Фільтр
  • Прыляціць раптам чараўнік

    30 лістапада ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка прайшоў дзень восеньскага імянінніка «Каравай, каравай, каго хочаш – выбірай!» для вучняў 3 «А» класа СШ № 6. Каб сабраць імянінны пірог, дзеці разам з клаўнэсай на вясёлым паравозіку адправіліся ў чароўную краіну. На прыпынках «Паветраны», «Танцавальны», «Песенны», «Здагадлівы» і «Крычалкіна» трэцякласнікі выконвалі заданні клаўнэсы і віншавалі імяніннікаў. Напрыканцы свята для імяніннікаў «спяклі» каравай, а сябры пачаставаліся смачнымі пірожнымі з сокам.

  • Нашы землякі

    29 лістапада ў бібліятэцы № 1 адбылося пасяджэнне клуба «Сябрына», на якое была запрошана гродзенская паэтка Людміла Шаўчэнка. Людміла Уладзіміраўна пазнаёміла слухачоў са сваімі творамі, напоўненымі цеплынёй і любоўю, прадставіла зборнік вершаў для дзяцей «Чаму звініць ручай»які нядаўна выйшаў у свет. Госця зарадзіла аўдыторыю пазітыўнай энергетыкай.

  • Шчаслівы выпадак

    29 лістапада ў бібліятэцы № 7 прайшла літаратурна-інтэлектуальная гульня «Шчаслівы выпадак» для вучняў 2 «Б» класа СШ № 7. Падчас гульні, прысвечанай літаратурным творам і казачным героям, тры каманды школьнікаў паказалі свае веды і змаглі прымяніць лагічнае мысленне. Другакласнікі хутка і лёгка адказалі на пытанні віктарын «Хто больш?» і «Адгадай героя», разгадалі крыжаванку. Электронная віктарына «Героі любімых кніг» дапамагла вызначыць лепшага знаўцу літаратуры ў класе.

  • Тэндэнцыі развіцця публічнай бібліятэкі

    Загадчыкі аддзелаў бібліятэчнага маркетынгу бібліятэк Гродзенскай вобласці наведалі 29 лістапада спецыяльную бібліятэку для інвалідаў па зроку і гарадскую бібліятэку № 6 у межах абласнога семінара «Тэндэнцыі развіцця публічнай бібліятэкі: рэаліі і патрэбы грамадства». У спецыяльнай бібліятэцы маркетолагі вобласці ўбачылі, як працуе тыфлаабсталяванне, пазнаёміліся з вынікамі інклюзіўных праектаў для невідушчых людзей, змаглі пратэсціраваць тактыльныя кнігі. У дзіцячай бібліятэцы № 6 загадчыца распавяла пра асноўныя формы і метады эфектыўнага ўзаемадзеяння дзіцячай бібліятэкі і ўстаноў адукацыі па папулярызацыі кнігі і чытання.

  • Да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам

    Гадзіна інфармацыі «СНІД: ведаць, каб жыць» прайшла 29 лістапада ў бібліятэцы № 4 для вучняў 9 «Б» класа СШ № 22. Супрацоўнікі бібліятэкі пазнаёмілі падлеткаў з гісторыяй узнікнення хваробы, распавялі аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў нашай краіне, аб спосабах распаўсюджвання і прафілактыкі інфекцыі. Тэматычны відэафільм «ВІЧ і СНІД» распавёў аб адной з найважнейшых праблем, якія стаяць перад чалавецтвам.

  • Чытаем беларускую кнігу

    27 і 28 лістапада ў бібліятэцы № 1 адбыўся бібліяграфічны агляд «Чытаем беларускую кнігу» для вучняў 2 «А» і «Б» класаў СШ № 18. Дзеці пазнаёміліся з беларускімі народнымі казкамі і легендамі, дзе мары і чараўніцтва пераплятаюцца разам. Пазнаёміліся з аўтарскай казкай Вольгі Караткевіч, Раісы Баравіковай, Паўла Ляхновіча. Адгадвалі загадкі Міхася Пазнякова, чыталі вершы Віктара Кудлачова са зборніка «Прывітанне, Гродна». Напрыканцы мерапрыемства дзеці паглядзелі мультфільмы па матывах беларускіх казак.

  • Справы сабачыя і кашачыя

    27 лістапада ўдзельнікі экалагічнага клуба «Мурашы» ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка змаглі праявіць не толькі сваю эрудыцыю, але і творчыя здольнасці. На чарговым пасяджэнні клуба ў бібліятэцы яны даведаліся цікавыя факты з жыцця братоў нашых меншых  катоў і сабак. А ў другой частцы мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі намалявалі сваіх гадаванцаў – Бублікаў і Мурак. А што з гэтага атрымалася, вы можаце ўбачыць самі на фатаграфіі.

  • Усё пра барбарысы

    26 лістапада ў клубе «Флора» ў гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка прайшла інфармацыйная гадзіна «Барбарысы: агляд сучасных гатункаў». Ішла гаворка пра відавую разнастайнасць барбарысаў і асноўныя прынцыпы догляду за імі. Абмеркавалі правілы кампаноўкі раслін у садзе.  Члены клуба падзяліліся ўласным вопытам вырошчвання барбарысу і іншых кустоў.

  • Свет бязмежных магчымасцяў

    На пасяджэнні клуба «Калейдаскоп» 23 лістапада ў бібліятэцы № 4 прайшоў вечар напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў «Свет бязмежных магчымасцяў». Супрацоўнікі бібліятэкі распавялі пра знакамітых людзей, для якіх інваліднасць не стала жыццёвай перашкодай. Удзельнікі клуба «Калейдаскоп» падрыхтавалі канцэртную праграму, вечар прадоўжыўся вясёлымі конкурсамі, танцамі і чаяваннем.

  • У Сонечным горадзе М. Носава

    21 і 23 лістапада ў дзіцячай бібліятэцы № 8 прайшло вясёлае літаратурнае мерапрыемства да 110-годдзя з дня нараджэння дзіцячага пісьменніка Мікалая Носава. Навучэнцы 4-х класаў гімназіі № 5 сустрэліся з героямі твораў Носава: вядомымі – у кароткаметражных фільмах «Агуркі», «Жывы капялюш», «Мішкіна каша», невядомымі – з аўдыяапавяданняў «Латка», «Фантазёры», «На горцы». Падчас мерапрыемства гулялі ў інтэрактыўную віктарыну па творчасці аўтара, адгадвалі назвы твораў па эпізодах, адказвалі на бліц-пытанні па апавяданнях, з літар складалі імёны каратышак з кветкавага горада, і сустрэліся з галоўным героем выдатнай трылогіі – Нязнайкам, які павёў іх у казачны горад маленькіх чалавечкаў. Заключны тэст па творчасці любімага пісьменніка паказаў выдатныя веды твораў Мікалая Носава.

  • Белы кій – 2018

    24 лістапада ў Канцэртнай зале ДУ «Цэнтр культуры г. Гродна» адбыўся VII абласны адкрыты інтэлектуальны турнір «Белы кій-2018». У бягучым годзе турнір быў арганізаваны супрацоўнікамі аддзела бібліятэчнага  маркетынгу ГЦБ імя А. Макаёнка і спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку пры падтрымцы калег Цэнтра культуры г. Гродна і клуба «Высокі волак» (г. Ваўкавыск). На турнір прыехалі 15 каманд з Гродна і Ваўкавыска, у тым ліку 6 дзіцячых каманд. Як звычайна ў інклюзіўным турніры спаборнічалі інтэлектуалы, надзеўшы чорныя павязкі на вочы, у чатырох конкурсах: «Медыя-азбука», «6*6», «Што? Дзе? Калі?» і «Тыфлакіно». Уладальнікам кубка турніру ў другі раз стала гродзенская каманда SMART. Сярод дзіцячых каманд лепшай прызнана каманда «Індэвар», якая трэніруецца пры Гродзенскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Паспяхова справілася з заданнямі і каманда «Разумнікі», якая трэніруецца пры спецыяльнай бібліятэцы, заваяваўшы другое і трэцяе месцы ў двух этапах турніру. Дыпломы і прызы пераможцам прадастаўлены Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай г. Гродна. А канцэртныя нумары падрыхтаваны калектывамі Цэнтра культуры горада.

  • Сузор’е казак Андэрсана

    На працягу тыдня ў бібліятэцы № 7 для паралелі 3-х класаў СШ № 7 праводзіліся віктарыны па творчасці Х.К. Андэрсана. Для кожнага класа была падрыхтавана індывідуальная праграма з улікам прачытаных твораў і агульнага ўзроўню развіцця дзяцей. Усе паказалі добрыя веды пры адказах на пытанні віктарын, а асаблівае натхненне выклікала рашэнне крыжаванак у канцы кожнага занятка.

  • Палеская ластаўка

    Яўгенія Янішчыц… «Палеская ластаўка», «Палесся мілае дзіця», «Палеская летуценніца» – так называлі гэтую выдатную паэтку, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў. 22 лістапада ў бібліятэцы № 9 прайшла гадзіна паэзіі «Вольная птушка з Палесся» да 70-годдзя з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц. Падчас мерапрыемства навучэнцы каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайна пазнаёміліся з біяграфіяй і творчасцю паэтэсы,паслухалі яе вершы. Успаміны вядомых пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў дапамаглі маладым людзям убачыць у паэтэсе прыгожую жанчыну, улюблёную ў роднае Палессе, родную мову.

  • Вітаем вас!

    21 лістапада ў бібліятэцы № 10 праходзіла акцыя, прысвечаная Сусветнаму дню прывітанняў «Вітаем Вас!». Удзел у ёй прымалі юныя наведвальнікі бібліятэкі, якія даведаліся не толькі пра гісторыю гэтага свята, але і пра тое, як людзі вітаюць адзін аднаго ў розных краінах. Дзеці паказалі свае веды ў галіне мовы і этыкету. Ім было прапанавана намаляваць і выразаць сваю далоньку на аркушы паперы і напісаць на ёй слова-прывітанне на любой вядомай мове. За стараннасць і ўдзел кожны атрымаў часцінку добрага настрою – паветраны шарык і салодкі пачастунак.

  • Прагулкі па літаратурным Гродне

    22 лістапада ў віртуальнае падарожжа «Прагулкі па літаратурным Гродне» разам з супрацоўнікамі бібліятэкі № 2 адправіліся вучні 7 «Б» класа СШ № 11. Школьнікі пазнаёміліся з творчасцю пісьменнікаў, якія жылі і працавалі ў горадзе, прайшлі па вуліцах, названых у іх гонар. Наведалі дом-музей Элізы Ажэшкі і музей Максіма Багдановіча. Адказалі на пытанні краязнаўчай віктарыны і паслухалі ўрыўкі з аповесці В. Быкава «Дажыць да світання» з апісаннем даваеннага Гродна.

  • Не прывыкай да шкоднага!

    20 лістапада ў бібліятэцы № 10 сумесна з аддзелам грамадскага здароўя Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі для вучняў 8 класа СШ № 26 прайшоў урок здароўя пра шкоду курэння «Не прывыкай да шкоднага!». Перад падлеткамі выступілі спецыялісты цэнтра – валеолаг і псіхолаг, якія даступна распавялі пра шкоду курэння, яго ўплыў на здароўе арганізма, правялі практыкаванні-трэнінгі і пазнавальныя гульні, паказалі прафілактычныя відэаролікі. Кожнаму вучню для замацавання атрыманай інфармацыі ўручылі прафілактычную літаратуру. Урок атрымаўся лёгкім і запамінальным.

  • Казка пра вернасць і гонар

    Пра годнасць, стойкасць, высакароднасць, вернасць разважалі члены клуба «Чытайка» ў бібліятэцы № 7 22 лістападааналізуючы казку Х.К. Андэрсана «Стойкі алавяны салдацік». Заняткі праходзілі актыўна і эмацыйна, спрыялі развіццю мовы дзяцей і выхаванню добрых якасцяў.

  • Па сакрэце ўсяму свету

    22 лістапада ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка прайшла літаратурная гадзіна па творчасці В. Драгунскага «Па сакрэце ўсяму свету». Перш, чым пазнаёміцца з біяграфіяй і творчасцю Драгунскага, вучні 2 «А» класа СШ № 6 паразважалі на тэму: для чаго патрэбна кніга і чытанне, пазнаёміліся з прыказкамі і прымаўкамі пра кнігу. Затым з дапамогай электроннай прэзентацыі даведаліся пра жыццё пісьменніка, яго вясёлыя і павучальныя апавяданні «Ён жывы і свеціцца», «Тайнае становіцца яўным», «Кот у ботах», «Роўна 25 кіло». Паглядзелі ўрывак з фільма  «Дзе гэта бачалі, дзе гэта чулі» і палюбілі галоўных герояў апавяданняў і фільма Дзяніску Караблёва і Мішку Слонава. У канцы сустрэчы бібліятэкар прапанавала дзецям зрабіць выбар: калі было весела – намаляваць вясёлы смайлік, а калі не спадабалася – сумны. Ва ўсіх дзяцей малюнкі атрымаліся вясёлыя і кожны пайшоў дадому з кнігай Віктара Драгунскага.

  • Казачны куфэрак

    20 лістапада ў дзіцячай бібліятэцы № 5 пабывалі вучні 2 «В» класа СШ № 18. Літаратурны калейдаскоп «Чароўны казачны куфэрак» дапамог дзецям успомніць вядомыя ім казкі, а таксама даведацца пра тыя, якія яны яшчэ не чыталі.

  • Да юбілею казкі В. Віткі

    21 лістапада супрацоўнікі бібліятэкі № 3 правялі для вучняў 2 «Б» класа СШ № 37 літаратурную гадзіну па казцы Васіля Віткі «Вавёрчына гора», прысвечаную 70-годдзю з дня выхаду твора. Школьнікі адгадвалі загадкі, рашалі крыжаванку, расшыфроўвалі тэлеграму. Пасля падвядзення вынікаў вучні атрымалі прызы.

  • Агонь – сябар

    21 лістапада ў бібліятэцы № 7 прайшла гадзіна карыснай інфармацыі «Агонь – сябар, агонь – вораг!» для выхаванцаў дзіцячага сада №77. Дашкольнікі пазнаёміліся з асноўнымі правіламі абыходжання з агнём. Падчас мерапрыемства дзеці паўдзельнічалі ў дыдактычнай гульні «Гарыць, не гарыць», правялі эксперыменты з агнём, а паглядзеўшы мультфільм «Смяшарыкі. Азбука бяспекі», даведаліся, што рабіць у выпадку, калі раптам загарэліся электрапрыборы.

  • Сустрэча з выдавецтвам «Рэгістр»

    20 лістапада ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка адбылася сустрэча з Валерыяй Фамінавай, аўтарам рамана «Гэта», і PR-менеджарам выдавецтва «Рэгістр» Аленай Таратушкінай. Гутарка з сучасным беларускім пісьменнікам, пераможцам пятага сезону конкурсу «Першая глава» (выдавецтва «Рэгістр»), чытанне аўтарскіх вершаў, а таксама выкананне песень уласнага сачынення (Валерыя з’яўляецца музычным прадзюсарам і аўтарам многіх вядомых песень) – усё гэта састаўныя добра пабудаванай рэкламнай кампаніі, арганізаванай сталічным выдавецтвам. Валерыя – не толькі пісьменніца, але і аўтар тэкстаў і музыкі песень, выкананых як вядомымі беларускімі вакалістамі, так і юнымі маладымі талентамі, музычны педагог. А яшчэ яна займаецца з дзеткамі-аўтыстамі, распрацавала ўласную праграму музычнай тэрапіі, якая дапамагае асаблівым дзецям сацыялізавацца. Падчас сустрэчы можна было набыць раман і іншыя кнігі «Рэгістра» па выдавецкіх цэнах, узяць аўтограф у аўтара і сфатаграфавацца на памяць.

  • Люблю свой край

    20 лістапада ў бібліятэцы № 1 адбылася пазнавальная гадзіна «Люблю я край свой» для выхаванцаў дзіцячага сада № 24. Дзеці здзейснілі віртуальнае падарожжа па горадзе: пабывалі на Савецкай плошчы, прагуляліся па вуліцах і парках Гродна, зазірнулі ў заапарк. Падчас мерапрыемства чыталі вершы Віктара Кудлачова са зборніка «Прывітанне, Гродна!».

  • Вясёлкавая краіна

    20 лістапада ў бібліятэку № 3 прыходзілі выхаванцы дзіцячага сада № 46.  Наведалі «Вясёлкавую краіну», пазнаёміліся з вясёлкавымі зайчыкамі, адказалі на пытанні віктарыны па казках, намалявалі чароўную палянку, паглядзелі мультфільмы пра вясёлку і залаты куліч. Пайшлі з вясёлкавым жаданнем сябраваць і зноў прыйсці ў бібліятэку  – «чароўную краіну».

  • Бібліятэрапія

    Кожную пятніцу ўвечары дзіцячая бібліятэка № 5 гасцінна расчыняе дзверы перад вучнямі 5-6-х, 8-11-х класаў Гродзенскай дапаможнай школы № 1. Тэматыка гэтых сустрэч самая разнастайная. 9 лістапада гутарылі аб правілах дарожнага руху, дзе дзеці паказалі свае веды па асновах бяспекі. 16 лістапада адбылася інфармацыйная гадзіна «Азбука здароўя». Размова ішла аб неабходнасці выканання правілаў асабістай гігіены і распарадку дня, аб рацыянальным харчаванні і іншых карысных і патрэбных рэчах. Дзеці з задавальненнем адгадвалі загадкі, слухалі вершы, але найбольшую цікавасць выклікалі тэматычныя відэаролікі і мультфільмы.

  • З гісторыі праваслаўя на Гродзеншчыне

    18 лістапада ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка ўпершыню адбыліся краязнаўчыя чытанні «З гісторыі праваслаўя на Гродзеншчыне», прысвечаныя Году малой радзімы. Адкрыла мерапрыемства выступленне хору Свята-Уладзімірскага прыходу. Протаіерэй Аляксандр Велісейчык распавёў пра абразы святапакутнікаў у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы г. Гродна. У сваім выступе «Антырэлігійная агітацыя ў раённай і абласной прэсе ў перыяд хрушчоўскіх ганенняў» іерэй Васіль Татарчук закрануў тэму падзей, якія адбываліся на Гродзеншчыне ў сярэдзіне ХХ-га стагоддзя. Пра значны ўнёсак вядомага музыканта Р. Шырмы ў культурнае жыццё горада ішла размова ў выступе прафесара Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча «Рыгор Шырма – беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, музыказнаўца. Гродзенскі перыяд працы». Завяршыліся чытанні выступам «Пытанні веры ў творы В. Быкава “Знак бяды”», у якім гісторык Васіль Герасімчык нагадаў пра высокадухоўны пачатак у творах Васіля Быкава. Арганізатары мяркуюць, правядзенне падобных чытанняў стане добрай традыцыяй у бібліятэцы.

  • Як знайсці сваё прызванне

    16 лістапада ў бібліятэцы № 2 прайшла гадзіна карысных парад «Як знайсці сваё прызванне». Для членаў клуба «Алхімія поспеху» астролаг Людміла Пагажэльская распавяла пра асноўныя крытэрыі паспяховай асобы, патлумачыла, чаму нельга адмаўляцца ад смелых жаданняў, імкненняў і як рэалізаваць сябе ў жыцці. З дапамогай міні-тэстаў і практычных заданняў кожны вызначыў свае таленты і здольнасці.

  • Прававы ключык-2

    16 лістапада напярэдадні Сусветнага дня дзіцяці ў бібліятэцы № 10 для навучэнцаў гімназіі № 9 была праведзена інфарміна «Прававы ключык». Дзеці даведаліся гісторыю ўзнікнення гэтага свята, паглядзелі відэаролік, у якім дзіцячыя правы паказаны з дапамогай казкі. Школьнікам было прапанавана самастойна знайсці ў казках і часопісах прыклады абароны дзіцячых правоў, некаторыя хлопчыкі і дзяўчынкі атрыманыя веды адлюстравалі ў сваіх малюнках.

  • Курыць або не курыць?

    Трэці чацвер лістапада – Міжнародны дзень адмовы ад курэння. Да гэтай даты 15 лістапада ў бібліятэцы № 9 тройчы быў праведзены ўрок здароўя «Курыць або не курыць?». На ім прысутнічалі навучэнцы ліцэя № 1, студэнты каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну і політэхнічнага каледжа. Пазнавальная віктарына, крыжаванка, урыўкі з мастацкіх твораў, пераканаўчыя лічбы і прыклады зрабілі мерапрыемства не толькі карысным, але і цікавым. Некаторыя студэнты пагадзіліся прайсці тэст Фагерстрэма на выяўленне нікацінавай залежнасці.

  • Школьныя гісторыі

    15 лістапада ў бібліятэцы № 10 прайшла літаратурная гадзіна «Школьныя гісторыі» для членаў клуба «Мазаіка».  Дзеці паўдзельнічалі ў гульнях «Збяры партфель», «Палічы і размалюй», «Наборшчык», пазнаёміліся з гісторыяй паходжання школьных прылад, даведаліся, якія раней былі адзінкі вымярэння, самі паспрабавалі вымераць стужку «локцямі». Напрыканцы падвялі вынікі мерапрыемства і здалі «Вясёлы экзамен» з адзнакай «выдатна».

  • Вітаміны і я – верныя сябры

    15 лістапада ў бібліятэцы № 2 для вучняў 7 «А» класа СШ № 11 прайшла гульнявая праграма «Вітаміны і я – верныя сябры».  Бібліятэкары распавялі пра асноўныя групы вітамінаў, іх ролю ў харчаванні чалавека. З дапамогай загадак і конкурсаў школьнікі даведаліся пра прадукты, якія змяшчаюць карысныя рэчывы і пра хваробы чалавека пры іх адсутнасці ў рацыёне. Віктарына «Знаўцы літаратуры» дапамагла ўспомніць творы, у якіх сустракаюцца назвы агародніны і садавіны.

  • У палоне шкодных звычак

    15 лістапада ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка адбылася гутарка «Цвярозы погляд на жыццё» з вучнямі 5 «А» класа СШ № 6. Спачатку бібліятэкар распавяла дзецям пра гісторыю з’яўлення тытуню, алкаголю, наркотыкаў і іх уздзеянне на арганізм чалавека. Затым хлопчыкі і дзяўчынкі паглядзелі відэаролік «Шкодныя звычкі» і адказалі на пытанні віктарыны «У палоне шкодных звычак». У канцы мерапрыемства з дапамогай малюнкаў адлюстравалі сваё стаўленне да здаровага ладу жыцця.

  • Алесь Белакоз і яго свет

    14 лістапада ў адкрытым інтэлектуальным клубе «Паходня ісціны» Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка адбылася вечарына памяці «Алесь Белакоз і яго свет». Алесь Мікалаевіч Белакоз – стваральнік і першы дырэктар знакамітага Гудзевіцкага літаратурна-этнаграфічнага музея. Аб працы выдатнага беларускага педагога, краязнаўца, музеязнаўца, заслужанага работніка культуры Беларусі апавядалі прафесар Аляксей Пяткевіч, пісьменніца і літаратуразнаўца Ала Петрушкевіч, гісторык Віталь Карнялюк, краязнаўца Алесь Госцеў. Алесь Міхайлавіч Пяткевіч у сваім выступе падкрэсліў, што жыццё Алеся Белакоза было подзвігам, поўнае драматычных выпрабаванняў. Кадры з дакументальных відэафільмаў далі магчымасць яшчэ раз сустрэцца з асобай нястомнага рупліўца, падзвіжніка беларускай культуры.

  • У бібліятэку на сустрэчу з казкай

    Экскурсія ў бібліятэку № 4 «Падарожжа ў кніжнае царства» прайшла 15 лістапада для выхаванцаў дзіцячага сада № 54. Дзеці даведаліся пра тое, дзе і як захоўваюцца кнігі, як можна запісацца ў бібліятэку. Яны паслухалі казку «Сабака і воўк», пагарталі кнігі і дзіцячыя часопісы з яркімі малюнкамі, паглядзелі мультфільм «Хто сказаў “Мяу”?».

  • Экскурсія ў «Лялечны дом»

    14 лістапада ў бібліятэку № 3 прыйшлі вучні 2-га класа СШ № 20 на экскурсію ў музейны пакой «Лялечны дом». Дзеці пазнаёміліся з экспанатамі ручной работы, адказалі на пытанні віктарыны і сваімі рукамі ўпрыгожылі загатоўку свінкі і катка з тканіны.

  • Аўтамабіль, дарога, пешаход

    13 лістапада ў бібліятэцы № 1 для выхаванцаў дзіцячага сада № 28 была праведзена мультымедыйная гульня «Аўтамабіль, дарога, пешаход». Малышы пазнаёміліся з асноўнымі правіламі паводзін на дарозе, адгадалі загадкі і паўдзельнічалі ў конкурсе «Назаві знак». Мерапрыемства закончылася тэматычным праглядам дзіцячых часопісаў і кніг.

  • Якую вопратку нам дорыць прырода

    13 лістапада ўдзельнікі экалагічнага клуба «Мурашы» ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка даведаліся, як вырабляюць ніткі і тканіну. Бо лён, бавоўна, шоўк, поўсць шчодра дорыць нам прырода. А колькі працы і цярпення патрэбна жанчынам, каб выткаць нават просты дыван. Хлопчыкі і дзяўчынкі пераканаліся ў гэтым на ўласным вопыце. Затое якія прыгожыя сурвэткі ў іх атрымаліся!

  • Краязнаўчая дзейнасць бібліятэк: вопыт і перспектывы

    13 лістапада ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А.  Макаёнка адбыўся круглы стол, на якім галоўнай тэмай для абмеркавання стала краязнаўчая дзейнасць бібліятэк. Пытанні, вынесеныя для абмеркавання ў межах круглага стала «Краязнаўчая дзейнасць бібліятэк: вопыт і перспектывы» тычыліся друкаваных краязнаўчых выданняў і генерацыі электронных краязнаўчых рэсурсаў у гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка. Супрацоўнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна падзяліліся вопытам стварэння сацыяльных краязнаўчых праектаў, арыентаваных, у першую чаргу, на невідушчых людзей. Ішла гаворка і аб рабоце аматарскіх аб’яднанняў у бібліятэцы як сродку папулярызацыі гісторыі роднага горада. Пра вопыт супрацоўніцтва бібліятэк з рэгіянальным выдавецтвам распавялі бібліятэкары і галоўны рэдактар выдавецтва «ЮрСаПрынт». У перапынках паміж выступамі дэманстравалася візуальная рэклама краязнаўчых кніг, выкананая спецыялістамі ЦБС г. Гродна. У працы круглага стала прынялі ўдзел загадчыкі філіяламі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна, бібліятэкары публічных бібліятэк і адукацыйных устаноў Гродна.

  • Урок розначытання

    12 лістапада ў рамках месячніка «Чалавек з белым кіем» на ўрок розначытання ў спецыяльную бібліятэку для інвалідаў па зроку прыйшлі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Гродна. Гісторыя жыцця стваральніка пісьменства для сляпых Луі Брайля, пісьмо і чытанне па Брайлю, прылада для пісьма, гаворачыя кнігі, электронная лупа, тактыльныя кнігі, праца на камп’ютары – усё выклікала жывую цікавасць у гасцей бібліятэкі. А самае яркае і цёплае ўражанне пакінула калекцыя тактыльных кніг «Цёплыя кнігі».

  • Урокі здароўя для вялікіх і маленькіх

    Інфармацыйна-пазнавальную гадзіну «5 урокаў здароўя для вялікіх і маленькіх» правялі 10 лістапада ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка. Падчас гутаркі бацькі і дзеці даведаліся сакрэты, якія трэба ведаць, каб заставацца здаровымі; як звычкі ўплываюць на наша здароўе, характар; як выпрацаваць у сабе добрыя звычкі і пазбавіцца ад шкодных? Дзеці з вялікім задавальненнем разгадвалі загадкі-рыфмы пра здаровы лад жыцця і харчаванне, выконвалі практыкаванні падчас музычнай фізкультхвілінкі. Замацаваць карысныя веды дапамаглі відэаролікі «Гаючая сіла траў» і «Дзесяць прыродных антыбіётыкаў».

  • Знакамітыя людзі Гродна

    9 лістапада ў гродзенскім яўрэйскім абшчынным доме «Менора» прайшла інфармацыйная гадзіна «Знакамітыя людзі Гродна». Удзельнікі мерапрыемства з цікавасцю праслухалі інфармацыю, падрыхтаваную супрацоўнікамі гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка, аб асобах, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нашага горада і чыімі імёнамі названы вуліцы Гродна. Гэта і А. Дубко, В. Крамко, А. Антонаў, Л. Бакст, Л. Найдус і іншыя. Асаблівую эмацыйную афарбоўку гутарцы дадала мультымедыйная прэзентацыя.

  • Яны зімуюць побач з намі

    9 лістапада ў бібліятэцы № 7 прайшла гадзіна экалогіі «Яны зімуюць побач з намі» для вучняў 3 «Б» класа СШ № 7. Бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з рознымі відамі птушак, якія жывуць у нашай краіне, распавяла пра кармленне птушак зімой. Затым дзеці замацавалі свае веды з дапамогай віктарыны «Я ведаю птушак!» і гульні «Прыляцелі птушкі».

  • Падарожжа ў Казкіна

    На працягу восеньскіх школьных канікул бібліятэка № 10 прымала гасцей. У гэтыя дні многія дзеці, якія наведвалі прышкольныя лагеры ў СШ № 26 і ў гімназіі № 9, не толькі пазнаёміліся з бібліятэкай і працай бібліятэкара, але і паўдзельнічалі ў гульнявых мерапрыемствах, прысвечаных казцы: адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні, гулялі ў развіваючыя гульні, малявалі любімага казачнага героя, глядзелі павучальныя відэа пра бібліятэку. За старанне і актыўнасць удзельнікам былі ўручаны салодкія прызы. Школьнікі зарадзіліся станоўчымі эмоцыямі і добрым настроем, і гатовыя прыступіць да заняткаў з новымі сіламі.

  • Мудрасць казкі

    і 6 лістапада ў бібліятэцы № 1 сустракалі выхаванцаў дзіцячага сада № 37. Тут для іх была праведзена гульнявая праграма «Мудрасць старой казкі». Малышы ўдзельнічалі ў гульнях «Даскажы слоўца», «Адгадай казку», «Знайдзі героя», а таксама ў конкурсах «Тэлеграмы», «Чароўны куфар». А завяршаліся мерапрыемствы праглядам урыўкаў з любімых мультфільмаў з песенькамі, якія дзеці весела падпявалі.

  • Злакі ў дызайне саду

    5 лістапада ў клубе «Флора» гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка адбыўся відэаўрок «Злакі ў дызайне саду». Удзельнікам сустрэчы распавялі аб відавай разнастайнасці злакаў, аб асноўных прынцыпах догляду і размнажэння. Члены клуба абмеркавалі асноўныя правілы кампаноўкі злакаў у садзе, іх спалучэнне з іншымі відамі раслін. Быў прадстаўлены відэаматэрыял аб магчымых варыянтах дызайну саду. Удзельнікі падзяліліся вопытам вырошчвання злакавых культур на сваіх участках.

  • Гарошыны для прынцэсы

    Дзеці з прышкольнага лагера гімназіі № 5 прыйшлі 5 лістапада ў бібліятэку № 8, каб паўдзельнічаць у квэсце «Сем гарошын для прынцэс». Удзельнікі патрапілі ў свет казкі і рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб вызваліць ад вядзьмарства сем казачных «прынцэс»: адгадвалі рэбусы, крыжаванкі, выконвалі складаныя інтэлектуальныя заданні, перамагалі ў гульнях і конкурсах. У атмасферы чараўніцтва паспяхова пераадолелі ўсе цяжкасці, а з «прынцэс» знялі чары.

  • Самыя-самыя

    1, 2 лістапада ў бібліятэцы № 9 пабывалі вучні прышкольнага лагера гімназіі № 5. Для іх быў падрыхтаваны бібліяграфічны агляд серыі кніг «Самыя-самыя». Дзеці даведаліся пра беларускае дрэва-старажыл Цар-дуб і пра самыя незвычайныя дрэвы свету, пра самыя значныя азёры Беларусі, самую вялікую і маленькую птушку ў нашай краіне, самага буйнага драпежніка лесу.

  • Формула здароўя

    2 лістапада ў дзіцячай бібліятэцы № 8 адбылася гутарка пра здаровы лад жыцця з вучнямі 5 класа гімназіі № 5. Гаварылі пра галоўныя фактары: рух, харчаванне, рэжым дня, загартоўванне, пра звычкі карысныя і шкодныя. Дзеці дзяліліся ведамі пра тое, як трэба клапаціцца пра сябе, каб расці моцнымі і здаровымі, распавядалі пра свае спартыўныя дасягненні. З цікавасцю ўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні «Падарожжа ў горад здароўя», адгадвалі крыжаванку, складалі прыказкі і прымаўкі, тлумачылі іх значэнне, расшыфроўвалі тэкст пра здароўе, паглядзелі псіхалагічны мультыплікацыйны фільм пра наркотыкі.

  • Па лабірынтах права

    2 лістапада ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка вучні, якія адпачываюць у прышкольным лагеры СШ № 6, пабывалі на інфармацыйнай гадзіне «Па лабірынтах права». Дзеці пазнаёміліся з Канвенцыяй аб правах дзіцяці, удзельнічалі ў гульні «Мае правы», замацавалі атрыманыя веды паглядзеўшы мультфільм «Смяшарыкі – Азбука правоў».

  • Авантюрист, талантище, пророк

    Гадзіна мастацтва «Авантюрист, талантище, пророк», прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Кузьмы Пятрова-Водкіна прайшла 1 лістапада на пасяджэнні клуба «Кнігалюб» у бібліятэцы № 4. Творы мастака былі не толькі адлюстраваннем сучаснасці, але і прадказвалі будучыню. Кузьма Пятроў-Водкін быў вельмі таленавітым чалавекам і займаўся не толькі жывапісам, але і керамікай, стварэннем дэкарацый для тэатра і літаратурнай творчасцю. Дакументальны фільм «Кузьма Пятроў-Водкін. Сусвет мастака» распавёў пра ўнікальнага чалавека, які выклікаў лютае супрацьстаянне меркаванняў – ад захапляльных ухваленняў да пагардлівых кпінаў.

  • Залатая восень

    1 лістапада ў аддзеле абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А. Макаёнка прайшла пазнавальная гадзіна з майстар-класам «Залатая восень» для вучняў СШ № 19, якія адпачываюць у прышкольным лагеры.  Бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з гісторыяй, прыкметамі восеньскіх месяцаў, легендамі пра дрэва рабіну і кветку вяргіню. Затым усё дружна адгадвалі загадкі пра восень і агародніну, адказвалі на пытанні віктарын «Лясная паляна» і «Загадкі мудрага філіна». Пасля дзеці паказалі творчыя здольнасці, змайстраваўшы з восеньскага лісця ільва, вожыка, матылька. Сустрэча скончылася праглядам і ацэнкай дзецьмі кожнай працы і фотаздымкам на памяць.

  • Батанічная класіфікацыя раслін

    29 кастрычніка ў гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка адбылося чарговае пасяджэнне клуба «Флора». Тэма сустрэчы – «Батанічная класіфікацыя раслін». Госцем клуба быў доктар біялагічных навук, загадчык кафедры батанікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Созінаў Алег Віктаравіч. Удзельнікам сустрэчы расказалі аб відавай разнастайнасці раслін, аб асноўных прынцыпах батанічнай класіфікацыі. Абмеркавалі сістэматычныя прыкметы раслін, асаблівасці догляду, абрэзкі раслін. Алег Віктаравіч адказаў на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы.

  • Вацлаў Ластоўскі і Гародня

    30 кастрычніка ў адкрытым інтэлектуальным клубе «Паходня ісціны» Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка адбылося гістарычнае падарожжа «Вацлаў Ластоўскі і Гародня». Вацлаў Ластоўскі быў не толькі грамадска-палітычны дзеяч, але і таленавіты мовазнаўца, літаратуразнаўца, гісторык, этнограф, пісьменнік, публіцыст. Вацлаў Ластоўскі – адзін з першых акадэмікаў АН БССР, яе неадменны сакратар  у 1928-1929 гадах. Ён – аўтар першай «Гісторыі Беларусі» напісанай для беларусаў на роднай мове. Пра шматгранную дзейнасць беларускага патрыёта, апантанага даследчыка, штрыхі сутыкнення яго з нашым горадам распавёў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Віталь Карнялюк. Цікавыя моманты з жыцця беларускага асветніка ўзгадаў прафесар Купалаўскага ўніверсітэта Аляксей Пяткевіч. Пра літаратурную спадчыну Вацлава, яго ўплыў на станаўленне наступнікаў-пісьменнікаў гаварыла знаная беларуская літаратуразнаўца Ала Петрушкевіч.  

  • Чароўны гадзіннік

    30 кастрычніка ў бібліятэцы № 8 школьнікі з дзіцячага аздараўленчага лагера «Ералаш» сталі ўдзельнікамі гадзіны цікавых паведамленняў «Чароўны будзільнік». Пазнаёміліся з самым неабходным у жыцці прыборам – гадзіннікам: сонечным, вадзяным, пясочным, жывым, кветкавым. З цікавасцю праслухалі казку пра чароўны гадзіннік, у многіх дзяцей з’явілася жаданне расказаць пра цікавыя гадзіннікі, якія знаходзяцца ў доме іх бабуль і дзядуляў, а таксама пра тыя, якія яны бачылі падчас сваіх падарожжаў.

Дадатковая інфармацыя