30 лістапада адбыўся восьмы абласны інтэграваны турнір «Белы кій», прымеркаваны да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь. У ім прынялі ўдзел рэкордная колькасць каманд з Гродна, Ваўкавыска, Шчучына, Ліды. З 20 каманд-удзельніц тры – дзіцячыя, і тры каманды складаліся цалкам з невідушчых людзей. Арганізатары турніру – Дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна» і народны клуб «Высокі Волак» (г. Ваўкавыск).
Удзельнікі турніру надзелі павязкі на вочы, каб паглыбіцца ў стан невідушчага чалавека. Праграма турніру была традыцыйнай – конкурсы «6х6», «Медыя-азбука», «Што? Дзе? Калі?" і іншыя. У трох з чатырох этапаў першае месца заняла каманда «Унікі», якая трэніруецца ў клубе «Эрудыт» спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку. Уладальнікам кубка 2019 года па выніках усіх спаборніцтваў стала ваўкавыская каманда «Крамень».
Удзельнікаў турніру віталі супрацоўнікі гарадскіх бібліятэк, якія прадставілі дэфіле «Архітэктурныя помнікі Гродна». У перапынку паміж этапамі турніру свае вакальныя таленты дэманстравалі вакалісты Гродзенскага абласнога грамадскага аб'яднання БелТІЗ. А з залай была праведзена брайлеўская пераклічка, калі кожная каманда перакладала радкі верша пра Гродна, напісаныя шрыфтам Брайля. «Белы кій» – гэта яшчэ адзін напамін пра тое, што побач жывуць, вучацца, працуюць невідушчыя людзі, ім нашмат цяжэй арыентавацца ў навакольным свеце, спадзеючыся толькі на слых, нюх, дотык і белы кій.