Фільтр
  • Будзь да школы гатовы!

    29 і 30 жніўня на пляцоўцы каля бібліятэкі № 10 працавала чытальная зала пад адкрытым небам «Кніжны двор». «Будзь да школы гатовы!» – пад такой назвай прайшоў бібліяграфічны агляд твораў беларускіх і замежных пісьменнікаў напярэдадні новага навучальнага года для чытачоў бібліятэкі.

  • Лета з кнігай у «Купалінцы»

    У аздараўленчым лагеры «Купалінка» пяты год працуе выязная бібліятэка «Чытайка», арганізаваная супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі № 7. Тут заўсёды бібліятэкараў чакаюць  дзеці і выхавальнікі. На працягу чатырох змен чытачамі выязной бібліятэкі сталі 525 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія адпачывалі ў лагеры. Бібліятэка працавала тры разы на тыдзень з 10.30 да 14.30. Больш за 9000 часопісаў і кніг прачыталі дзяўчынкі і хлапчукі. І ўсе з нецярпеннем будуць чакаць наступнае лета і новых кніжных сустрэч!

  • Сінхронны турнір

    27 жніўня ў спецыяльнай бібліятэцы для інвалідаў па зроку адбылося чарговае пасяджэнне клуба «Эрудыт», якое прайшло ў фармаце міжнароднага турніру «Сінхрон з чалавечым тварам. Бронзавы загар». Турнір разлічаны на аматарскія, студэнцкія і школьныя каманды і будуецца на прынцыпах гульні «Што? Дзе? Калі?». Разам з камандамі бібліятэчнага клуба «Разумнікі» і «Экспромт» яшчэ тры гродзенскія каманды «Скідзельскія буракі», «SMART», «NZT» шукалі адказы на 36 пытанняў турніру. Вынік гульні – новыя веды і добра праведзены час. А пераможцам стала каманда «Скідзельскія буракі».

  • Ад душы – для душы

    23 жніўня ў клубе «Сябрына» ў бібліятэцы № 1 панаваў паэтычны настрой, тут прайшоў вечар паэзіі «Ад душы – для душы». У цёплай, амаль дамашняй атмасферы прысутныя зачытвалі свае любімыя вершы. У бібліятэцы ў гэты вечар гучала лірыка Роберта Раждзественскага, Расула Гамзатава, Віктора Гюго і іншых паэтаў.

  • Made in Hrodna: тактыльная экскурсія

    23 жніўня ў спецыяльнай бібліятэцы для інвалідаў па зроку адбылася незвычайная тактыльная экскурсія, якую правёў вядомы гродзенскі гісторык, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч. Андрэй Фрыдрыхавіч  з дапамогай унікальных экспанатаў музейнай экспазіцыі распавёў невідушчым чытачам бібліятэкі аб прамысловых прадпрыемствах нашага горада, якія існавалі сто гадоў таму, аб прадукцыі, якая выпускалася на іх. А каб атрымаць больш поўнае ўяўленне пра тое, як працавалі пераплётная фабрыка або завод па вытворчасці ровараў, можна прачытаць кнігу «На гродзенскім бруку» А. Вашкевіча і В. Саяпіна. У невідушчых людзей таксама ёсць магчымасць праслухаць аўдыяверсію гэтай кнігі, агучанай у межах праекта «Гродна: гісторыя ў гуку».

     
     
     
  • Хто сказаў «мяў»?

    Пазнавальная гадзіна «Хто сказаў «мяў»? прайшла 22 жніўня на пасяджэнні клуба «Калейдаскоп» у бібліятэцы № 4. Кошкі – найбольш папулярныя хатнія жывёлы. Ім прыпісваюць шматлікія міфалагічныя і містычныя ўласцівасці. Аб ролі кошак у старажытнаегіпецкай міфалогіі, аб разнастайнасці парод і ўмовах утрымання хатніх улюбёнцаў распавялі супрацоўнікі бібліятэкі. Дакументальны фільм «Кошкі-Джуманджы. Жывёлы ў мегаполісе» патлумачыў, чаму многім людзям вельмі падабаюцца кошкі. Гэта і нядзіўна, бо гэта пацешныя і цікавыя істоты.

  • Мой родны край

    22 жніўня ў двары бібліятэкі № 2 па адрасе 2-гі завулак Белуша, 2 адбылася літаратурная гадзіна «Мой родны край у вершах і прозе». Дзеці абмеркавалі, чым і чаму ім падабаецца свая вуліца і ўвесь горад. Бібліятэкары расказалі аб мастацкіх творах, дзеянне якіх адбываецца ў нашай мясцовасці. У заключэнне адбылося гучнае чытанне з прыпынкамі зборніка вершаў Віктара Кудлачова «Прывітанне, Гродна!» і разважанні аб тым, як паэзія і прыгажосць горада прысутнічае ў жыцці кожнага.

     
     
  • Творчы вечар Мілы Ражковай

    У цёплай і душэўнай атмасферы прайшоў творчы вечар расійскай спявачкі, кампазітара і аранжыроўшчыка Мілы Ражковай у цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. Макаёнка 21 жніўняДзіўны тэмбр голасу выканаўцы і глыбокія тэксты – усё гэта складаемыя якаснай канцэртнай праграмы, якая пачалася з песні М. Ражковай «Самая кароткая ноч» аб творчасці і творчых людзях. Гучалі песні на рускай, украінскай, грузінскай і беларускай мовах. А завяршыўся канцэрт знакамітым «Развітаннем з Радзімай» М.К. Агінскага. Гледачы доўга не разыходзіліся, выказваючы словы падзякі выканаўцы за цудоўны канцэрт.

     
     
  • Запрашаем у кніжкін дом

    21 жніўня ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка прайшла экскурсія для выхаванцаў спецыяльнага дзіцячага сада № 19 «Запрашаем у кніжкін дом». Бібліятэкар расказала дашкольнікам аб кнігах і правілах карыстання імі, пазнаёміла з дзіцячымі часопісамі і 3D энцыклапедыямі, кнігамі, якія могуць гаварыць, кнігамі-пазламі. Затым дзеці з задавальненнем адгадалі загадкі з «чароўнага» куфэрка, адказалі на пытанні віктарыны «Што любіць кніжка?» і атрымалі ў падарунак салодкія прызы і рэкламныя закладкі. У канцы сустрэчы замацавалі новыя веды праглядам мультфільма «Сланяня і ліст».

  • Подых лета

    16 жніўня незвычайны open-air прайшоў на пляцоўцы каля дзіцячай бібліятэкі па вуліцы Цітова, 12. Тут адбыўся дабрачынны бардаўскі канцэрт у падтрымку дарослых і дзяцей, якія сутыкнуліся з анкалогіяй. Вядомыя гродзенскія аўтары, удзельнікі Народнага аматарскага калектыву «Клуб Арганізаваных бардаў» пры ДУ «Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры». Вольга Галаўня, Павел і Таццяна Салаўёвы, Аксана Кяйко, Таццяна Шубзда, Ігар Падчыненкаў, Ігар Адасік, Сяргей Ільюшэнка выступілі ў гэты вечар перад шматлікімі гледачамі, якія прыйшлі падтрымаць падапечных Сацыяльна-дабрачыннай установы «Цэнтр ПАРА».  Усе сабраныя падчас канцэрта сродкі будуць накіраваныя на закупку канцылярскіх тавараў да новага навучальнага года для дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, імуналогіі і гематалогіі ў Бараўлянах. Мора жывой музыкі і сапраўднай паэзіі, жнівеньскі вечар, стварылі кранальную цёплую атмасферу мерапрыемства.

  • Лета з кнігай і бібліятэкай

    15 жніўня летняя чытальная зала бібліятэкі № 1 працягнула сваю працу на вуліцы Даватара. Дзеці адказвалі на пытанні віктарыны «Браты нашы меншыя», а затым заняліся размалёўваннем антыстрэс-малюнкаў. Такія размалёўкі адкрываюць неабмежаваны прастор фантазіі і выклікаюць супакаенне.

     
     
     
     
     
     
     
  • Прыгажосць у вершах

    15 жніўня ў двары бібліятэкі № 2 па адрасе 2-гі завулак Белуша, 2 адбылася пазнавальна-забаўляльная праграма «Прыгажосць у вершах — любоў у сэрцах». Дзеці разам з бібліятэкарам абмеркавалі, што такое прыгажосць і высветлілі, што яе крыніцай з’яўляецца душа чалавека. Бібліятэкары расказалі аб тым, як прыгажосць уплывае на светапогляд і як яна апяваецца ў вершах. У заключэнне адбылося гучнае чытанне з прыпынкамі верша М. Забалоцкага «Непрыгожая дзяўчынка» і разважанні ўслых аб тым, што такое ўнутраная прыгажосць.

     
  • Канікулы ніхто не адмяняў

    14 жніўня выхаванцы прышкольнага лагера СШ № 36 наведалі бібліятэчны пункт № 1 на вуліцы Ліможа. Хоць канікулы ніхто не адмяняў, дзецям давялося папрацаваць інтэлектуальна. Успомнілі правілы паводзін чытачоў у бібліятэцы і  карыстання кнігамі. Не спалохаліся складаных крыжаванак і заданняў, чыталі вершы, адгадвалі загадкі, паўтарылі імёны герояў любімых казак. Аказалася, няма сакрэту ў тым, што чытанне цікавай кнігі – гэта, як гутарка з добрым сябрам. Абавязкова застанецца станоўчы след!

  • Бенефіс гладыёлусаў у бібліятэцы

    14 жніўня ў Гродзенскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы ім. А. Макаёнка адкрылася фларыстычная выстава «Грацыёзны гладыёлус». Калекцыю кветак прадставіла Ала Квяткоўкая, удзельніца клуба «Флора». У презентуемой калекцыі гладыёлусаў звыш 170 гатункаў. Яны зачароўваюць не толькі прыгажосцю, вытанчанасцю і далікатнасцю, але і паэтычнымі назвамі. Сярод іх "Кучаравы Пасейдон", "Сэрца джунгляў", "Гукі саксафона", "Мігатлівыя матылі", "Ружовы фламінга", "Чароўная Вольга" і многія іншыя. Першыя наведвальнікі атрымалі асалоду ад грацыёзных, па-каралеўску прадстаўнічых кветак. Выстава дзейнічае два дні: 14-15 жніўня.

  • Маленькім дзецям – вялікія правы

    10 і 13 жніўня ў бібліятэцы № 8 выхаванцы прышкольнага лагера гімназіі № 2 здзейснілі падарожжа па старонках «Канвенцыі аб правах дзіцяці». Дзеці дружна абмяркоўвалі змест некаторых яе артыкулаў, удзельнічалі ў віктарыне «Прававы калейдаскоп», глядзелі відэаролікі аб правах дзяцей і з цікавасцю знаходзілі парушэнні правоў любімых літаратурных герояў у мультыплікацыйных фільмах. Затым з дзіцячым азартам гулялі ў рухомыя гульні, слухалі музыку, танцавалі і глядзелі мультфільм.

  • Знаёмцеся: новыя часопісы

    13 жніўня супрацоўнікі бібліятэчнага пункта, размешчанага ў мікрараёне Дзевятоўка, правялі займальныя заняткі для выхаванцаў дзіцячага сада № 83. У альтанцы на свежым паветры дзеці забылі пра свае гульні і перанесліся ў маляўнічы свет дзіцячых часопісаў. А ў ім – героі любімых казак і мультфільмаў, заданні, з якіх выходзіш пераможцам, даведваешся пра жыццё дзікіх жывёл і асаблівасці догляду за хатнімі гадаванцамі.

  • Настолле

    10 жніўня ў бібліятэцы № 5 прайшоў дзень настольных гульняў «Настолле». За вялікім гульнявым сталом сабраліся чытачы бібліятэкі і дзеці з прышкольнага лагера СШ № 16. Галоўнымі «стравамі» сталі гульні «Мафія» і «Lifeboat», у рускай лакалізацыі – «За бортам!». Гульні накіраваны на камандную працу, уменне падтрымліваць адзін аднаго, каардынаваць дзеянні і выпрацоўваць найлепшую стратэгію, якая вядзе да перамогі. Таксама імпрэза мела на рэкламную мэту.

  • Гадзіна гісторыі ў абшчынным доме «Менора»

    10 жніўня ў абшчынным доме «Менора» прайшла гадзіна гісторыі па тэме «Габрэі Беларусі. Гісторыя і сучаснасць». У мерапрыемстве ўзялі ўдзел бібліятэкары ГГЦБ і гродзенскі гісторык Ігар Трусаў. Шмат цікавых фактаў даведаліся прысутныя аб мінулым і сучаснасці беларускіх габрэяў, а таксама пра асаблівасці габрэйскай архітэктуры Гродзеншчыны.

  • Краіна шчасця

    8 и 9 жніўня ў дзіцячай бібліятэцы № 6 прайшла гадзіна прававых ведаў «Краіна шчасця і надзей» для вучняў прышкольнага лагера гімназіі № 7. Дзеці, здзейсніўшы падарожжа ў краіну прававых ведаў, даведаліся аб тым, якія правы мае дзіця і ці ёсць у яго абавязкі. Выканаўшы заданні па картках «Я паважаю тваё права...», школьнікі праверылі, наколькі ўважліва вывучылі свае правы.

  • Казачны летні дзянёк

    8 жніўня бібліятэка № 1 зноў запрасіла дзяцей у летнюю чытальную залу па вул. Даватара, 21. Юныя чытачы спачатку адказвалі на пытанні літаратурнай віктарыны «Казачны дзянёк», а затым заняліся папяровым мадэліраваннем. Хтосьці захацеў зрабіць прыгожую сабачку, а кагосьці зацікавіла незвычайная машынка

     
  • Кніжны двор

    8 жніўня на пляцоўцы каля бібліятэкі № 10 па вуліцы Пестрака, 36 працавала чытальная зала пад адкрытым небам «Кніжны двор», дзе дарослы чытач знаёміўся з перыядычнымі выданнямі, новымі кнігамі з камерцыйнага фонду бібліятэкі. Увазе юных чытачоў былі прадстаўлены маляўнічыя дзіцячыя выданні, бібліятэкары правялі з імі гульні-віктарыны «Вясёлыя казкі» і «Звяркі».

  • Вершы падымаюць настрой

    8 жніўня ў двары бібліятэкі № 2 па адрасе 2-гі завулак Белуша, 2 адбылася пазнавальна-забаўляльная праграма «Вершы падымаюць настрой». Дзеці абмеркавалі, што такое шчасце, а бацькі пагарталі кнігі аб тым, як вырасціць дзяцей шчаслівымі. Бібліятэкары расказалі, як вершы ўплываюць на эмацыйную сферу, за кошт чаго паляпшаюць настрой і чаму дзіцячыя вершыкі называюць пацешкамі, успомнілі самыя вядомыя з іх. У заключэнне адбылося гучнае чытанне з прыпынкамі народных небыліц і разважанні ўслых аб тым, чаму выдумка смешыць і радуе.

     

     
  • Літаратурны летні дворык

    Літаратурны летні дворык каля дзіцячай бібліятэкі № 8 у чарговую сераду 8 жніўня сустрэў сваіх чытачоў сонечным надвор’ем і добразычлівым настроем бібліятэкараў. Мінакі, дарослыя і дзеці, прысаджваліся на лавачку каля кніжнай і часопіснай выстаў пагартаць перыёдыку, пазнаёміцца з новымі дзіцячымі кнігамі і проста адпачыць. А за сталом, юныя мастакі на працягу дня стваралі калектыўную працу – «дамалюй малюнак» пад назвай «Мой горад Гродна».

  • Летам чытаем цікавыя кнігі

    7 жніўня ў бібліятэчным пункце № 1 у мікрараёне «Дзевятоўка» для дзяцей, якія адпачываюць у лагеры СШ № 32, праведзена літаратурная гульня «Летам чытаем цікавыя кнігі». Бібліятэкары запрасілі хлопчыкаў і дзяўчынак адправіцца ў дзіўную краіну казак. Падчас літаратурнай гульні дзеці з захапленнем разгадвалі казачныя загадкі, адказвалі на пытанні віктарыны «Адгадай героя казкі», удзельнічалі ў конкурсе «Ажыві малюнак», называлі казкі па ілюстрацыях. Завяршыла сустрэчу знаёмства з бібліятэчнымі кнігамі і часопісамі, а таксама правіламі карыстання і паводзінаў у бібліятэцы. Падводзячы вынік, удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы, што чытанне – гэта карысны і цікавы занятак.

     
  • Дзень аранжавага настрою

    Лета выходзіць на фінішную прамую... А так хочацца падоўжыць гэты выдатны час, захаваць сонечны настрой найдаўжэй. Таму 2 жніўня ў дзіцячай бібліятэцы № 5 «Дзень аранжавага настрою» даў старт аднайменнай акцыі, якая будзе праходзіць на працягу апошняга летняга месяца. Святочны настрой стваралі аранжавыя паветраныя шары і кветкі, якімі былі ўпрыгожаны і ўваход у бібліятэку, і памяшканне ўнутры. Увагу наведвальнікаў прыцягвае яркая выстава «Аранжаваевае лета. Аранжавая кніга. Аранжавы настрой», дзе падабрана літаратура па прынцыпе каляровай адпаведнасці. Усім наведвальнікам раздавалі закладкі і візітоўкі такога ж колеру. Сваім аранжавым настроем бібліятэкары падзяліліся з дзеткамі з дзіцячага садка № 40 і навучэнцамі з прышкольнага лагера гімназіі № 2. Вясёлыя конкурсы, займальныя гульні, жартоўныя віктарыны падарылі хлопчыкам і дзяўчынкам зарад бадзёрасці, пазітыву. А самыя маленькія госці з захапленнем малявалі крэйдай на асфальце лета такім, якім яны яго ўяўляюць. Ну і, вядома ж, усе ўдзельнікі атрымалі кропельку аранжавага настрою ў выглядзе салодкіх прызоў (здагадайцеся, якога колеру...)

  • Лета без суму

    Лета не перастае радаваць нас гарачымі днямі. Нягледзячы на спякотнае сонца, хлопчыкі і дзяўчынкі сабраліся 1 жніўня ў летняй чытальнай зале бібліятэкі № 1 па вул. Даватара, 21а. Юныя чытачы з задавальненнем знаёміліся з новымі часопісамі, адгадвалі загадкі і майстравалі кніжныя закладкі.

     
  • Прырода ў вершах

    1 жніўня ў двары бібліятэкі № 2 па адрасе 2-гі завулак Белуша, 2 адбылася пазнавальна-забаўляльная праграма «Прырода ў вершах – прыгажосць у вачах». Бібліятэкары распавялі мамам, чаму адносіны да прыроды з’яўляюцца прыкметай эстэтычнага і этычнага развіцця дзіцяці, з дзецьмі ўспомнілі як апісваецца прырода ў вершах, правялі конкурс вершаваных загадак пра поры года. У заключэнне адбылося гучнае чытанне з прыпынкамі вершаў пра сонца і разважанне ўслых пра тое, чаму сонца звязана з радасцю.

     

Дадатковая інфармацыя