лютага сабраліся ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка. Сеанс арт-тэрапіі атрымалі не толькі ўдзельнікі майстар-класа па маляванні, але і бібліятэкары. Валанцёр Аляксандр Каравайчык прадставіў і чытачам бібліятэкі, і дзецям, якія прыйшлі з мамамі ў бібліятэку, праект #Сашавы_казкі. Гэта фетравыя казкі, якія прыдумляюцца на хаду разам з дзецьмі – што можа быць лепш для дзіцяці, які змагаецца са складанай хваробай! Цудоўныя малюнкі пад кіраўніцтвам мастачкі Галіны Абуховіч усе ўдзельнікі майстар-класа стваралі з марамі пра паездку, не важна куды, галоўнае разам!

  • Прызнанне ў любові да кнігі

    У Міжнародны дзень дарэння кніг 14 лютага ў дзіцячай бібліятэцы № 8 адбылася сустрэча з вядомай пісьменніцай г. Гродна Ірынай Фамянковай. Навучэнцы 7 класа гімназіі № 5 даведаліся пра творчыя планы госці, пра тое, як прыходзіць натхненне напісаць кнігу, пазнаёміліся з яе творамі, паслухалі ўрыўкі з новай кнігі «Права на шчасце» пра разнастайны свет школьнікаў. Падлеткі прадэманстравалі свае адносіны да кнігі, цёпла сустракалі пісьменніцу, апладзіравалі яе прамоўніцкаму майстэрству, задавалі пытанні. Усе запрошаныя з любоўю падарылі кнігі ў межах акцыі «Прачытаў сам – падары іншаму». Сярод кніжных дарункаў – новая дзіцячая літаратура, руская класіка, вялікая ілюстраваная энцыклапедыя ў 32-х тамах, усе яны знойдуць новага чытача.

  • Гісторыя Гродна – твая гісторыя

    Дзень інфармацыі «Гісторыя Гродна – твая гісторыя» прайшоў 14 лютага ў бібліятэцы № 4. Пазнавальную гадзіну «Гродна: дакрануцца да мінулага» правялі для выхаванцаў дзіцячага сада № 54. З дзецьмі гаварылі пра гісторыю Гродна, аднаго з найстарэйшых гарадоў Беларусі з унікальным архітэктурным воблікам. Слайд-падарожжа «Вуліцы Гродна: гісторыя і сучаснасць» здзейснілі вучні 3 «А» класа СШ № 22. З дапамогай маляўнічай прэзентацыі даведаліся, як выглядаў горад на старых фотаздымках у мінулыя стагоддзі. Удзельнікі віктарыны «Мой горад Гродна» атрымалі прызы, а бібліятэкары ў дзень кнігадарэння кнігі ў падарунак.

  • Кніга – лепшы ў свеце падарунак

    14 лютага ў дзіцячай бібліятэцы № 6 прайшла акцыя «Кніга – лепшы ў свеце падарунак», прымеркаваная да Міжнароднага дня кнігадарэння. Навучэнцы 3 «В» класа СШ № 11 прынялі актыўны ўдзел у зборы кніг для пацыентаў Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы, у кожную кнігу дзеці ўклеілі рознакаляровыя сэрцайкі дабрыні. Акцыю падтрымала дзіцячая пісьменніца Таццяна Сучкова і падарыла сваю кнігу «Ты куды бяжыш, сцяжынка?» з аўтографам і цёплымі пажаданнямі.

  • У гасцях у дамавіка Кузі

    14 лютага да Міжнароднага Дня дарэння кніг у аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка прайшла літаратурная гульня «У гасцях у дамавіка Кузі», прымеркаваная да 90-годдзя выдатнай дзіцячай пісьменніцы, мастачкі Таццяны Іванаўны Аляксандравай, літаратурнай «мамы» знакамітага і любімага многімі дзецьмі дамавічка Кузькі. А 10 лютага па народным календары – дзень дамавіка! Таму вучні 3 «А» класа СШ № 6 даведаліся аб жыцці і творчасці добрай казачніцы, паглядзелі фрагмент мультфільма «Прыгоды дамавічка Кузькі», успомнілі фразы з казачнай аповесці, якія сталі ўжо крылатымі: «Шчасце – гэта калі ў цябе ўсе дома!», «Дзякуй гэтаму дому, пайду да другога», «Кажуць, да вас шчасце прываліла? – Бессаромна хлусяць!» і многія іншыя. А затым пазнаёміліся з Дамавічком Кузей, адказвалі на яго пытанні, дапамаглі адкрыць «чароўны» куфар з казкамі.

  • Напярэдадні Дня кнігадарэння

    13 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня кнігадарэння, вучні 4 Б класа СШ № 7 сталі ўдзельнікамі акцыі «Прачытаў сам – падары іншаму» ў дзіцячай бібліятэцы № 7. Школьнікі даведаліся пра тое, як 7 гадоў таму з’явіўся гэты дзень у календары, адказалі на пытанні анкеты і, вядома, падарылі кнігі для бібліятэкі Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы. Удзел у акцыі дапамог зразумець, што кнігі не павінны пыліцца на паліцы, а з’яўляюцца выдатным падарункам.

  • Да юбілею Віталя Біянкі

    13 лютага супрацоўнікі бібліятэкі № 10 прапанавалі вучням 2 класа СШ № 31 акунуцца ў дзіўны свет прыроды разам з творамі Віталя Валянцінавіча Біянкі. Дзеці пазнаёміліся з самымі цікавымі момантамі жыцця празаіка-натураліста, падзяліліся ведамі пра творчасць Біянкі праз гульні і складаныя пытанні, прагледзелі ўпадабаныя кнігі пісьменніка, а таксама ўзялі іх дадому.

  • Як засцерагчы сябе ад бяды

    13 лютага ў гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка для вучняў 5 класа СШ № 6 бібліятэкары арганізавалі пазнавальную праграму «Як засцерагчы сябе ад бяды». Мерапрыемства было прысвечана здароваму ладу жыцця. Дзеці актыўна выказваліся пра правільнае харчаванне, індывідуальную гігіену і ролю спорту ў жыцці кожнага. Напрыканцы мерапрыемства яны бралі ўдзел у гульні «Трэба спортам займацца», яшчэ раз пераканаўшыся ў неабходнасці здаровага ладу жыцця.

  • Афганістан: наша памяць і боль

    Выязная кніжна-ілюстрацыйная выстава «Афганістан: наша памяць і боль» арганізавана супрацоўнікамі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка 13 лютага ў абласным драматычным тэатры да ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Значную частку экспазіцыі займаюць матэрыялы пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, чые імёны захаваныя ў манументальнай скульптуры нашага горада. Прадстаўлена на выставе публіцыстычная і дакументальная літаратура, а таксама мастацкія творы, прысвечаныя тэме афганскай вайны.

    Да юбілейнай даты спецыялісты інфармацыйна-бібліяграфічнага сектара бібліятэкі стварылі біябібліяграфічны даведнік, які змяшчае біяграфічныя і бібліяграфічныя звесткі аб воінах-інтэрнацыяналістах, увекавечаных у помніку, мемарыяльных, інфармацыйных дошках горада Гродна. Пазнаёміцца з ім мелі магчымасць удзельнікі мерапрыемства.

  • Гучы роднае слова

    13 лютага ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка прайшло свята роднай мовы для выхаванцаў старшых груп ДУА «Яслі-сад № 35 г. Гродна» «Гучы роднае слова». Дзяцей пазнаёмілі з бібліятэкай, расказалі аб разнастайнасці моў на нашай планеце і аб значэнні роднай мовы ў жыцці кожнага чалавека. Затым на сустрэчу з малышамі прыйшоў Дзед Усёвед з поўнай катомкай кніг пра родную Беларусь. Дзеці з задавальненнем пазнаёмілася з кнігамі пра жывёл, расліны, вадаёмы роднай зямлі, з беларускімі народнымі казкамі. Замацавалі матэрыял паўторам прыказак і прымавак, адгадалі ўсе загадкі і атрымалі салодкія прызы. На развітанне падарылі дзядулю песеньку на беларускай мове і кнігу «Прывітанне з Гродна», аўтарам якой з’яўляецца выхавальнік дзіцячага сада Святлана Парахаўнік.

  • Намалюем валянцінку

    12 лютага супрацоўнікі бібліятэкі № 3 правялі для вучняў 6 класа СШ № 37 майстар-клас «Намалюем валянцінку», прысвечаны Дню закаханых. Школьнікі не толькі зрабілі сваімі рукамі валянцінку ў падарунак блізкім, але і пазнаёміліся з кнігамі пра каханне з фонду бібліятэкі, пачулі гісторыю гэтага рамантычнага свята.

  • Сінхронны кубак Беларусі 2019

    9 лютага адбыўся самы буйны беларускі турнір – Сінхронны кубак Беларусі. Гэта штогадовае мерапрыемства з’яўляецца асноўным адборачным турнірам на галоўнае спаборніцтва года – фінал чэмпіянату Беларусі па інтэлектуальных гульнях «Што? Дзе? Калі?». У абласных і раённых цэнтрах нашай краіны адначасова прайшлі рэгіянальныя гульні, на якіх быў разыграны пакет з 36 пытанняў. На гродзенскай пляцоўцы гулялі 9 каманд: «Індэвар», «Скідзельскія буракі», «Матрыца», «Smart», «NZT», «Філіп», «Апосталы» і дзве каманды «Разумнікі» і «Экспромт», якія складаюцца з членаў ГА БелТІЗ, а таксама каманда ўдзельнікаў клуба «Эрудыт» спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку. Вынікі турніру падводзіліся па мностве залікаў – агульны, студэнцкі, школьны, ветэранскі, аматарскі і працоўных калектываў. Каманда клуба «Эрудыт» трапіла ў залік працоўных калектываў і па папярэдніх выніках, якія сталі вядомыя 11 лютага, каманда «Разумнікі» ў складзе Валерыя Будніка, Аляксандра Багданава, Таццяны Венско, Барыса Падольнага, Івана Прыхажая і Байрама Гутлыева выйшлі на трэцяе месца з 14 каманд па краіне, саступіўшы камандам з Мінска і Наваполацка. Віншуем «Эрудытаў» з такім высокім месцам у рэйтынгу інтэлектуалаў краіны!

  • Клаўнэса Інэса і лялька Ірынка

    11 лютага азарныя клаўнэса Інэса і лялька Ірынка (па сумяшчальніцтву супрацоўнікі бібліятэкі № 3) і сапраўдны шэф-повар кафэ-рэстарана «Вялікі Буфет» падарылі падапечным дзецям Цэнтра ПАРА і іх брацікам і сястрычкам свята жывата, асалоду вушам і радасць для вачэй! 15 новаспечаных піцайола кулінарылі лютаўскім панядзелкам у «Вялікім Буфеце»! Дзіцячы смех, задаволеныя мамы і водары італьянскай «Капрычозы» дзве гадзіны напаўнялі ўтульную прастору ў самым сэрцы Гродна. Дзеці былі ўдзячныя за сур’ёзныя адносіны да іх, бо кожнае дзіця адчула сябе шэф-поварам і было ўдастоена сертыфіката. Аніматары-бібліятэкары І. Сотнікава і І. Вараб’ёва ўнеслі важны ўклад у сацыялізацыю і адаптацыю дзяцей у рэмісіі. Па словах кіраўнікоў Цэнтра ПАРА «гэта значнае звяно ў ланцужку рэабілітацыі пасля цяжкай хваробы».

  • Няхай пакаленні памятаюць

    11 лютага ў бібліятэцы № 2 прайшла сустрэча з удзельнікам вайны ў Афганістане, падпалкоўнікам у адстаўцы А.М. Аўгусціноўскім. Навучэнцам 11 класа СШ № 11 Аляксандр Мікалаевіч распавёў аб службе камандзірам мотастралковай пяхотнай роты, аб дзейнасці «Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане». Успомніў баявых таварышаў, паказаў узнагароды і адказаў на пытанні прысутных. Электронная прэзентацыя «Жывая памяць», прысвечаная ўраджэнцам Гродзенскай вобласці, якія загінулі на вайне, дапоўніла мерапрыемства.

  • Інтэлект-гульня

    11 лютага вучні 4 «В» класа СШ № 7 бралі ўдзел у інтэлектуальнай гульні «Пра ўсё на свеце», арганізаванай супрацоўнікамі бібліятэкі № 7. Вызначыўшы значэнне слова «інтэлект» і спосабы яго развіцця, школьнікі прыступілі да гульні. Адказваючы на пытанні бібліятэкара, дзеці паказалі свае веды па літаратуры, матэматыцы, рускай мове і прыродазнаўству. За кожны правільны адказ вучні атрымлівалі «бонусы» ў выглядзе налепак, вызначыўшы ў канцы мерапрыемства самага галоўнага інтэлектуала класа.

  • На лясных палянках

    11 лютага дзіцячая бібліятэка № 8 запрасіла навучэнцаў гімназіі № 5 здзейсніць займальнае падарожжа ў свет прыроды, прысвечанае 125-годдзю пісьменніка-натураліста Віталя Біянкі. Юныя чытачы пазнаёміліся з цікавымі эпізодамі з жыцця аўтара, даведаліся, чаму ён стаў пісаць апавяданні пра прыроду, пра яго першыя публікацыі і знакамітую кнігу «Лясная газета». Пасля гучнага чытання твораў, аўдыяапавяданняў, фрагментаў экранізацый на апавяданні і казкі, дзеці даведалася пра заячыя хітрыкі, пра рэхалот у кажаноў, што рабілі рыбы зімой, у якіх звяроў больш запасаў агародніны. Хлопчыкі і дзяўчынкі змагаліся ў трапнасці адказаў на пытанні з жыцця лесу ў інтэрактыўнай гульні «Цір», пагулялі ў інтэлектуальную гульню «Знаўцы твораў В. Біянкі».

  • Карціны-загадкі

    8 лютага ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка для вучняў 4 «А» СШ № 6 прайшла гадзіна мастацтва. Наведваючы выставы, галерэі, гартаючы альбомы рэпрадукцый знакамітых мастакоў, мы не задумваемся пра гісторыю напісання той ці іншай карціны. А ёсць жа палотны, якія ўтойваюць у сабе загадкі. Разгадаць іх паспрабавалі бібліятэкары разам са школьнікамі.

  • Вандроўнікі ў Сусвеце

    Дзеці ва ўсе часы адрозніваліся дапытлівасцю, жаданнем акунуцца ў свет незвычайных прыгод. І такая магчымасць прадставілася ўдзельнікам клуба «Ѕuреrдзеткі» ў бібліятэцы № 5 падчас пазнавальнай праграмы 8 лютага. Дзеці даведаліся, хто такія ўфолагі і экзабіёлагі. Гаворка ішла аб «гастролях» гуманоідаў на планету Зямля, аб разнавіднасцях прышэльцаў, аб творах пазаземных цывілізацый. Мерапрыемства працягнуў прагляд відэаматэрыялаў па тэме з наступным абмеркаваннем.

  • «Я памятник воздвиг себе иной...»

    8 лютага ў Гродзенскім яўрэйскім абшчынным доме «Менора» супрацоўнікі гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка правялі літаратурную гасцёўню «Я памятник воздвиг себе иной...», прысвечаную жыццю і творчасці Іосіфа Бродскага, паэта, перакладчыка, празаіка і драматурга, лаўрэата Нобелеўскай прэміі. Аповед аб жыцці і творчасці Іосіфа Бродскага суправаджаўся паказам фільма «Бродский не поэт...». На працягу мерапрыемства гучалі вершы «Пилигримы», «Одиночество», «Дорогая, я вышел сегодня из дому», «Конец прекрасной эпохи», «Не выходи из комнаты». Многія слухачы адкрылі для сябе гэтага геніяльнага паэта высокай культуры, які здолеў стварыць сваю вобразную паэтычную мову.

  • Сустрэча з Масленіцай

    8 лютага ў бібліятэцы № 10 правялі гульнявую праграму «Сустрэча з Масленіцай» з выхаванцамі старшай групы дзіцячага сада № 105. Дзеці атрымалі цікавую інфармацыю пра Масленіцу, пагулялі ў развіваючыя гульні «Сонейка», «Гарэлкі», «Каруселі». У якасці замацавання матэрыялу дашкольнікам было прапанавана адлюстраваць у малюнках самыя цікавыя моманты сустрэчы. Напрыканцы ўсіх пачаставалі сімвалам свята – блінамі.

  • Экалогія і энергазберажэнне

    7 лютага ў бібліятэцы № 1 пабывалі навучэнцы медыцынскага каледжа, для іх падрыхтавалі інфармацыйную гадзіну «Узаемадзеянне экалогіі і энергазберажэння». Ішла размова пра акцыю «Гадзіна Зямлі», падчас якой выключаюць святло на адну гадзіну ў знак неабыякавасці да будучыні планеты. Прысутным быў паказаны пазнавальны відэаролік, які прываблівае ўвагу да праблем выкарыстання энергіі. Пасля прагляду ўдзельнікі мерапрыемства выказалі сваё меркаванне на вызначаную тэму.

  • Астралагічны прагноз на год

    7 лютага ў бібліятэцы № 2 для членаў клуба па інтарэсах «Алхімія поспеху» прайшла гадзіна цікавых паведамленняў «Новы год і астралагічны прагноз». Астролаг Людміла Пагажэльская распавяла пра старажытныя календары, пра традыцыі святкавання Новага года ў розных культурах свету, пра тое, якія падзеі чакаюць прадстаўнікоў усіх знакаў Задыяку. Псіхолаг Таццяна Язэпчык патлумачыла, як планаваць важныя справы на наступны год і гарманізаваць адносіны з людзьмі. У завяршэнне мерапрыемства прысутныя прайшлі псіхалагічныя міні-тэсты па малюнках.

  • След на гродзенскай зямлі

    У гэтым годзе спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Яна Каханоўскага, заснавальніка Гродзенскага заапарка. 7 лютага ў бібліятэцы №9 прайшла краязнаўчая гадзіна «След на гродзенскай зямлі». Навучэнцы 4 «А» класа гімназіі № 5 пазнаёміліся з кароткім, але гераічным лёсам гродзенскага біёлага і настаўнікі-наватара. Школьнікі паўдзельнічалі ў гульнях «Галоўнае - хвост!», «Знайдзі памылку», «Зямля, вада, паветра!».

  • Дзе знайсці вітамін жыцця?

    6 лютага на пытанне: «Дзе знайсці вітамін жыцця?» паспрабавалі адказаць члены клуба «Званы госць» у бібліятэцы №9 разам з вядомым у краіне спецыялістам па здаровым харчаванні і вітаміналогіі, доктарам біялагічных навук, прафесарам Андрэем Георгіевічам Майсяёнкам. Пра ўсё, што хацелі б ведаць пра вітаміны і пра што нават не здагадваліся, распавёў Андрэй Георгіевіч. Прафесар адказаў на шматлікія пытанні членаў клуба: якія патрэбныя вітаміны пажылому чалавеку і колькі іх павінна быць у штодзённым рацыёне, ці можна замяніць садавіну і гародніну на аптэчныя пілюлі, ці могуць вітаміны нанесці шкоду і іншыя. Андрэй Георгіевіч прапанаваў прысутным запоўніць анкету па ацэнцы рацыёну харчавання. На адным з пасяджэнняў клуба прафесар пазнаёміць з вынікамі аналізу анкеты. Другая частка пасяджэння клуба была традыцыйнай - жартоўная тэматычная віктарына.

  • Тры дарожкі

    6 лютага ў бібліятэцы № 7 арганізавалі літаратурны лабірынт «Тры дарожкі» для вучняў 2 «А» класа СШ № 7. Дзеці патрапілі ў заблытаную гісторыю: для таго, каб атрымаць падарункі, ім трэба было трапіць у чароўную краіну «Казкіна», а каб туды патрапіць, неабходна было выбраць адну з трох дарожак і прайсці складаны лабірынт з перашкодамі з віктарын і загадак. Шумна і весела другакласнікі прабіраліся па лабірынце, дружна дапамагаючы адзін аднаму успамінаць добра вядомыя ім творы. Патрапіўшы ў «Казкіна» кожны вучань атрымаў доўгачаканы прыз за свае веды і ўменні.

  • Казкі меднай гары

    31 студзеня ў бібліятэцы №10 гаварылі пра творчасць Паўла Бажова з вучнямі 1 класа СШ №26. Сказы П. Бажова ведаюць і памятаюць дзеці і дарослыя. Першакласнікі з цікавасцю слухалі аповяд бібліятэкара пра жыццё і творчасць пісьменніка, зачытвалі ўрыўкі з найбольш упадабаных твораў, пазнаёміліся з выставай кніг уральскага казачніка, адказвалі на пытанні віктарыны. Больш за ўсё дзецям спадабалася гульня-квэст, дзе яны выконвалі нескладаныя заданні. Прагледзелі мультфільм паводле казкі «Срэбнае капытка». І ў заключэнне намалявалі сваіх любімых герояў казак П.П. Бажова.

  • Па старонках дзіцячых часопісаў

    4 лютага ў бібліятэцы №7 прайшоў бібліятэчны ўрок для вучняў 1 "Г" класа СШ №7. Першакласнікі атрымалі першапачатковыя веды аб тым, што азначае слова «перыёдыка», якія бываюць часопісы па відах і жанрах. Азнаёміўшыся з перыядычнымі выданнямі, што паступаюць у бібліятэку, кожны вучань атрымаў заданне: старанна вывучыць адзін з маляўнічых часопісаў і падзяліцца з аднакласнікамі, чым ён будзе ім карысны. Дзеці справіліся з заданнем хутка і з цікавасцю слухалі адзін аднаго.

  • Гартаючы старонкі кніг В. Драгунскага

    4 лютага ў дзіцячай бібліятэцы № 8 навучэнцы 4 класа гімназіі №5 пазнаёміліся з творчасцю Віктара Драгунскага. Заслужаную славу яму прынеслі апавяданні, напісаныя дзякуючы сыну Дзянісу, з якім здараліся розныя смешныя гісторыі. Школьнікі даведаліся шмат цікавага пра вясёлага хлапчука Дзяніску і ягонага сябра Мішку, пазнаёміліся з кнігамі з фонду бібліятэкі, праявілі свае веды творчасці пісьменніка ў аўкцыёне апавяданняў, які паказаў добрыя веды творчасці Віктара Драгунскага, адказвалі на пытанні кампутарнай віктарыны, а таксама паглядзелі фрагменты з мастацкіх фільмаў «Усё таемнае становіцца відавочным» і «Падзорная труба». Сапраўдны азарт разгарэўся на конкурсе «Роўна 25 кіло», дзе дзеці узважваліся на вагах, як і героі гэтага аповяду.

  • Чароўны свет кніг

    29 і 31 студзеня кніжны дэсант бібліятэкі № 7 пабываў у гасцях у выхаванцаў дзіцячага садка № 77. Бібліятэкары расказалі малышам пра тое, якія бываюць кнігі па жанрах, чаму яны могуць навучыць, чаму так важна з самага дзяцінства сябраваць з кнігай. Дашкольнікі даведаліся пра чароўны дом, дзе жывуць кнігі і часопісы, пазнаёміліся з навінкамі кніжнага фонду бібліятэкі і былі запрошаны разам з бацькамі наведаць бібліятэку.

  • На сустрэчу з казкай

    31 студзеня вучні 2 «Г» класа сярэдняй школы №7 ўдзельнічалі ў літаратурнай гульні «У гасцях у казкі», арганізаванай супрацоўнікамі бібліятэкі № 7. Другакласнікі, падзяліўшыся на тры каманды, пазмагаліся за званне лепшых знаўцаў казак і апавяданняў, прайшоўшы выпрабаванні ў конкурсах «Угадай казку», «Адгадай героя», «Казка стала быллю» і «Кнігі і прыказкі». Скончылася мерапрыемства выбарам лепшага гульца кожнай каманды і ўзнагароджаннем.

Дадатковая інфармацыя